Выбрать главу

У чыстую палавіну хаты — філёнчатыя фанерныя дзверы. За імі з аднаго боку шафа, з другога грубка, два нікеляваныя пасляваенныя ложкі паўз сцяну. У прасценку між акон ад вуліцы — старамодная канапа з высокай спінкай і круглымі качалкамі. У куце стаяў круглы стол, на ім тэлевізар. На покуці фіранак не было. У срабрыста афарбаванай рамачцы замест іконы вісеў партрэт маладога, стройнага кавалерыста ў поўнай форме, з шабляй. Партрэт быў павялічаны са старога здымка.

Ля сцяны ад двара, пад люстрам, стаяла нажная швейная машына. На ёй стаяла маленькая настольная лямпа «грыбок». За гэтым самадзейным столікам сядзеў і сам гаспадар. Коратка астрыжаны густы сівы вожык валасоў, двое акуляраў на носе, звязаных ніткай. Ён пісаў у вялікай канторскай кнізе, мачаў пяро ў белую фаянсавую чарніліцу, з якой паглядала на пісьменніка хітрая сабачая мордачка.

У такт пісьму парыпвала старое венскае крэсла. Мужчына кончыў пісаць, паклаў ручку пяром на чарніліцу, адкінуўся да спінкі крэсла. Яно стомлена рыпнула. Мужчына заплюшчыў вочы, зняў акуляры і паклаў іх вобмацкам на столік, пацёр пальцамі пераноссе.

Ён кожнае раніцы стамляўся ў гэту пару, калі ранішняя шэрань быццам хаваецца ад блізкага ранішняга святла ў прысады, у закуткі. Яна адступае далей, за вёску, у лагчыны, туды, дзе на небакраі няроўна зубяцца, як замкавыя сцены, лясы. Лясы адышлі адсюль, пакінулі людзям поле. Мужчына памятае яшчэ і тут сярод палёў астраўкі лесу.

Ён нібы аглядае і палі, і малады лес. Пасля вайны на гэтай зямлі амаль усюды маладыя лясы, як і людзі, большасць ужо пасляваенныя. Недзе за гэтым полем, за гэтымі лясамі пачынаецца яго жыццё. Гэты пачатак такі далёкі, што зараз і не верыцца, што гэтулькі можа быць сабрана і ўвабрана ў памяць, у адно чалавечае жыццё. I што чалавек можа гэтулькі вытрываць, выжыць, жыць.

Цяпер ён не мог спаць раніцай, уставаў да свету.

— Во, зноў сядзіць, сава старая! Яшчэ скінешся спрасонку, пісацель!

Антон сцепануўся. Старая прачыніла дзверы з кухні ў чыстую палавіну.

Яе кожны раз прыпірала якраз у тую часіну, калі здавалася, што ён вось-вось звяжа ў адно ўсё ў сваім жыцці, усё стане на сваё месца, усё ён зразумее, тое, найвышэйшае, з-за чаго гэтулькі жыў і перажыў. I не толькі ён, людзі, усе людзі. I зноў, як ад чорта, ад яго шарахалася гэтая ісціна.

— Чаго маўчыш? Мо памёр ужо?

— Завялася, сячкарня мікалаеўская!

Антон ведаў, што спакою яму больш не будзе.

Вот абы-што робіць. I час мае. А кол свінчо адарвала тыдзень прыбіць не можа. Трэба ж дзяцініцца на старасць — пісацелем захацеў стаць. Жонка яхідна ўсміхалася бяззубым ротам. Малая, усохлая ад старасці бабка з блакітнымі, быццам выгаралымі ад летняга сонца ў палях вачыма, яна ведала як і ўмела падпячы мужа.

— Цьфу, нарыца! Ужо не молішся, цэлую раніцу радзіва слухаеш, а ў пустой галаве нічога не астаецца. Чула, што летапіс трэба пісаць, бо ўжэ мала такіх, як я, асталося, хто ўсё бачыў і перажыў…

Старая пасміхалася, ківала галавой.

— Дык ты, можа, і сцішкі ўжэ пішаш? Як Андрэйка. Можа, і купацца будзеш бегаць голы на рэчку? Вот каб людзям расказаў!

— Ну ты ў мяне дабрэшашся!

Антон пагрозліва ўстаў, і старая на ўсякі выпадак надалася бліжэй да дзвярэй, прымірэнча загаварыла:

— Вот ужэ распанеў, і слова яму не скажы!

Антон не слухаў яе. Загарнуў кнігу, закруціў у кавалак газеты ручку, узяў чарніліцу і ўсё паставіў у ніжнюю шуфляду ў шафе, замкнуў ключыкам дзверцы.

Ён баяўся, што старая не ўтрывае і ляпне каму пра ягоную пісаніну, тады не дадуць праходу. Зробяць Андрэйкам, які ад старасці сапраўды пачаў прыдумляць вершыкі, праўда, разабрацца, што ён мармыча, было цяжка, але ж прыдумляў і сам сабе гаварыў. Ад старасці ён і ранішняй гімнастыкай пачаў займацца, наглядзеўся на сына, раніцаю бег да рэчкі, купаўся голы аж да самых замаразкаў. Антону, ветэрану, старшыні калгаснай рэўкамісіі, чалавеку грамадскаму толькі і не хапала такога падрыву аўтарытэту. Старая не магла зразумець яго. Яна, акрамя градаў, хлява і печы, нічога не бачыла. Дзяцей гадавала, выгадавала, у вайну зберагла, гэта праўда. Але ж да тых жанчын, якія былі, якіх ён ведаў, ён…

Антон зачыніў за сабой варотцы. На вуліцы было намнога святлей, чым у хаце. Пасвятлела неба там, дзе павінна ўзысці сонца. Зямля не ўспела астудзіцца за ноч, ад яе цяплела паветра, прапахлае ўжо спелай збажыной. Ці, можа, гэтае хлебнае цяпло ішло ад палеткаў, як ад угрэтай хлебнай печы. Палеткі акружалі вёску, і калі глядзець на вёску здалёку, то яна здавалася сваімі прысадамі нейкім невялікім зялёным астраўком у жоўтым разліве. Вышэй вёскі бялелі шыферным дахам пабудовы цэнтральнай сядзібы — майстзрні, гаражы, сушылка, кантора. Цэнтральная займала і вышэйшае месца — Курганішча. Тут і праўда некалі былі курганы, а на іх рос бярэзнік, які пасеклі ў першую нямецкую вайну на траншэі і бліндажы. Курганы пакрысе параскопвалі, бралі каменне на паграбы. Потым іх зраўняла цэнтральная сядзіба, а вялікі курган, які высіўся над усім наваколлем, раскапалі і насыпалі новую дарогу да вёскі.