Ён вярнуўся наверх, прайшоў па Абрыкосавай, зьвярнуў на Вінаградную, пастаяў у ценю на Цяністай. На вуліцах былі прыпаркаваныя машыны, блішчэла шкло, віселі расклады працы крамаў і прадпрыемстваў. Зьнерухомеў тралейбус у тралейбусным парку (мэханік, гад, пераблытаў правады). Застыў з раскрытымі абдымкамі перад школай экскаватар. Імкнуліся ўкусіць сябе за хвост сьцягі на афіцыйных установах. Паўзла кудысьці рака. Абурана азіраліся вакол помнікі. У горадзе гаспадарылі сонер і ветра. Плястмасавыя крэслы стаялі на століках у непрыстойных позах. І толькі вучоны хамяк Сапіенс кудысьці падзеўся.
Ад станцыі да плошчы пешшу – тры гадзіны. Даражок ішоў, зусім ужо вар’яцеючы, прысаджваўся на лаўкі, прыпальваў, карыстаючыся чырвонай запальнічкай, скрадзенай у прыватнага прадпрымальніка Губанава, крочыў па тратуары, строга выконваючы правілы дарожнага руху. І толькі на мосьце ня вытрымаў, спыніўся, стаў на бэтонную тумбу й закрычаў у горад:
– Аўтара! –
– як быццам ён так ужо хацеў аўтара. На скрыжаваньні Даражок павярнуў туды, дзе месьцілася кантора – ён зьбіраўся сёньня быць там, гаварыць, дыхаць, пакідаць сьляды на падробным паркеце. Каля пад’езда стаяла раскошная, як маладая афрыканка, машына. Даражок асьцярожна ўвайшоў, нават пагрукаў перад тым як увайсьці ў прыёмны пакой. Але нарвацца на вокрык у гэтым горадзе было ўжо немагчыма. Па прыёмным пакоі кружляла звонкая муха. Ён, парыпваючы падэшвамі, прайшоў у кабінэт. На стале ляжаў адгорнуты блякнот, і ў ім, сярод мноства выдуманых, няісных прозьвішчаў і імёнаў, аптэкарскім почыркам было выдрапанае і імя Даражка. Спазьніўся на дзьве з паловай гадзіны. Аднак гэта было ўжо няважна. Толькі цяпер ён зразумеў, што застаўся ў горадзе абсалютна адзін.
33.
Сто разоў уяўляў сабе тэрарыст Ягорка, як кідае бомбу ў царскі экіпаж, аднак у вырашальны момант разгубіўся, зьняў капялюш ды пакланіўся па-рабску ў пояс танаванаму шклу вокнаў – і пашыбаваў прэч, праклінаючы сябе; утапіў пякельную машынку ў ставе на Патрыяршых, вярнуўся ў свой стылы пакойчык на Мойцы ды павесіўся на кальсонах. Тысячу разоў думаў калісьці Даражок пра тое, што ён зробіць, калі патрапіць у рай адзіноты, а цяпер усё пайшло неяк наперакасяк, і зьдзяйсьненьне самага важнага, здавалася, можна лёгка пакінуць на бясконцае потым – пасьпеецца – а цяпер дазволю сабе адпачыць. І былі ягоныя дні занятыя дзіўнымі й дробязнымі справамі, і горад быў вялікі, пакорлівы й паслужлівы; і Даражок марнатраўнічаў, як хацеў. Пра тое, што Яны могуць раптам вярнуцца, думаць неяк не хацелася; гэтак ня хочацца ў выходны дапускаць існаваньне панядзелка, гэтак у ложку з жанчынай ня верыш, што яна можа ад цябе калі-небудзь сысьці. Вечная нядзеля, пэрманэнтнае сьвята; вясельны абед на адну пэрсону.
Што ён рабіў у першы тыдзень сваёй доўгачаканай адзіноты, ён, Даражок, шчасьлівы й трохі зьбянтэжаны ўладальнік уласнага гораду, нібы незабыўны ад самага дзяцінства Кармадзі з кнігі “Прадаецца плянэта”? Сьнедаў у “Італьянскім куточку”, на адкрытай тэрасе, абедаў у малой залі рэстарацыі “Патсдам”, вячэраў у “Таджыцкай кухні” – сам сабе кухар, сам афіцыянт, сам кліент. За першыя два дні паглядзеў усё тое модна-жорсткае кіно, на якое калісьці не ставала грошай. Пераспрабаваў мора цыгарэтаў і ўрэшце спыніўся на “Лакі страйку”; адзін дзень Даражок не паліў зусім – абкурыўся паганымі й дарагімі цыгарамі. Пасядзеў у прэзыдэнцкай ложы на стадыёне. Лянотна пагартаў шыкоўныя выданьні ў “Сьвеце кніг”, аднак жаданьне чытаць, дагэтуль дастаткова моцнае, зьнікла як і не было, і Даражок, пазяхнуўшы, падумаў: “Потым”. Нічога не чапаючы, пахадзіў па некалькіх незачыненых кватэрах у цэнтры, неўзабаве ўсё ж ня вытрымаў: пакахаўся зь нечымі ачмуральна-кужэльнымі майткамі, асьцярожна выцершы за сабой; сунуў у кішэню суворага выгляду пісталет, аглушыўшы вечарам таго ж дня ў парку сям’ю разамлелых ад цішыні качак (страляў ён, натуральна, не па птахах, а па піўных келіхах, выстаўленых на каменны парапэт – сем стрэлаў, і ўсё міма); пасадзіў на плячо зусім нерэальнага нават у гэтай казцы ручнога ворана, які еў асірацелых прусакоў у трохпакаёўцы каля цырку; ахайна, строга захоўваючы пасьлядоўнасьць, праз роўныя прамежкі часу перакалаціў малатком дваццаць восем гліняных галоваў, раскіданых па нечай майстэрні; у другой майстэрні натрапіў на надзіманага чалавека, фігуру якога складалі штук дваццаць вялізных поліэтыленавых пакецішчаў: усьмешка, рот, вочы, нос, рукі й гэтак далей; гуляў у нейкае падабенства сквошу сам з сабой на могілках, прайграўшы ўсе партыі; зрабіў на цэнтральнай плошчы вогнішча з газэтаў (думаў, атрымаецца вялікае), падняўся на трыбуну й доўга стаяў, выкінуўшы руку ў фашыстоўскім прывітаньні (з трыбуны вогнішча выглядала убога); накарміў нейкага зусім ужо лядашчага ката дэлікатэсамі й ледзь уцёк ад зграі ягоных суродзічаў, якім заставалася, відаць, няшмат часу, каб навучыцца самім пранікаць у запаветныя сховы; патрынькаў трохі на “Фэндэры”; перапіў абсэнту і глупым чынам заснуў на падлозе ў адзьдзеле цацак самага буйнога супэрмаркету.