Выбрать главу

Успаміны, і гэтыя нязвыклыя, невядомыя дасюль думкі бянтэжылі душу, цягнулі Куляша да яліны, да ўрослага ў зямлю каменя. Без гэтага ён не мог. I кожнага дня намагаўся, глядзеў туды, дзе над шэранню ворыва абазначалася рэдзенькімі маладымі прысадамі дарога ад цэнтральнай сядзібы да вёскі. I калі асабліва пільна ўглядаўся, то бачыў на дарозе чалавека, мужчыну па хадзе. I тады Кулеш пазнаваў, што гэта Павел, сын, прыехаў на аўтобусе, ідзе дадому. Калі змахваў слязу, якая набягала на вочы, зноў бачыў толькі шэрае, нібы тая ваўчыная аблога, што гнала яго, маладога, пустое асенняе ворыва, якому няма канца-краю.