Выбрать главу

Сюды ж за стол сеў і Кіршчэня, які запазніўся. Увогуле, ён амаль заўсёды прыходзіў на некалькі хвілін пазней, і для яго заставалася месца толькі за сталом, у прэзідыуме.

— Якія будуць прапановы? Пачнём паседжанне. Амаль усе члены партыйнага бюро ў зборы, двух няма па прычынах уважлівых. — Радзюк глядзеў у паперку: нібы і гэтыя словы вычытваў адтуль.

— Тройка за сталом. Можна, — кінуў жарт інжынер.

Радзюк жарту не пачуў.

— На павестцы дня ў нас два пытанні. Акрамя гэтага ў мяне ёсць яшчэ невялікая інфармацыя для членаў бюро. Каб не трымаць нашых спецыялістаў, думаю, дадзім адразу ім словы для інфармацыі, абмяняемся думкамі. А тады пяройдзем да другога пытання толькі складам партбюро. Згода? Згода.

Мяцельскі дастаў з кішэні стары, зацёрты і пакамечаны блакноцік, па прывычцы крэсліў у ім ручкай. Тое, што гаварьілася на партыйным бюро, ён ведаў на памяць. I лічбы памятаў амаль усе. Цяпер нібы правяраў сваю памяць.

Гэтак жа няўважліва слухалі выступоўцаў астатнія члены партыйнага бюро, не вытрымлівалі, пачыналі перагаворвацца паміж сабой. Калі дудзенне набірала моц, Радзюк стукаў алоўкам па стале, каб усталяваць цішыню і парадак. Урэшце адзін такі недахоп знайшлі — страву са сталоўкі давозілі на поле халоднаю. 3-за гэтага было выказана дружнае абурэнне і знойдзена прычына. Аказалася, што пацёк тэрмас, і замест таго каб запаяць яго, нічога лепшага не прыдумалі, як вазіць ежу ў звычайным бітоне з-пад малака. Аднак пытанне абмяркоўвалі сур’ёзна, у гэтым убачылі непавагу да тых, хто цэлы дзень жне.

Мяцельскі прыжмураным вокам аглядаў членаў партбюро, пакуль не сустрэўся позіркам з Куляшом, які ў чыстай клятчатай рубашцы сядзеў у другім кутку і ледзь прыкметна ўсміхаўся. Мяцельскі кіўнуў Куляшу галавой і не вытрымаў:

— У мяне ёсць прапановы авансам — у пакаранне даручыць Куляшу запаяць гэты тэрмас.

Члены партбюро засмяяліся. I Радзюк, які разумеў ці адчуваў, што адбываецца нейкі розыгрыш, рашыў яго спыніць.

— Таварышы, не будзем ператвараць наша паседжанне ў вячоркі. Калі няма пытанняў па першым пытанні, то будзем закрываць яго.

— Пытанні-то ёсць, — азваўся каваль Фёдар. — Але ад таго, што тут языком часаць будзем, іх не паменшае. Ночы летам кароткія, а заўтра ў нас ва ўсіх работа.

— Значыць, канчаем з першым пытаннем. Думаю, што ў пратаколе запішам: лічыць абавязкам кожнага камуніста на сённяшні дзень як мага дапамагаць жніву, удзельнічаць у ім. Мы з Марынай тут сфармуліруем. Згода? Тады таварышы, не члены бюро, можаце быць свабодны.

Радзюк пачакаў, пакуль выйшлі людзі, адкашляўся, акінуў усіх позіркам:

— Гм, другое пытанне, скажу прама, непрыемнае. Яно адрывае нас ад асноўнай работы, але прайсці міма мы не можам. I нам не дазволяць.

Радзюк цяпер адчуваў сябе намнога ўпэўненей, чым тады, калі гаворка ішла пра ўборку. Ён узяў у рукі паперу, зірнуў на членаў бюро.

— Мы атрымалі перасланую да нас з райкома скаргу аб недастойных паводзінах нашага таварыша Куляша Івана Іванавіча. 3 вашага дазволу, я вам яе зачытаю.

Радзюк адкашляўся, гатовы чытаць:

— А пра што? 3-за таго, што Мар’ю адлізгаў? — запытаўся зноў каваль Фёдар. — Дык мы і так усё ведаем.

— Я ўжо сказаў, гаворка ідзе аб амаральных паводзінах камуніста, — пачаў Радзюк. — Рэзалюцыя сакратара райкома дакладная і адназначная — разабрацца і строга пакараць.

— Разбірацца-то мы будзем, — не здаваўся каваль. — Але нашто нам усю тую брыдоту, што там напісана, слухаць?

— Пётр Пятровіч, лепш, мне здаецца, перакажыце членам бюро сутнасць заявы. Урэшце, каму цікава, пасля бюро можа астацца і пачытаць. А так час ідзе, — падтрымаў каваля Мяцельскі.

Ён бачыў, як сцяўся у сваім куце Кулеш, як варухнуліся ў яго на сківіцах жаўлакі.

— Я магу і так. Сутнасць пісьма жонкі Куляша на імя першага сакратара райкома ў тым… Гм… Ну, тут пра тое, як ён сапсаваў ёй жыццё, тут пра грошы… быццам грошай не дае… гм… Ага, вось тут яна піша, што таварыш Кулеш завязаў любоў з Русакевіч Галінай Іванаўнай, якая пераехала да нас нядаўна і працуе ў дзіцячым садзіку…

— Го, Ян, дык ты маладзец, калі яшчэ гэтак можаш! — каваль Фёдар весела рагатнуў.— Яго паашчрыць за гэта трэба!

— Не перабівайце мяне, калі ласка, таварыш Сыцька. Значыць, такія паводзіны, такое сужыцельства разбэшчвае моладзь, наогул людзей і не адпавядае нашай маралі…

— Ты глядзі, як Мар’я ў горадзе падкавалася!