Выбрать главу

Хавалі Кіршчэню як аднаго са старэйшых камуністаў урачыста. 3 раёна прывезлі палкавую духавую музыку. Развітальнае слова гаварыў нядаўна прызначаны новы сакратар райкома. А ў сувязі з тым, што прыехаў сам першы сакратар, разам з ім прысутнічаў і цэлы цуг машын і людзей. Таму жалобны стол рабілі за кошт калгаса, сталы стаялі ў хаце, у сенцах і нават на дварэ. Слоў гаварылі многа, спачатку прадстаўнікі раёна, потым калгаса, потым сельсавета. Адгаварылі яны недзе надвячоркам і ўслед за машынай сакратара райкома пачалі раз’язджацца. Свае, сябры і суседзі, ці як гаворыцца, сябры па працы, сядзелі дацямна і ўрэшце заспявалі песню.

Пасля таго як адсеяліся ўслед за жнівом, лёг у шпіталь для ветэранаў вайны Мяцельскі. Яго замяніў парторг Радзюк. Ён адчуваў сябе паўнапраўным пераемнікам, прынамсі, хацеў, каб усе гэта адчулі і зразумелі.

Галя Русакевіч, якая пасля дзікае сцэны, якую ёй наладзіла Мар’я, з’ехала ў раённую гасцініцу, пажыла там, пакуль аформіла продаж хаты калгасу, наняла машыну і кантэйнеры, у адзін дзень пагрузіла ўсё, зайшла развітацца да старое Любы і да Каці і Волькі ў дзіцячым садзіку. Вярталася яна да дачкі і шкадавала, што прыязджала сюды, бо зноў незразумелым болем разбалелася сэрца, і лекі не дапамагалі.

Пра ўсё гэта расказвала Куляшу маці, калі ён вярнуўся з бальніцы. У яго было ўжо шмат вольнага часу, і ён падоўгу сядзеў з маці на лаўцы альбо, як мог, дапамагаў ёй па гаспадарцы.

Да Куляша, пакуль ляжаў у абласной бальніцы, праз дзень прыходзіла дачка з мужам і малой Леначкай. Мар’я таксама адведвала яго, і нават было чуваць, як першы раз плакала і шморгала носам.

Зусім зрок у Куляша не аднавіўся. Бачыць-то ён пачаў бачыць, але дрэнна, як скрозь слюду, якую некалі замест шкла ставілі ў кабінах трактараў. I нібы адразу ўсяго паменшала навокал разам са святлом. Міжволі ён навучыўся не спяшаць. Спяшаць яму дактары забаранілі, забаранілі і любую, акрамя самай лёгкай, работу.

Жывы чалавек да ўсяго прывыкае, і Ян таксама прывык. Гэта ўсё ж лепш, чым зусім аслепнуць. Жонка крыху пабыла ў вёсцы і зноў зачасціла ў горад да дачкі. Дадому вярталася наездамі, каб памыць, прыбраць крыху і пасядзець з жанчынамі. Перад імі яна нават хвалілася: «А што ж я дурная, каб век зжыўшы з чалавекам, чорту лысаму ў зубы аддаваць яго? Як ні кажы, гэта ж не адной жыць».

Але ва ўсёй размеранасці новага жыцця прыходзіла незразумела чаго раптам вострае, пякучае адчуванне тугі і адзіноты. I тады хацелася некуды ісці, далёка, у свет. I Кулеш пачынаў думаць пра сына. У яго ўсё ж быў сын, быў нейкі працяг у тую далечыню, куды ён не можа дайсці сам.

Кулеш паціху выходзіў у сад, ішоў разоркаю між град за пляцы, туды, дзе на мяжы прысядзібных участкаў і калгаснага поля раслі дзве старыя яліны. Адну з іх разбіла маланка, а другая высілася і здалёк, адкуль ні едзеш, была відаць. Цёмная, кашлатая, яна як дзіўная вежа ўзвышалася над наваколлем. Ад яліны пахла сухою ігліцаю, смалою і нейкаю прахалодаю нават у гэтую восеньскую цяплынь.

Кулеш садзіўся на ўрослы, сцягнуты з поля пад елку камень і гадзінамі праседжваў на ім. Поле зааралі на зіму, і яно, сухое, роўнае, шарэла ўваччу. Тады Кулеш заплюшчваў вочы — і паўставала зелень аселіцы, кусцістая, прыхопленая марозікам рунь, залацісты, бліскучы колер саломы!.. Расплюшчваў вочы — шэрань уставала перад вачыма. Заплюшчваў зочы — і пахамі, кветкамі, галасамі адзывалася дзяцінства, за ім усё жыццё з яго гэтакімі простымі і гэтакімі цяжкімі клопатамі скрозь войны і ліхалецце, са сваімі невялікімі і скупымі радасцямі. Абкрадзенае, абдзеленае, але яго жывое жыццё. А чаму сталася гэтак, што замест святла пад канец жыцця — пустая шэрань перааранага поля? I яго спакутаванай і вечнай маці — аслеплы сын, якога трэба даглядаць. Кулеш думаў, што, калі б ажаніўся з такой, як Галя, яна б даглядала яго. I чамусьці верылася, што не было б гэтай шэрані і слепаты. Навошта пракляў бог і маці, і яго любіць гэтую зямлю, усё аддаць ёй, каб атрымаць толькі шэрань, якая бясконцая, ад якой не ўратавацца тым, што заплюшчыш вочы?