Выбрать главу

— Таварыш Сыцька, думайце, пра што гаворыце і дзе гаворыце! — перапыніў яго Радзюк. — Таварышы, думкічленаў бюро разышліся. Адна прапанова самая крутая, другая — абмежавацца ў пакаранне толькі нашым сённяшнім абмеркаваннем. Давайце не будзем траціць свой час і прымем трэцюю прапанову — аб’явіць проста вымову з фармуліроўкай «за паводзіны ў сям’і, якія не адпавядаюць статусу камуніста». Мы ўжо і так нагаварыліся. Хто за маю, за апошнюю прапанову, прашу падняць рукі.

Радзюк першы падняў руку, і тады, як па камандзе, паднялі рукі і астатнія члены партбюро. Канчаткова прачнуўся ад дрымоты Пратасеня і ўслед за адной рукой ледзь не падняў і другую.

Мяцельскі не падымаў руку. Кіршчэня быў гатовы прагаласаваць супраць, але Радзюк рашыў падвесці рысу:

— Пераважная большасць. Галасаваць болей няма сэнсу.

— А я супраць, — заявіў Кіршчэня.

— Прашу прабачэння, Марына, запішы, што адзін супраць. Ці яшчэ ёсць хто супраць? Няма. Тады рашэнне прымаецца. Дзякуй вам, таварышы. На гэтым паседжанне партыйнага бюро аб’яўляецца зачыненым.

Мяцельскі не заўважыў, як знік з памяшкання Кулеш. Выйшаў на двор, але і там яго нідзе не было. Не было і на дарозе.

Кулеш пастараўся выйсці першы, бо ведаў з таго часу, калі і сам некалі быў членам партбюро, што тут, за дзвярыма, тыя, што абмяркоўвалі, пачнуць выказваць спачуванні.

I тады акажацца, што ўсе добрыя, ніхто не хацеў ніякага пакарання, наадварот. Думаў, як добра, што Галя хоць не партыйная і не стаяла на ўліку, а то і яе вось гэтаксама б разбіралі. Кулеш не любіў гэтага слова, бо ведаў з дзяцінства, што разбіраюць толькі кармляка, гэтак гаварылі бацькі. I яшчэ Куляшу падумалася, што, мабыць, доля яго такая, — усё быццам між іншым у жыцці, нібы ты і не маеш значэння для таго, што сам робіш. Вось гэтак партызанка забрала маладосць, мімаходзь замёў у свой вір фронт, а потым круціла, як тую салому ў малатарні, усё жыццё калгасная работа. Аднаўляліся, узбуйняліся, дзяцей у людзі выпіхалі, чаго толькі не рабілі, нават камунізм будавалі,— а ўсё для некага іншага, лепшага, толькі не для цябе самога. Цяпер, калі падараваў лёс тое, чаму душа зарадавалася, узялі і «разабралі». Разбор пакінулі замест усяго, каб ведаў сваё месца і не сунуўся куды не след. А заўтра ідзі і жні з цямна да цямна, бо тыя, хто разбіраюць, самі жаць не будуць.

Яны не ўмеюць, не хочуць, а таму цябе з работы не выпусцяць…

Можа, ад гэтых думак глухон здавалася летняя ноч, нібы прапалі з яе гукі і пахі. Пра гэта Кулеш яшчэ думаў, калі засынаў на сене, і яблык з яблыні, быццам назнарок, гопнуўся на шыферны дах і заскакаў долу.

16

Пасля бюро не спяшаліся раз’язджацца. Мужчыны закурвалі, гаварылі. Кіршчэня любіў таксама пастаяць з імі, пагаварыць і сказаць тое, што не сказаў. Але сёння не было гэтага жадання. Стараючыся быць непрыкметным, ён узяў свой маторны веласіпед і не заводзіў яго, каб не трашчаў маторчык, павёў у руках па дарозе дадому.

Зорная, ціхая ноч. Пахла жытам, валошкаю. Чуваць было, як ля канторы ляпалі дзверцы машын — ад’язджалі дадому галоўныя спецыялісты. Кіршчэня прыпыніўся, пастаяў, пакуль праляцелі машыны, абдаўшы яго пылам.

Кіршчэня радаваўся цемры. Калі б не ноч, то, здавалася б, усе бачылі яго сённяшнюю ганьбу — тое, што яго слухаюць і баяцца. Аказваецца, не. Ужо перасталі баяцца, калі Мацельскі адважыўся напомніць пра той куратнік, і сёння на яго не зважаюць. Маўчаў, пакуль Кіршчэня быў пры ўладзе ў раёне, маўчаў, бо ведаў, што да яго, а не да каго другога заязджаў і начальнік міліцыі, а то і не адзін, а з упаўнаважаным камітэта, якога ўсе баяліся. Ніхто гэтага ўпаўнаважанага не называў па прозвішчы, але ўсе ведалі, адкуль ён. Калі прыязджалі з начальнікам міліцыі ўдвух, то начальнік за рулём, а ўпаўнаважаны ў калясцы. Тады начальнік міліцыі пісаў запіску да Жыгара, і Кіршчэня браў аброчную торбу, ішоў, як сувязны. Жыгар разгортваў запіску і з торбай знікаў з хаты. Вяртаўся і падаваў яе Кіршчэню напакаванай. У торбе кожны раз была пяцілітровая бутля з самагонкай. Яшчэ кавалак сала, а то нават і каўбаса. Кіршчэня аднойчы не вытрываў, разгарнуў паперку і прачытаў запіску. Алоўкам там было напісана: «Жыгар, выдай довольствне в установленном порядке» — і подпіс. Потым, колькі Кіршчэня ні зазіраў у запіскі, усё паўтаралася слова ў слова. Пасля таго як Жыгар сустрэў немцаў хлебам-соллю, не даваць ён не мог. Даваў партызанам, вытаргаваў у іх даведку, што з’яўляўся сувязным, але ўсё роўна органаў баяўся. Тады не асмельваўся абзывацца: «I я гэтакі ж партызан, як і вы». Гэта цяпер, калі павыдавалі партызанскія пасведчанні, і Жыгару таксама выдалі, калі паўручалі юбілейныя медалі, і ён пачаў абзывацца.