— Люта ідуць. Пяхоты не шкадуюць. Атака за атакай, — незнаёмы Мяцельскаму чорны, як цыган, партызан з суседняга атрада моршчыўся ад болю і ніяк не мог зручна пакласці сваю параненую нагу. — Мы ўжо сем атак адбілі. Раз у контратаку падымаліся. Яшчэ доўгі бой будзе. Рэгулярныя часці кінулі з эшалона.
Пасля абеду абознікі пачалі запрагаць коней і вымошчваць сенам вазы.
Вось тады Мяцельскі і ўбачыў Куляша. Той прыляцеў у шпіталь конна, узрушаны, разагрэты боем, перадаў начальніку шпіталя загад камбрыга.
Ён ужо завярнуў каня, каб ляцець далей сваёй дарогай, калі Мяцельскі паклікаў яго.
— А, ты тут, Васіль? — запытаўся ён. — Я і забыўся!
— Як там?
— Пруць! Атака за атакай. П’яныя!
— Нашы як?
— Даём прыкурыць! — нахіліўся з каня і паведаміў: — Камандзіра з Варашылава забілі — у контратаку хадзілі.
— Дадзержымся да цямна?
— Дадзержымся! — Ян быў малады і ўпэўнены ў тым, што пачуў ад старэйшых людзей. Але трывога, якая пачулася ў голасе Мяцельскага, затрымала яго.
— Ты не бойся, Васіль. Усё нармальна будзе. Я сюды яшчэ заскочу.
Недзе ў чатыры гадзіны, пасля таго як пакармілі недавараным святочным мясам, параненых пасадзілі на падводы і рушылі ў глыб лесу. На ўзлеску яшчэ чуўся бой.
Партызаны адышлі з пазіцый, як сцямнела, бо трымаць больш бой з рэгулярным войскам не было чым — кончыліся боепрыпасы. Кулеш дагнаў тады шпітальны абоз, знайшоў Васіля. Мяцельскі тады зразумеў, што ён знарок шукаў яго ў тым абозе, і ад гэтага спакайней рабілася на душы. Невядома яшчэ было, чым і якім болем стрэне іх наступны дзень.
Але назаўтра той жа радасны Кулеш прынёс у шпіталь і другую навіну: раніцаю фашысты рушылі да чыгуначнай станцыі.
У гэты дзень партызаны хавалі тых, хто загінуў…
— Не, забі мяне, не бачу, за што тут вымовы пісаць, — не здаваўся каваль Фёдар. — За тое, што Янава жонка патрывожыла сваім пісьмом райкомаўскае начальства?
— Таварышы, яшчэ раз тлумачу. Справа ідзе аб маральным абліччы камуніста. Напомню вам, што сказаў у сваім нядаўнім выступленні Леанід Ільіч пра чысціню нашых радоў. Калі справа трапіць у раённую камісію, там дабавяць. Але тады ўжо і нас будуць разбіраць, — гнуў сваю лінію Радзюк.
— I правільна зробяць, калі дабавяць! Калі дабавяць яму і нам. Мы не павінны быць беспрынцыпнымі і бяззубымі! Калі не хочам, каб з нас хіхікалі, то трэба, каб нас баяліся. Каб адчувалі строгасць. Сёння камуніст бегае памагаць былой нацдэмаўцы, заўтра ён публічна жонку б’е… Да чаго ж мы даедзем! Строгая вымова з занясеннем — і за гэтакую літасць няхай Кулеш нам падзякуе. Гэта я вам гавару, стары камуніст, — Кіршчэня ўстаў і гаварыў стоячы, побач з Радзюком.
Засяроджана пасопвала носам, пісала пратакол Марына. Маўчалі і астатнія члены бюро. Яны прывыклі галасаваць гэтак, як галасуе начальства, а таму чакалі, пакуль вырашыцца пытанне. Пакуль не скажуць, як галасаваць. Мяцельскі заўважыў нават, што яшчэ адзін прадстаўнік, ужо ад механізатарскага корпуса, шафёр Пратасеня, настойліва змагаўся са сном. Вейкі ў яго пачыналі зліпацца, але ён расплюшчваў вочы, хоць галава ўпарта хілілася набок. I Мяцельскі падумаў, што Пратасеню заўтра на работу, на работу і даяркам, і свінаркам, а яны зараз таксама тут і таксама змагаюцца са сном.
Кулеш сядзеў моўчкі, ужо нібы і спакойны, раўнадушны. I толькі па тым, як сурова ягоныя вочы глядзелі ў адно месца, Мяцельскі зразумеў, што думае Кулеш пра іншае і што ён можа не вытрываць болей ад гэтае гаварыльні, узарвецца, тады сапраўды трэба будзе заводзіць персанальную справу.
— Вось што я скажу вам, таварышы. Калі спусцілі нам зверху пісьмо, то спагоняць і адказ. На мой бы розум, дастаткова было б нам абмежавацца абмеркаваннем паводзін Куляша на партыйным бюро. Нашто забягаць наперад, караць, каб застрахавацца. Нам трэба закрыць пытанне. I мы яго закрываем. Вось мая прапанова. I ніякіх строгіх, ніякіх з запісам.
— Партызанская дружба, Васіль, не для таго, каб займацца пакрывацельствам адзін аднаго. Партыйная прынцыповасць павінна быць вышэй. А таму я настойваю на строгай вымове з занясеннем ва ўліковую картку. I за фармуліроўку — за амаральныя паводзіны, якія ганьбяць імя камуніста, — не даў дагаварыць Мяцельскаму Кіршчэня.
— Гэтак мы зноў адзін аднаго раскулачваць пачнём, — абазваўся напаўголаса каваль Фёдар, але Кіршчэня недачуў, што той сказаў.