Выбрать главу

Кабінет загадчыка таксама быў невялікі, застаўлены старой пасляваеннага завозу мэбляй. А таму загадчык, малады, хударлявы мужчына студэнцкага выгляду ў акуратным касцюме і пры гальштуку здаваўся ў ім нечаканым і выпадковым.

Ён устаў з-за стала, адказаў на прывітанне, запрасіў садзіцца да стала.

Галя прысела, дастала з сумачкі, паклала на стол перад загадчыкам дакументы, але ён не спяшаўся глядзець у іх.

— Слухаю вас.

I слухаў уважліва, потым толькі перагарнуў дыплом, працоўную кніжку, падаў назад.

— Наогул, нам настаўнікі пачатковьгх класаў патрэбныя. I ў васьмігодку ў «Радзіму» патрэбны. Мы падалі заяўку на размеркаванне. Чалавека нам размеркавалі. Вы не засмучайцеся — практыка паказвае, што дзяўчаты і пасля размеркавання да вёскі ўмудраюцца не дабірацца. Адным словам, адпачніце крыху, думаю, што сітуацыя хутка праясніцца. Да нас да гэтага часу выпускніца не аб’явілася, баюся, што і не аб’явіцца. Ага, мне Мяцельскі плакаўся, што ў іх там у садзіку ніводнага чалавека з дыпломам… Знаеце, Галіна Іванаўна, вы зайдзіце да старшыні. Там, памойму, у садзіку месца так і пустуе. А з першага верасня ўсё стане на свае месцы.

— Мне зайсці да вас яшчэ раз? — Галя ўстала. Усё правільна гаварыў гэты з выгляду занадта малады загадчык. Ён ёй не адмовіў, даў магчымасць папрацаваць у дзіцячым садзіку, каб прыгледзецца.

— Я запісаў, не забудуся.

Загадчык устаў з-за стала і правёў Галю да дзвярэй.

У горадзе яна пахадзіла па магазінах, купіла прадуктаў, не ўтрымалася ва універмагу, памерала і купіла кофтачку — светлую, у буйныя блакітныя валошкі, потым даехала на гарадскім аўтобусе да вакзала.

Бабка, якая ехала раніцай, чакала аўтобуса на прыпынку на выездзе з горада. У сумцы ў яе ляжаў хлеб, батоны. Ста-рая кіўнула Галі як даўняй знаёмай, падсела да яе на сядзенне і адразу ж загаварыла:

— Вот свет стаў кручаны! Гэта ж чаму мая сядзіць тут і баіцца ад мяне ад’ехаць? Пільнуе свайго. А дзе ж ты ўпільнуеш? Неяк пасля абеду вырвалася, каб на базар глянуць. I якраз жа на яго насунулася. Стаіць з цвяточкамі ў руках, чакае. Мая аж утрупела, прытулілася за вуглом. Бачыць, і гэтая яго ідзе. I маладая ж яшчэ, гладкая, накрашаная. На добры лад, маёй трэба было пацікаваць, высачыць іх… А то яна і кінулася, каб морду той паабдзіраць. А тая здаровая, як дала пад дых, дык і свету не ўгледзела. Яшчэ тыдзень чарнякі на твары насіла. А ён завярнуўся і пайшоў. Два дні дадому не паказваўся. А як пачала сварыцца на яго, прыгразіў, што скалечыць. I кіне. Вот свет пайшоў!

Старая гаварыла лёгка, усё роўна як спяшалася, каб пра ўсё паспець расказаць, і не зважала, што людзі ў аўтобусе таксама слухаюць. I яе гэтыя лёгкія словы нібы і не даходзілі да Галі, адскоквалі, адляталі, як бурбалкі. I ўсё ж успомнілася сваё жыццё, найперш, здавалася, вось гэтае адчуванне крыўды і знявагі, калі чалавек зразумеў, што ён не патрэбен, што цераз яго пераступілі і што таму другому ягоныя пакуты нічога не гавораць, яны проста не даходзяць да яго, яму ўсё роўна ці ёсць і будзеш ты на зямлі, ці цябе не стане.

I быццам не сябе, а некага іншага ўгледзела яна там у двухпакаёвачцы, якую ім далі праз пятнаццаць гадоў. Пасля пакоя ў бараку яна любіла гэтую маленькую цесную двухпакаёвачку, якую цяпер называюць «хрушчоўкаю», перш заўсё за цішыню і за тое, што Валодзя раптам перастаў піць, адарваўся ад барачнай кампаніі, якая больш, здаецца, нічога і не ведала, як гуляць у карты і піць «чарніла». Ён і сам нібы пасвятлеў з твару, перафарбоўваў вокны, сам парабіў карнізы на шторы. I аднойчы зусім нечакана прынёс купленыя білеты ў кіно, і яна ледзь не заплакала ад удзячнасці і любові да яго. Запомніліся чамусьці тыя білеты, той паход у кіно, можа, таму, што пачыналася вясна, і паветра было чыстае і звонкае, сіняватае нейкае, ім лёгка і чыста дыхалася. I сінява гэтая, ужо густая, заставалася ў небе, калі яны вярталіся, і зоркі былі вялікія і калючыя, і на гэтую маладосць адзывалася сэрца і пачынала хвалявацца кроў.

Гэта была іх апошняя вясна з Валодзем. Той адвячорак яна памятае, нібыта быў ён учора. Ужо дыхнула першым цяплом зямля, прабілася востра і дружна трава, і зацвіла чаромха. Яна расла ў двары іхняга дома, і таму водар яе праз адчыненыя дзверы на балконе не дурманіў, а наплываў прыемна і соладка.

Яна ставіла вячэру і не заўважала, што Валодзя сядзіць нейкі сцяты, занадта пільна глядзіць за кожным яе рухам і чакае, каб яна хутчэй скончыла мітусіцца.

— Не трэба, Галя. Сядзь, — папрасіў ён крышку глушэйшым, чым звычайна, голасам. I яна прысела на табурэтку, адчувала, як нешта вострае і калючае ўваходзіць знізу ў сэрца, нават не адчуванне было, а ўсяго толькі прадчуванне гэтага тонкага вострага халадку.