Выбрать главу

— Можа, яно і лепш, Ян, што кончылася… А што далей было б?

— Нічога не было б. Што ўжо можа быць?

— Да, не ажэнішся другі раз пры жывой жонцы, пры дарослых дзецях, у адной вёсцы.

— Яно ў нас так і выходзіць, што куды ні кінь, то вечны клін. А Галі як? Ехала дадому, адкуль яе і бацьку жыўцом вырвалі і выкінулі. Расказвала яна мне, як ён і на старасць аж плакаў, гэтак хацеў, каб хоць адным вокам на сваю зямлю зірнуць. Прыехала, а ёй тут па мордзе. Вось і ўся любоў, і ўся радасць на той зямлі.

— Мужыка век за яго зямлю па мордзе, за тое, што яе любіў. Таўклі, пакуль ён ад яе не адвярнуўся, а яго ўсё роўна яшчэ таўкуць, па прывычцы, — абазваўся Мяцельскі.— Вот так мы і паспавядаліся адзін перад адным. А то я гляджу, ты нейкі як учарнелы. Думаў, на мяне крыўду маеш. Плюнь, не бяры да душы.

— Галава зноў балець пачынае, — прызнаўся Кулеш.

— Дык, можа, пару дзён перадыхні? Гэты п’яніца вытрывае, пажне.

— Ды не, Васіль, буду жаць. Кончым жніво, разам лячыцца паедзем.

— Угу, паедзем, якраз тыя ездакі,— усміхнуўся Мяцельскі, падаў руку. — Не бяры ўсяго да галавы.

Кулеш кіўнуў на развітанне, пастаяў яшчэ, пакуль Мяцельскі па-старэчаму цяжка ішоў па дарозе назад да канторы. I нечаму ўспомніўся той ваенны надвячорак, тыя партызаны на конях, лёгкі, малады сярод іх Васіль. I тое вечаровае сонца, і свежы пах з аселіцы, і песня. I здалося, што гэта зусім нядаўна, зусім побач, зусім блізка.

* * *

— Ну, хопіць стаяць на дарозе, пайшлі,— вярнуў да рэальнасці Куляша голас Бранаўца. — Сёння пагодка будзе, жыманём за дзень!

— Жыманём, — згадзіўся Кулеш. Бранавец ішоў на першае месца ў жніве па калгасу.

Боль крыху адсіупіў, не адчуваўся, пакуль рыхтаваў камбайн. I зусім лягчэй стала, калі выехаў за вароты двара, паціху паплыла цяжкая машына, пагойдваючы жаткаю над дарогай. Час у запасе быў, і ехаў Кулеш не спяшаючыся. 3 кабіны добра відаць навокал. Пшанічны палетак стаяў некрануты, а цяпер у ранішнім няяркім сонцы ён здаваўся падрумяненым у вялікай печы. Поле чыстае, не ўрослае зеллем, і таму не набірала за ноч вільготнасці.

Камбайн з роўнаю, напорыстаю натугаю прыняў у сябе збожжавую масу, загуў натруджана, цяжка і пайшоў, пайшоў. Сыпанула з-пад шнэка ў бункер першае зерне.

I здалося Куляшу, што гэта не зараз адбываецца, а ўспамінае толькі ён. I тое, як ехаў на камбайне па дарозе, і як зайшоў у палетак, і як пачаў жаць. Ён пазнаваў нават і калоссе, і нават тыя невялічкія камяні, якія ён заўважаў на полі і паспяваў прыўзнімаць жатку, — усё пазнавалася, усё ўспаміналася. Затым ва ўспаміне ўсё нібы пачало змазвацца, неяк распаўзаліся, растварыліся сцябліны, каласы, і поле пакрысе ператварылася ў суцэльную мяккую карычневую імглу, якая пашарэла, закруцілася, нахлынула на Куляша. I апошняе, што толькі ён здзіўлена падумаў: «Адкуль раптам гэтакі густы туман наплыў на поле?» I не паспеў нічога зрабіць.

Камбайн няўпэўнена пайшоў па полі, не спыняўся, нібы выбіраў дарогу. Астатнія камбайнеры, якія яшчэ толькі ехалі па дарозе, здзіўлена глядзелі, што Кулеш жне наўскасяк поля. Але як убачылі, што камбайн выйшаў з пшаніцы, валюхнуўся ў невяліхай канаўцы і ўпёрся жаткаю ў падсыпаную, высакаватую дарогу, здагадаліся, што здарылася бяда.

Калі Ельніцкі першы дабег, ускочыў у кабіну, то угледзеў, што Кулеш ляжыць грудзьмі на рулі і што ў яго мёртвы твар.

3 кабіны Куляша дасталі асцярожна, паклалі ў цяні нэ зямлю і не ведалі, што рабіць. На худой старэчай шыі ледяь прыкметна торгалася жылка, супакойвала, што чалавек пакуль яшчэ жывы.

Яшчэ доўга стаяў, удавіўшыся зямлёй, камбайн, ляжаў пад ім Кулеш. Камбайнеры не адважыліся варушыць яго, машыну адправілі, каб выклікалі на поле «хуткую дапамогу» і прывезлі фельчара.

Фельчарка таксама нічога не магла вызначыць і нічога не стала рабіць, толькі паслухала пульс, сэрца. Пакуль прыехала «хуткая дапамога», у полі ўжо былі і інжынер, і аграномка, і Мяцельскі. Доктар з «хуткай» паглядзеў Куляша, развёў рукамі і загадаў асцярожна пакласці ў машыну.

Толькі тады Мяцельскі падышоў да яго, крануў за рукаў белага халат:

— Скажы ў бальніцы, што ў яго кантузія. Яшчэ з вайны. Апошнім часам шлава ў яго пабольвала. Таму няхай не спяшаюць, не мітусяцца. Яму, можа, адпачыць трэба, каб адпусціла.

«Хуткая» асцярожна паплыла па дарозе, пачалі раз’язджацца машыны, і камбайны заступілі ў постаць.

Апошнім з поля паехаў Мяцельскі, нібы хацеў пераканацца, што жніво не спынілася, ідзе сваім ходам. Ужо ў машьіне сказаў шафёру:

— Вот Кулеш і аджыў сваё, — і нібы апраўдваючыся дадаў: — Сёння сказаў мне, што галава пабольвае. Адпачыць не захацеў.