Выбрать главу

— Ну і што, заперці мне яго ў элтэпэ? — запытаўся Мяцельскі. I сам адказаў: — Заперці не праблема. Рука не падымаецца.

— Хоць бы так палячыць.

— Не ідзе так лячыцца. Я з ім гаварыў не раз. Абяцае і не ідзе.

— А хто захоча, каб запісалі цябе алкаголікам? Так усё жыццё ім хадзіць і будзе.

Кулеш адчуваў, што са старшынёй яны пераліваюць з пустога ў парожняе. Пра бяду Жолуда было ўсё вядома і аднаму, і другому.

Памаўчалі. Машына пад’ехала да канторы. Мяцельскі вылез, пачакаў, пакуль выйдзе Кулеш, і тады сказаў шафёру:

— Пачакай мяне тут. На двор я пяшком прайдуся.

Кулеш зразумеў, што Мяцельскі хоча пагаварыць з ім

адзін на адзін. Спачатку ішлі моўчкі, потым Мяцельскі не абарочваючыся сказаў:

— Я быў проціў гэтага разбору. Не да яго. Жніво пакуль…

— Раней, можа, і лепш. Плёткі сціхнуць, — адказаў Кулеш. — А разбіраць усё роўна б разбіралі. Калі прыслалі, то вам адчытацца трэба.

— А на добры лад, што разбіраць? Чаму мы цябе павінны разбіраць? Я сядзеў і думаў. Мяне колькі разбіралі — таксама таму, што трэба было разбіраць, што трэба было даваць адказ. А што ў цябе разбіраць? Жыццё пражыта, дзеці дарослыя. I што ты зрабіў? Вось што ты зрабіў? Фармуліровачкі знайшлі: за недастойныя паводзіны камуніста ў сям’і. Чортведама што падумаць можна! I хто цябе павінен разбіраць? Цябе, які жыццё ўгробіў за ўсё тое, што сёння ёсць. 3 хлапчукоўства ў партызанах, фронт, раненне, і ўсё жыццё, як конь у баразне, — даваў, даваў, выконваў, выконваў! I ніхто дзякуй не сказаў і не скажа!

Кулеш прыадстаў на крок, але Мяцельскі гэтага не заўважаў, узмахваў рукой у такт крокам і гаварыў далей:

— Я цябе за што разбіраць буду? Я б цябе разабраў, калі на добры лад, за тое, што распусціў жонку, не павучыў яе за тое, што цябе не глядзела. Але і гэта тваё дзела. Ні адно партбюро яшчэ шчасця ў сям’ю не вярнула. А мы разбіраем! Ох, як мы разбіраем? А хто разбірае? Якое права мае разбіраць цябе Радзюк? Ён хоць з дзесятую долю твайго зрабіў? Сваю прынцыповасць Кіршчэня паказвае? А ён усё жыццё толькі паказваў і вучыў. Усіх вучыў. I раскулачваў. Устаноўка была, і раскулачваў. Адчытацца трэба было. Ён і тады вучыў падпарадкавацца, калі з-за кукурузы канюшыну аралі. I тады паўтараў, што такая ўстаноўка ёсць!.. Ён цяпер патрабуе табе строгай вымовы! Курашчуп стары. Няхай бы ўстаў і расказаў, як пры мне, ад бабы ўцякаючы, у куратнік праваліўся.

— I ты ж, Сямёнавіч, галасаваў,— насмешліва абазваўся Кулеш.

— Я рукі не падымаў. Трэба было глядзець лепш. I не бяры ты ўсяго гэтага да сэрца, вось што я табе сказаць хачу! Плюнь і разатры, як гаворыцца!

— А я плюнуў. Чаго ты гэтак гарачышся?

— Не знаю. Надаела.

— Асунуўся неяк ты апошнім часам, — сказаў Кулеш. Ён толькі цяпер заўважыў, як пастарэў за апошні час Мяцельскі.

— Ведаеш, усё яно ідзе як і заведзена. Чалавек да ўсяго прывыкае. Але ж чалавек і спадзяецца. Верыцца яму, што некалі ж кончыцца ўся гэта непатрэбшчына. Кончыцца, і ты як чалавек будзеш. Я, старшыня, буду як старшыня рабіць, бо ведаю, што раблю. Калі не буду ведаць, у цябе, у другога папытаюся, у тых каму веру. I не трэба мне ні гэтыя Кіршчэні, ні гэтыя Радзюкі! У мяне ж таксама білет у кішэні, і не горшы, а лепшы за іхнія. А падобна на тое, што не дачакаюся. Заварушыўся мой асколак. Абазваўся, даў званок.

— Паехаць трэба падлячыцца.

— Адажнёмся, тады паеду, паляжу ў шпіталі. Хаця ніякі шпіталь чалавеку ўжо не верне здароўя. А ты, Ян, не бяры да галавы, чэсна табе гавару.

— Я не вымову бяру, Васіль. Ты зараз пра сябе гаварыў. I пра мяне тое ж можна сказаць. Як нарадзіўся, адно і знаў, што рабіць. Гэта і шчасце, і радасць, і ўсё, больш нічога ў нас не было. Ведаеш, і робім. I сем’і ж не горшыя, усё як у людзей быццам было. А потым, як троху абжыліся, глядзі, як пакруцілася ўсё. Дзяцей пры нас няма. Самі ж іх у людзі вывелі. I мой навучыўся, каб хораша і весела жыць, і твае. I нават Мар’я ўспомніла пад старасць, што гэта я ёй жыццё сапсаваў. Бачыш ты, каб не я, то і яна б некалі разам з дзяўчатамі Мінск адбудоўваць паехала б і цяпер бы жыла як людзі, а то ўгробіла жыццё. Едзе, глядзіць, як другія жывуць. Пакуль за механізатарства грошы ішлі, не ўспамінала, цяпер успомніла, што я не той. Мы з ёю, як ажаніліся, у тое вяселле, пад раніцу спаць пайшлі. Маладажоны, у каморцы нам паслалі на ложку. Умасціліся мы. А як прыгрэлася яна, задам да мяне адвярнулася і засапла. Не разумеў я, што гэта знак на ўсё жыццё наша. Можа б, так яно ўсё і сышло, каб не гэтая Галя. I не думаў бы я ні пра што, і з тым бы і жыў, што маю. А вось на старасць адкрылася, што ў жыцці яшчэ радасць бывае, і шчасце не выдумалі людзі… I тады, калі позна. Дык і за гэтае празарэнне згнюсілі.