Сёньня Даражка чакала чарговая кантора з тых, дзе ён мог бы знайсьці сабе заробак. Дагэтуль яго паўсюль сустракалі ласкава, вакансіяў было шмат. Выходзіў старшы мэнэджэр, пачынаў распавядаць пра абавязкі й выгоды, бачыў лагодны, шчыры твар Даражка, які то захоплена ківаў, час ад часу задаючы ўдакладняючыя пытаньні, нязьменна ў цяперашнім часе: “Значыць, я мушу а пятай... А я, значыць, еду ў банк і...”, то напускаў на сябе сур’ёзнасьці й, праціраючы вочы, горка прамаўляў: “У вас занадта высокая, як для мяне, зарплата...” – і старшы мэнэджэр распаляўся, і маляваў схемы, і рваў аркушы з блякноту, і знаёміў з супрацоўнікамі, а Даражок усьміхаўся, быў з усімі ветлівы і ў той жа час карэктна кампанейскі, потым паціскаліся рукі, прызначаўся на заўтра час афармленьня дакумэнтаў, Даражок даваў – “на ўсялякі выпадак!” – нумар тэлефону Драпковіча й бясьсьледна зьнікаў. Празь некалькі дзён Даражок дамаўляўся па тэлефоне аб сустрэчы з гаспадаром вялікага офісу, чалавекам з маркотным голасам, што сьведчыла пра ягонае багацьце, і празь некалькі гадзін у жыцьці Даражка зьяўлялася сакратарка, якая ішла за высокія дзьверы дакласьці. “Барыс Міхайлавіч прыме вас празь пяць хвілін...” Даражок праваджаў юрлівым позіркам яе загарэлыя, глупыя ногі, уцягваў у сябе воблачак водару парфумы, і не пасьпявала сакратарка сесьці за стол, як на крэсьле перад ёй сядзеў сьлед Даражка і кашляў проста ў твар, а нядаўні наведнік ехаў сабе ў маршрутцы й ціха цешыўся з таго, што так спрытна ўратаваўся.
32.
Ён выйшаў з дому, калі ўжо прыпякала; трое катоў праводзілі яго насьцярожанымі вачыма. Зазвычай на лаўцы сядзелі вечныя, велічныя й старажытныя, як руіны Парфэнону, бабулькі – зрэшты, каты, што занялі іхнае месца, выглядалі ня менш салідна. Не было відаць і дворнічыхі, зь якой Даражок заўсёды вітаўся. Між ідыёцкіх рознакаляровых пысаў іншамарак стаяла некалькі пустых бутэлек з-пад шампанскага. Даражок дастаў цыгарэту; высьветлілася, што ён забыў запальнічку. Аднак вяртацца не хацелася, надта ўжо прыязнай была зь ім сёньня вуліца. Змрочныя думкі пра тэлефонную кабінку на паштамце пакрысе зьнікалі – усё ж моцна прыкутыя дзьвюхногія да зьменаў прыроды, варта сонцу зьявіцца, і можна здымаць вяроўку. Нырнуўшы ў зялёнае, нешта рэпэтавалі птахі. Даражок не дайшоў яшчэ да крамы, а ўжо забыў пра газонакасільшчыка й пра Драпковіча – пагатоў, і ля крамы людзей чамусьці не было, хаця там зь сямі гадзінаў штодня таўкліся ведама хто. На тым баку вуліцы, як цалкам скончаныя скульптуры, віднеліся штабелі пліткі. Даражок прайшоў далей, запаліць трэба было зараз жа, інакш – катастрофа, сьмерць, выгнаньне. Нечакана для сябе самога ён усьміхнуўся, але тут жа сьціснуў вусны і аглядзеўся вакол. Ніхто тут ня мусіць бачыць ягонай усьмешкі. Абапал алеі нясьпешна пагойдваліся дрэвы. Раз-пораз яму здавалася, што між дрэваў зьяўляецца нечая постаць, але ніхто так і ня выйшаў яму насустрач. Пасярод дарогі над раструшчаным пачкам печыва, якое, відаць, нехта выкінуў з вакна машыны, нэрвова ківаў галавой голуб. Даражок спыніўся ля пешаходнага пераходу, дачакаўся зялёнага сьвятла й падыйшоў да прыпынку. Зубы на рэклямным шчыце заклікалі да карыесу.
– Запальнічкі ня будзе ў вас? – сказаў Даражок ў цёмнае адчыненае вакенца шапіку й сунуў цыгарэту ў рот. Прадавачка яго ведала: не па імені, не, толькі ў твар. Яны пасьміхаліся, бывала, адно адному: навошта? Ён пачакаў, потым дастаў з кішэні дробязь. Словы пра запальнічку прагучалі неяк недарэчна, не пасавалі яны неяк гэтай раніцы. Даражок прыгнуўся й зазірнуў у шапік, гатовы вось-вось апынуцца вочы ў вочы з прадавачкай, якая, мусіць, зараз пад прылаўкам, ды не: нікога там не было, толькі чырванела запальнічка побач з касавым апаратам. Даражок ужо працягнуў руку, але тут за шапікам пачуліся грузныя крокі, ён імгненна вярнуў запальнічку на месца й нават міжволі схаваў рукі за сьпіной. Птахі сьпявалі гучна, нібы недзе ў Неглыбокім. Крокі паўтарыліся. Даражок абыйшоў шапік, ужо апранаючы на твар патрэбны выраз. Але і там нікога не было. Зь вялізнай разламанай картоннай каробкі выскачыў кот і кінуўся ў кустоўе. Даражок вярнуўся, запаліў і пайшоў да мэтро пехатою.
“Усё зразумела”, – падумаў ён, падыходзячы. “Усё, усё зразумеленька. Людзі-коткі. Галівуд. Мне, як заўжды, не пашанцавала”. Аднак катоў ён болей не спаткаў. Мэтро было прахалодным, Даражок атрымаў па левым калене, калі паспрабаваў прайсьці бясплатна – ён абыйшоў турнікеты бясьпечным шляхам і прысеў на лаўку у цэнтры плятформы. У яго было такое адчуваньне, што цяпер ноч і ён чакае апошняга цягніка. Аднак была раніца, і калі ён і мог куды-небудзь адсюль зьехаць, то толькі з глузду. Гадзіньнік добрасумленна паказваў час. Калі Даражок хацеў пасьпець на сустрэчу, яму трэба было сьпяшацца.