Выбрать главу

— Таварышы! Не паважаеце сябе, паважайце мяне!

Радзюк пакрыўдзіўся.

— Не адпавядае нашай маралі. А цяпер пра тое, да чаго дайшло… гм… сярод бела дня, на вуліцы, біў люта, каб забіць. Гм, і засталася жывая толькі таму, што людзі ўратавалі. I зноў пра прыклад камуніста. I да ўсяго — даведка медыцынская аб пабоях. Вось так, а вы спрабуеце перавесці ўсё на жарты. Хто хоча выказацца?

Усе прыціхлі. Нікому першаму гаварыць не хацелася, і тады цішыню перапыніла Марына:

— Дык, можа, паслухаем самога Івана Іванавіча. Тут чулі, што пра яго гаварылася, цяпер паслухасм, што скажа ён сам. Праўда гэта ці няпраўда?

Кулеш паволі ўстаў.

— Скажыце, Іван Іванавіч, можа, тут што не так? Можа, гэта няпраўда? — прыйшоў яму на дапамогу Радзюк, як прыходзіць вучню на дапамогу настаўнік, які зараней упэўнены, што той не ведае ўрок.

— Мне гаварыць быццам і няма пра што. Набіў жонку, пры людзях. I моцна набіў. А астатняе? Больш нічога не было. Ды што павінна быць? Дапамог чалавеку, які вярнуўся дадому? Век адзін аднаму дапамагалі. I ўдовам таксама.

— Не трэба блытаць, Ян. Дачцэ ворага народа дапамог, — сурова перапыніў Куляша з-за стала Кіршчэня.

— Яна ворагам не была. Я дзіцем яе маленькім помню. А бацьку яе, Антон Аляксандравіч, рэабілітавалі. Можа, добра, што ён не вярнуўся…

— А ты не зарывайся, Ян, не зарывайся! Мы яшчэ рашаць з табой будзем! — прыкрыкнуў на яго Кіршчэня.

— Я не зарываюся. Адно скажу, што ні ў чым не каюся. I вінаваты за адно, што на канец жыцця да ўсяго гэтага дажыўся. За гэта я вінаваты. Толькі тут я сам сабе суддзя…

— Пакуль ты камуніст, партыя табе суддзя, — зноў паправіў Куляша Кіршчэня.

— Таварышы, давайце дадзім дагаварыць Івану Іванавічу, — умяшаўся Радзюк. — Як я зразумеў, вы не каецеся за тое, што білі жонку. Каецеся толькі, што пры людзях гэта рабілі. Гэта не адпавядае, Іван Іванавіч, ні нашай маралі, ні кодэксу будаўніка камунізму. А ў астатнім вы ад усяго адмаўляецеся? Правільна я вас зразумеў?

— А вы што ж і праўда думаеце, што мы гэтакую любоў вытваралі, як у тэлевізары цяпер паказваюць ці ў кіно? — Кулеш павёў вачыма па членах партыйнага бюро. — Бог нас ад гэтага мілаваў. А вы думайце што хочаце, і разбірайце як хочаце! Усё!

Кулеш сеў. Мяцельскі бачыў, як ён пабялеў з твару. Гэтая бледнасць абмаладзіла яго стары твар. I ў сваёй рашучасці, у зазлаванасці ён напомніў таго, маладзенькага Куляша, які забег да іх у шпітальны шалаш.

* * *

Мяцельскі тады пайшоў ужо на папраўку. Ён нават спрабаваў уставаць і ступіць некалькі крокаў з кастылём. Кастыль яму выразалі з дубка, цяжкі, але і моцны. Адзін сук зручна было ўзяць пад паху, за другі трымацца рукой.

Зранку далятала да шпіталя духавая музыка. Іграў партызанскі духавы аркестр. Некаму з начальства прыйшла гэтакая думка ў голаў. Тэрмінова з усіх атрадаў сабралі музыкантаў, знайшлі ў насельніцтва трубы, і сёння аркестр іграў савецкія песні і маршы. У лесе на паляне, на ўзгорку была падрыхтавана драўляная трыбуна. Яе абклалі дзёрнам, аздобілі дзеразой. Адсюль меліся выступаць прамоўцы, пасля прайсці ля яе парадам партызаны. Усё гэта рыхтавалася ў гонар свята Кастрычніка.

Мяцельскі запомніў гэта добра таму, што ім, тым, хто ляжаў у шпітальных шалашах, хацелася ўдзельнічаць у святкаванні, бачыць яго. Такое больш наўрад ці будзе.

А дзень пачынаўся чысты, звонкі, па-асенняму ўжо і халаднаваты, але сонечны, а таму ласкавы.

Трывога адчулася пасля таго, як паўз шпіталь з кухні рушылі ўзброеныя партызаны. Адтуль, з кухні, зранку павявала будучым святочным абедам. Цяпер адтуль прашалясцела трывожнае кароткае слова «немцы!».

I быццам у доказ гэтага, ударылі першыя гарматныя стрэлы, потым мінамётныя. Стралялі густа, не шкадавалі ні снарадаў, ні мін. I выбухі чуліся не ў глыбіні лесу, а недзе на яго далёкіх узлесках. Пасля артабстрэлу даляцела вінтовачна-кулямётная страляніна. Завязваўся цяжкі, памятны многім партызанам бой.

Па буданах прайшоўся начальнік шпіталя, кульгавы, стары доктар, з маленькай, сівенькай бародкай. Ён строга даваў каманды медсёстрам праверыць і зрабіць занава перавязкі ўсім цяжкапараненым. Тым, хто мог трымаць зброю, загадвалася быць напагатове і па камандзе заняць абарону.

Праз некалькі гадзін зноў загрымелі артылерыйскія стрэлы, потым пачуўся кулямётны агонь, а праз яго прарваўся і страшны гул танкавых матораў.

У шпіталь прывезлі першых трох параненых. Адзін быў моцна скалечаны выбухам міны, увесь забінтаваны, і скрозь бінты чуліся толькі глухія, слабыя стогны, другому адарвала руку, і ён ляжаў без прытомнасці ад вялікай страты крыві. Трэцяму куля трапіла ў нагу вышэй калена, але костка ўцалела. Ён расказваў, што немцы атакуюць з двух напрамкаў, хочуць адрэзаць дарогу ў глыб лесу. Абодва атрады трымаюць абарону на ўзлеску. Танкавы дэсант не ўдаўся — падбілі цяжкі танк і адзін лёгкі, таксама два браневікі.