Спагадлівасць гэтую яна адчула адразу, як толькі ён спыніўся на дарозе, каб падвезці яе. Не шкадаванне, а спагадлівасць, ад якой не ўзнікала пачуцця няёмкасці. I вечарам яна чакала, што ён прыйдзе, як і абяцаў, адрамантаваць дзверы. Не, яны не надта і заміналі, але яна непрыкметна рыхтавалася да яго прыходу — заварыла на травах чай.
Дачніцы з яе не выходзіла, сядзець проста вось так цэлыя дні яна не можа. Ды, мабыць, і незразумела будзе гэтая яе сядня здаровай з выгляду, не зусім старой яшчэ жанчыны. А можа, і сапраўды гэтая перамена клімату дапамагла, не мучыла хвароба? Тады тым больш нельга сядзець адной цэлыя дні, бо і ад нуды захварэць можна. Трэба ўладкоўвацца на работу, а работа дасць не толькі занятак, але і з людзьмі звядзе.
Рашэнне гэтае супакоіла, і Галя заснула спакойным і роўным сном, каб раніцай устаць і ехаць у райана.
Назаўтра Галя пайшла на першы рэйс. У будні дзень людзей на прыпынку амаль не было, толькі дзве дзяўчыны і хлопец, які ўвесь час пазяхаў і пацягваўся — не мог прачнуцца. Раніца абяцала спякотны і пагодны дзень.
У аўтобусе Галя села на сядзенне побач са старой у сінім вязаным жакеце і белай, у макавую крапінку хустачцы. На каленях старая трымала невялікую жоўтую сумку.
Старая спачатку прыглядалася сваімі жывымі блакітнымі вачыма, а потым не вытрывала, прызналася:
— Вот прыглядаюся і не пазнаю, хто вы. Здаецца ж, усіх са Стараселля ведаю.
На твары ў старое была шчырая і добразычлівая зацікаўленасць і жаданне ведаць.
— Русакевічава, — у тон ёй з усмешкай адказала Галя.
— Якога ж гэта Русакевіча?
Старая ўважліва паглядзела на Галю — не ўспамінала.
— Быў такі некалі.
Старая прымоўкла, яшчэ раз паглядзела на Галю, задумалася.
— Дык ці не настаўніка? Варварынага брата? — няўпэўнена запыталася яна. — Вой, галава дзіравая, гэта ж і гаварылі, што ў Варварыну хату дачка яго аднекуль з Сібіру вярнулася. Вой, дак ты ж тады маленькая была, як бацьку твайго забралі. Варвара мне расказвала. Як і забіралі яго расказвала, як пасля маці паехала туды і цябе потым павезла. Варвара баялася, што не даедзеце у гэтакую далеч. Вот гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам…
Старая загаварыла ахвотна і не чакала, каб у яе больш што пыталіся — рада была, што ёсць магчымасць пагаварыць.
— Мы з Варвараю аднагодкі. Яе ўжо і няма, а я жыву яшчэ..
— А куды ж гэтак рана?
— Паеду да дачкі ў госці. 3 унучкам яна малым сядзіць. Казала ёй — прыязджай да мяне на лета. Не хоча. Там у кварціры ў яе і гарачая вада, і халодная. Усе выгоды. I чысціня. Сядзіць там. Завязу ім малачка, яек, агурочак ужо свой ёсць… Цяпер жа труцяць усё ўдабрэннем, а тут свой, на гнаі. А бацька як жа твой, пажыў троха?
— Пажыў. Мог бы і яшчэ.
— А дзе ж ты хочаш, турма, яна здароўя нікому не дадае. Гэта ж яго, Варвара казала, другі раз забралі былі… Многа тады бралі, і цяпер ні чуткі, ні дзейкі. Вой, рабілася. Кіршчэня малады, камсамолец, з наганам калікцівізаваў… А як рабілася? Хто на каго злосны — удасць, што кулак, што людзей на работу наймае. I забралі. Але ж пра гэта не скажаш. А сама як жа, на пенсію ўжэ? Там жа раней пенсію даюць?
— На пенсіі.
— Яно і на пенсіі не ўседзіш. Пакуль здаровы чалавек, трэба ж варушыцца, рабіць. Гэта ж не ў горадзе. У дзярэўні без работы і нуда заесць.
Старая пільна глядзела на Галю сваімі чыстымі вачыма.
Галя ківала галавой. Ад прыпынку да прыпынку аўтобус напаўняўся людзьмі. Жартавалі на заднім сядзенні хлопцы, перагаворваліся між сабой жанчыны, і голас старой уплятаўся ў гэты гоман і дудзенне, на яго ніхто не звяртаў увагі.
За кіламетры два ад горада пачаўся асфальт, і старая заварушылася, каб прайсці да дзвярэй. Тут у мікрараёне на ўскраіне жыла яе дачка, якой яна везла свежае малако.
Выйшла Галя ў цэнтры горада, на плошчы. Райана павінна быў быць тут, у будынку выканкома. Плошча невялікая, з помнікам Леніну. Тут жа стаяў і трохпавярховы будынак выканкома, а райком партыі відаць быў цераз вуліцу, меншы, але акуратнейшы двухпавярховы будынак.
На першым паверсе спыталася ў вахцёра, узышла на другі паверх і хутка знайшла патрэбныя дзверы, абабітыя старым дэрмацінам. У маленькай прыёмнай пажылая сакратарка за вялікай пішучай машынкай адказала на прывітанне, кіўнула галавой, што загадчык на месцы, і зноў пачала друкаваць.