Кулеш здагадаўся, што ўспамін той пра падраненага дзікага галубка выплыў у памяці ад жадання пабачыць, пачуць побач сына.
Ён зноў вярнуўся да свядомасці. На гэты раз белая імгла ў вачах ужо спалохала не гэтак. Ён ляжаў і прыслухоўваўся да пахаў, да гукаў. I прывыкаў глядзець у белы туман.
Маці Люба сварылася тады на яго з-за падстрэленага галубка:
— Дзіця магло пацешыцца. А ты, стары чалавек, узяў падстрэліў птушку. Куды ж цяпер яе?
Ян маўчаў, гаварыць не было чаго.
Пасяліўся дзікі голуб жыць на дварэ пад перавернутай скрынкай. Баба Люба ставіла пад скрынку ваду, сыпала зерне. Першыя дні голуб сіратліва сядзеў у кутку скрынкі, пазіраў сваім кругленькім, тужлівым і, здавалася, збалелым вокам.
Аднойчы Кулеш пачуў, як ён спалохана трапечацца і б’ецца ў сваёй схованцы. Ян выглянуў з хлява на двор. На скрынцы сядзела кошка, прасоўвала лапу ў шчыліну і спрабавала загрэбці голуба кіпцюрамі. Давялося яму пазабіваць шчыліны, каб кот не мог прасунуць лапу і каб не палохаў птушку.
Пакрысе голуб ажыў, пачаў кляваць зерне, піць ваду.
I калі аднойчы Паўлік прыпадняў скрынку, ён выбег з-пад яе і ўзляцеў на яблыню.
— Дальбог, узляцеў! — зарадавалася старая Люба.
— А як мы яго назад зловім? — Паўліку не хацелася разлучацца з птушкай.
— Назад ты яго не зловіш. Паляціць ён сваіх шукаць. Пара ім у чароды збірацца і адлятаць.
Але не адляцеў дзікі голуб, якому давялося пабыць пры чалавеку. Назаўтра Кулеш заўважыў, што прыгожая, нібы вытачаная, птушка сядзіць на каньку іхняе хаты пры коміне. Потым зляцела ўніз і пачала кляваць зерне, якое асталося на тым месцы, дзе зусім нядаўна была яе няволя, дзе ляжала перавернутая цяжкая скрынка.
— Што ж ён сабе думае? Калі не адляціць, прападзе ж зімой, — бедавала старая Люба.
А Паўлік падсыпаў круп, і голуб прылятаў карміцца, злятаў з даху на плот, з плота на зямлю і па-гаспадарску разгульваў па двары.
— Што значыць жывое пры чалавеку! Прыгрэлі, пакармілі, ён і прывык, і жыць ужо тут гатовы, — гаварыла старая Люба.
Скончылася ўсё звычайна і нечакана проста. Мабыць, як і павінна было скончыцца рана ці позна. Кошка ўсё ж прыцікавала новага гаспадара, калі той разгульваў па двары, схапіла і знікла з ім за кустамі агрэсту ў садзе.
Кулеш заўсёды, калі пачынаў думаць пра сына, успамінаў таго голуба. Успамінаў цяпер. Яму хацелася, каб сын прыехаў, пасядзеў побач, пагаварыў з ім. Ён ведаў, што сын прыедзе не хутка, пасля таго як скончыцца камандзіроўка. Але яму хацелася, каб прыехаў сын. Гэтак жа як і калісьці сыну пайсці з ім на паляванне.
Кулеш пакрысе прывык да белага туману ў сваіх вачах, ён не гэтак палохаў, як на першым часе. Ды і дактары суцяшалі, што пакрысе зрок павінен вярнуцца. Ён ім верыў і не верыў, але чалавек заўсёды спадзяецца на лепшае. I гэтае спадзяванне цешыла душу.
Потым Куляша накіравалі ў абласную бальніцу, і амаль праз месяц ён заўважыў, што з белага туману пачынаюць пакрысе выступаць абрысы пакоя, мэблі. Людзі спачатку ўзнікалі аднекуль здалёку, нібы ў маскхалаты апранутыя.
У бальніцы Куляша адведвала Вера. Мар’я паехала і жыла ў вёсцы. Трымаць гаспадарку адна старая маці не спраўлялася, Вера і прывезла Куляша дадому пасля выпіскі.
19
Надзіва залатая і пагодная, як падарунак людзям, стаяла восень. Прайшло крыху дажджоў, але не зацяжных, кароткіх і спорных, нават з громам і маланкамі, далёкімі, быццам сполахі. Не верылася, што канец верасня. Трымалі лісце дрэвы, толькі сям-там зажаўцелася яно, ды загарэліся рабінавыя гронкі, незаўважна абляцеў ліст, і рабіны красаваліся, як раскошныя чырвоныя вогнішчы.
Людзі спяшаліся рабіць работу, пакуль суха, пакуль надвор’е. Скончылася, адшумела жніво, пасеялі азімыя, канчалі выбіраць бульбу.
Пад канец жніва ноччу, седзячы над сваёй канторскай кнігай, раптоўна памёр стары Антон Кіршчэня. Кіршчэніхапачула, як грукнуў ён, упаў з крэсла, пакуль уключыла святло, падбегла, ужо і душа адышла. Перад гэтым Кіршчэня цэлыя дні не ссядаў са свайго маторнага веласіпеда, трашчаў і на полі ля машын, і на цэнтральнай ля вагаў. Пагаворвалі, што пераможна са сваімі запіскамі ён хадзіў у кабінет да Мяцельскага, і ў бухгалтэрыі было чуваць, пгго гаворка там адбылася цяжкая, бо стары вылецеў з кабінета азіраючыся на дзверы, а Мяцельскі пажаліўся галоўбуху, што Кіршчэня некалі людзей раскулачваў, а цяпер за калгас узяўся. Кіршчэня хадзіў жаліцца на старшыню да Радзюка. Парторгу ён паказаў лічбы, з якіх вынікала, што ўраджайнасць знарок зніжаецца. Радзюк ведаў дзеля чаго — каб вывесці канчатковы вынік пасля, калі з калгасаў павытрэсваюць усе дадатковыя планы пастаўкі. Радзюк уважліва выслухаў Кіршчэню і здагадаўся, што гэта, мабыць, не без яго ласкі мінулы год у калгас прыехала камісія, «знайшла» два лішнія капцы буракоў і тры з бульбаю. Мяцельскага разбіралі на бюро, а «лішняе» забралі ў лік дадатковага плана нарыхтовак, які быў спушчаны на раён.