Выбрать главу
* * *

Ідучы з работы, ужо зусім у прыцемкі, Кулеш з гуменнае дарогі, азіраючыся, зайшоў да Галі ў двор. У хаце не было святла, адчынены варотцы на вуліцу. Кулеш прайшоў па двары. Ён адчуваў, што яна не спіць, што павінна чуць, як ён ходзіць па двары. Потым падышоў, узяўся за клямку. Дзверы былі замкнуты з сярэдзіны на засаўку. Ян адпусціў язычок, і ў начной цішыні коратка металічна грукнула клямка. I больш ні шолаху, ні гуку. Грукаць Ян не адважыўся. Чаго грукаць і што гаварыць? Ён і сам не ведаў. Стаяў пасярод двара, нібы на нешта спадзяваўся. Падумалася, што Галя ўсё ж пакліча яго. Яна не паклікала. Ён выйшаў на вуліцу, зачыніў за сабой варотцы, зашчапіў іх.

Дома ў хаце гарэла святло. Ісці ў хату не хацелася. Прысеў на лавачцы на дварэ і адчуў, які стомлены, які стары, як баліць усё цела. Не хацелася нават пальцам паварушыць. Здалося, што ён стары-стары, жыве невядома колькі. Не хватала яшчэ на ноч жончынага ляманту і крыку.

А яна, мабыць, пачула, грукнулі дзверы з сянец, прачыніліся дзверы з веранды.

— Ідзі вячэраць, Ян, — паклікала маці, як і звычайна.

— А дзе яна?

— Паехала ўпрочкі.

— Слава богу! Што яна з Галяй зрабіла?

— Жанкі казалі, твар кіпцюрамі абадрала, кофтачку парвала. От дажылася я на старасць год да сараматы! От дажылася! Трэба ж табе, старому чалавеку!..

Старая Люба выцерла ражком хустачкі вочы.

— Ідзі вячэраць. Заўтра на работу.

Па-старэчаму цяжка Ян устаў, доўга мыў рукі пад кранам, потым вячэраў. Жаваў сілком і не адчуваў ніякага смаку. I не мог зразумець — да чаго гэта ён дажыўся.

15

— Васіль Сямёнавіч, чэпэ, — Радзюк увайшоў у кабінет і забыў зачыніць за сабой дзверы.

— ТІТто такое? Што здарылася?

Па тым, які рашучы быў партыйны сакратар, Мяцельскі паверыў, што нешта здарылася і сапраўды.

— Вось. 3 рэзалюцыяй. Тэрмінова разабрацца і строга пакараць.

Радзюк падаў змацаваныя скрэпкай паперы.

Пісьмо Мар’я пісала не адна, з памочнікамі. У ім было і пра тое, які некалі добры чалавек быў Кулеш, і пра тое, як ён глядзеў дзяцей, жонку, пакуль гэтая — тут Мар’я абзывала суперніцу ўсякімі словамі — звяла чалавека. А цяпер жонка вымушана жыць не ў сваёй хаце, больш у дачкі ў горадзе. Камуніст дакаціўся да таго, што ўжо пры людзях, на вуліцы, ледзь не забіў яе насмерць. Таму партыя павінна разабрацца і паставіць яго на сваё месца. Да заявы прыкладалася медыцынская даведка.

У верхнім вугалку хуткім і акуратным почыркам сакратара райкома была напісана рэзалюцыя. «Тэрмінова разабрацца, строга пакараць і паведаміць». I подпіс: «Ігнатава».

Мяцельскі адкінуў ад сябе паперы:

— Знайшоў мне чэпэ! Я думаў, на таку што ці ў полі. Каб большага чэпэ ў нас не было.

— Я думаю, што створым камісію, — пачаў Радзюк, і Мяцельскі ўзарваўся:

— Якую яшчэ камісію! Уборка: жніво ідзе! А тут мужык жонку адлупіў. Яе, на добры лад, даўно трэба было правучыць. Ты гэтага не знаеш, я знаю, усе знаюць. А з чым разабрацца? У Куляша, можа, ужо, таго, і моцы няма штонебудзь бабе зрабіць.

— Як?

— А гэтак, як на старасць бывае.

— Дык што нам, яго на камісію адпраўляць?

— Адпраў.

— Няма ж такіх камісій…

— Затое спяцоў пісаць рэзалюцыі і выконваць хапае! Ладна, збірай партыйнае бюро. I без усякіх мне там расследаванняў і камісій. Другім пытаннем стаў гэтае, асабістае. А першае — аб ходзе жніва.

— Зразумела, Васіль Сямёнавіч, — Радзюк упарта паглядзеў на Мяцельскага, і ягонае «зразумела» мела свой сэнс. Але Мяцельскі прытварыўся, што не адчуў гэтага, апусціў вочы ў паперы і не падняў галавы, пакуль парторг не выйшаў з кабінета.

Пасля абеду і на мехдвары, і ў канторы ўжо вісела аб’ява пра паседжанне партыйнага бюро. Першым стаяла пытанне аб ходзе ўборкі. Другім — асабістая справа камуніста Куляша I. I. На падрыхтоўку дадзена было толькі два дні. Радзюк умеў выконваць загады.

Партбюро праходзіла тут жа, у агітпакоі на мехдвары. Радзюк сядзеў за сталом, выкладваў і роўнымі стосікамі раскладваў перад сабой прынесеныя паперы. Мяцельскага ён таксама запрасіў садзіцца побач, але старшыня адмовіўся. Ён сеў на прывычнае месца ў кутку. Адсюль добра відаць былі і сакратар, і ўсе члены бюро.

— Тады, Марына, сядай ты да стала. Думаю, таварышы, ніхто не будзе супраць, каб сёння сакратаром папрацавала Марына? — Радзюк гаварыў прывычнае і не адрываўся ад папер.

Амаль усе пратаколы пісала настаўніца, якая прадстаўляла ў партыйным бюро мясцовую інтэлігенцыю. Пісаць пратакол — яе асноўная функцыя ў партбюро. Почырк настаўніцкі, акуратны і разборлівы, запісанае ёй лёгка перадрукоўваць машыністцы.