Выбрать главу

Калі пачынаўся боль, да Куляша назойліва вяртаўся адзін і той жа сон-успамін. У ім пераплялося і тое, што было, і тое, што мроілася. За партызаншчыну ён наглядзеўся і намнога страшнейшага. Бачыў і людзей жыўцом спаленых, і дзяцей, якіх парвалі нямецкія аўчаркі. Сабакі рвалі дзяцей на вачах у бацькоў, а калі тыя не вытрывалі і пайшлі на карнікаў, яны пастралялі ўсіх. Адну роту тых карнікаў з аўчаркамі яны адагналі. I ні потым у партызанах, ні на фронце ён не бачыў такога лютага бою. Два партызанскіх атрады з бакоў пайшлі на карнікаў, не стралялі. Білі ўрукапашную, усіх да адзінага. Дасюль Кулеш не забыўся тую жудасную і страшную асалоду, калі бег з нажом у руцэ.

А не пакідаў у спакоі Куляша, здавалася б, будзённы эпізод ужо з франтавога, кароткага жыцця. Чамусці іх паднялі атакаваць удзень, пасля абеду. Атакавалі яны з узлеску невялікага бярозавага гаю.

Немцы толькі зачапіліся на вышыні, паспелі збольшага ўсяго акапацца. Можа, і трэба было атакаваць з-за нейкае вялікае тактыкі. А можа, быў просты разлік на авось, спадзеючыся, што немцы не паспелі замацавацца як след.

3 вышыні ўлупілі густа — і з кулямётаў, і з мінамётаў. У гэтым шалёным трэску Кулеш бег і не чуў ніякай каманды, пакуль не апынуўся ў чорнай і смярдзючай ад выбуху варонцы. У галаве тоненька гудзела, яна была цяжкая. I страляніна сціхла. Толькі час ад часу свісталі міны, нібыта накручвалі на верацяно і выцягвалі з цябе жылы. Выбухі чуліся там, дзе была пазіцыя іхняга батальёна.

Кулеш асцярожна выглянуў з варонкі. Вакол поле, голае поле, перакапанае выбухамі, з целамі мёртвых салдат, якія толькі што гэтак жа, як і Кулеш, беглі ў атаку. Ім было ўжо ўсё аднолькава, а ён жывы. Што, калі немцы возьмуць і пойдуць у атаку? I першае жаданне — падхапіцца і дабегчы да сваіх. Але за час партызанкі Кулеш прьівык, перш чым куды вылазіць, лішні раз паглядзець. Ён гатовы быў падхапіцца, каб бегчы, і ўбачыў, як воддаль з варонкі выскачыў салдат, пабег прыгнуўшыся. I спатыкнуўся праз некалькі крокаў, зрэзаны кулямётнай чаргой. Падаў ён, павярнуўшыся бокам да немцаў. А з вышыні кулямёт радасна сек яго, шкуматаў кулямі ўжо ляжачага. Ад разрыўных куль на зямлі ўскоквалі маленькія кусцікі выбухаў.

Дарогі з гэтае варонкі Куляшу не было. Дакладней, была адна — на той свет.

А сонца нібы застыла, вісела над зямлёй навек на адным месцы. У сне здавалася, што сонца высвечвае ўсё дашчэнту на гэтым полі, высвечвае забітых, высвечвае яго ў варонцы і немцам ён відзён, яны пазнаюць, што жывы, калі хоць паспрабуе паварушыцца.

Ніколі гэтакага доўгага і гнятлівага дня не было ў яго жыцці, ніколі яму гэтак не хацелася, каб хутчэй сцямнела.

Дзіўна было, але і праз многа гадоў гэты пакутлівы сонтрызненне цягнуўся па часе гэтулькі, колькі і астатак таго дня. Сон не адступаўся, мучыў цэлыя ночы напралёт. I прачынаўся Кулеш у роспачным адчаі, бо калі сцямнела, калі можна было бегчы да сваіх, ён выпаўз да краю варонкі, прыпадняўся на руках, каб бегчы, і з жахам адчуў, што падае, правальваецца ў чарнату — у яго не валодала левая нага.

Гэтак канчаўся сон. А тады ён дачакаўся цемры, дабраўся да сваіх. Нагу яму разбіла ў другім баі.

Кулеш павярнуўся на бок, успомнілася паседжанне партыйнага бюро. Усе адзін за адным прайшлі перад вачыма. Не спагнанне турбавала, а тое, як і што гаварыў кожны. Кулеш ведаў, што калі скарга напісана ў райком, то спагнанне павінна быць. I вымова есці не просіць. На павышэнне яму ісці не трэба, як гавораць у арміі, менш за ўзвод не дадуць, далей за Кушку не пашлюць. Хаця цяпер могуць паслаць і далей, адкуль і голаў на плячах не прынясеш. Яму ўжо гэта не пагражала. Пенсію ў яго ніхто не адбярэ. I дарэмна ён траціць здароўе на камбайне. На добры лад, трэба было не паказваць моду. Але ж хацелася і зарабіць. Хаця што толку з таго, што пайшоў на трактарыста, што зарабляў увесь век? Аказваецца, шчасце не заробіш. Шчасце быццам ад бога, альбо ўдаецца яно, альбо не. Гэта як каму ўжо пашанцуе. Кожны нешчаслівы сам па сабе, Кіршчэня таксама няшчасны, што не слухаюць яго і што цяпер ніхто ніякіх мер ні да кога не прымае.

* * *

Устаў Кулеш пазней, чым звычайна, і калі ішоў на работу, у задуменнасці не пачуў, як дагнаў яго старшынёўскі «козлік». Толькі калі машына на ціхім хаду пакацілася амаль побач, заўважыў яе.

Мяцельскі адчыніў дзверцы, павітаўся:

— Садзіся, падвязу.

Кулеш сеў у машыну. Было такое ўражанне, што старшыня знарок падпільнаваў яго.

— Як Жолуд у цябе? — запытаўся ён пра Куляшовага памочніка.

— Як і заўсёды. Калі не дабудзе нічога выпіць, то робіць. Нудна толькі яму тады.