23.
Яна была разумнай жанчынай, Мая Леанідаўна, і пасьля таго як цягнік гісторыі зноў набраў ход і над краінай усталявалася стабільна-бязвоблачнае неба, у дырэктаркі зьявіліся нядобрыя прадчуваньні. Аднак, аптымістка па натуры, яна спадзявалася, што ў яе яшчэ ёсьць хаця б пара гадкоў... У кінатэатры штотыдзень адбывалася якая-небудзь імпрэза, білетэрка, пабудзі яе сярод ночы, магла на памяць распавесьці біяграфію любога клясыка айчыннай літаратуры, кінамэханік спакойна мог пісаць доктарскую па дакумэнталістыцы семідзесятых, а прыбіральшчыца мыла падлогу новым дзяржаўным сьцягам. Шафа ў кабінэце Маі Леанідаўны ламілася ад кніг з аўтографамі славутых майстроў культуры – прыемна было часам зірнуць на сьляды заслужаных асадак: “Дарагой Маі з падзякай! Няхай не згасае сьветлы агмень...” і г.д. Кіно ў Жданаве спраўна працягвалі круціць, аднак нейкім чынам яно адыйшло на другі плян. Барадатыя барды, адсьпяваўшыся, забіралі публіку ў бліжэйшую пяльменную жлукціць гарэлку, у залі заставаліся адзінкі, якія не зьвярталі на экран ніякай увагі, а гучна лаялі ўладу. І слова ж ім ня скажаш, бо сталыя ж і знакамітыя людзі!... Аматары бяспройгрышнага галівуду, вядома ж, аддавалі перавагу іншым кінатэатрам, на “Жалезныя сківіцы”ў кіношку імя Жданава, напрыклад, прыйшло толькі пяцёра школьнікаў, што бессаромна прагульвалі дыктант па бумскай мове, дырэктарка ведала кожнага ў твар – дагэтуль іх клясу гвалтоўна прыцягвалі на дакумэнтальны фільм пра Адамовіча, а яшчэ раней – на юбілейную рэтраспэктыву Пташука, з панядзелка па пятніцу. Мая Леанідаўна, застаючыся сам-насам з сваёй параненай душой, неаднойчы вырашала: трэба ратаваць сытуацыю, аднак на наступны дзень да яе прыходзілі юныя паэты-скандалісты, і яна, пагаварыўшы зь імі чвэрць гадзінкі, пусьціўшы сьлязу ад роднай мовы пад яшчэ просячымі малака вусікамі, пагаджалася: “Добра, праводзьце сваю вечарыну”, і праз два тыдні яны прыходзілі: на плітцы перад экранам курчыўся бамбіза ў бруднай вадалазцы, лямантуючы на ўвесь дом: “Сала!!! Сала!!!”, а ў прыбіральні нудзіла на сьцены кагосьці забінтаванага з ног да галавы. Нарэшце гвалдзёж сьціхаў, пачыналася кароткамэтражка пра маладыя гады кампазытара Івана Хруля; Мая Леанідаўна сама не заўважала, як стужка захоплівала яе, прымушаючы ўзгадаць уласную дзявоцкасьць. Ціха граў гармонік у руках лепшага сябра кампазытара, і вядучая дзяржаўнага радыё пранікнёна пыталася пра пляны... Потым у залі запальвалася сьвятло, і дырэктарка знаходзіла сябе ў горкай адзіноце між абоймаў працёртых, бы старыя сёдлы, крэслаў.
24.
Пасьля Новага году кінатэатр на камісіі прызналі стратным і пастанавілі да траўня ліквідаваць установу. “Нядоўга музыка іграла, нядоўга фраер танцаваў”, – прашаптала зласьліва Маі Леанідаўне на вуха дырэктар “Шчасьця”, нядаўна адрамантаванай аграмадзіны ў цэнтры гораду, з “долбі-сыстэм” і більярдам, сынэматографа, што таксама спэцыялізаваўся на выхаваньні моладзі ў патрыятычным духу, толькі ў трошкі іншым. Мая Леанідаўна паспрабавала пратэставаць.
– Ну што вы, – паморшчыўся кіраўнік Кінавідэапракату Гагулевіч. – Вы ж разумны чалавек прагрэсіўных поглядаў. Ну падумайце самі: каму ў новым стагодзьдзі трэба кінатэатр імя Жданава?
Назву кінатэатра Гагулевіч узяў голасам у шматзначны й пагардлівы курсіў.
– Да таго ж маецца заключэньне экспэртаў з санэпідэмстанцыі: памяшканьні вашыя не адпавядаюць нормам... Цесната... І навогул – няправільна гэта: кінатэатр на першым паверсе жылога дому... Вы бы самі змаглі там жыць, у такім доме, а, Мая Леанідаўна? У тым і справа, што не-е-е... Ды вось яшчэ... Грамадзкасьць піша...
Ён пакруціў у руках скаргу таварыша Грышука, паказаў збляднелай Маі Леанідаўне здалёк і тут жа схаваў назад у папку.
– Марнуеце вы там плошчу. Забыліся, што ў вас кіно... а ня што другое. Да траўня памяшканьні здаць. І ніякіх пытаньняў.
25.
У той сонечны травеньскі дзень Мая Леанідаўна, як чалавек, якому ўжо няма чаго губляць, выйшла з трамвая на прыпынку “Кінатэатр імя Жданава” апоўдні, спазьняючыся на працу роўна на тры гадзіны. “Тонучы карабель”, – зь невясёлай усьмешкай падумала яна, затрымаўшыся крыху перад вэртыкальна прымацаванай да сьцяны чырвонай аблупленай шыльдаю, што адчайна хапалася за тынк жалезнымі лапамі. “Мой тонучы карабель. Капітан будзе на ім да апошняга. Толькі вось патануць мне не дадуць.Калі судна скрыецца пад вадой, капітан спакойна сядзе ў шлюпку й празь пяць хвілінаў апынецца на бліжэйшым беразе”. З вялікім чорным валуном на душы дырэктарка зайшла ўнутр, ля касы было звычна прахалодна й пуста; яна папіла кавы зь білетэркай, паўшчувала дружалюбна прыбіральшчыцу й пайшла ў свой кабінэт.