Выбрать главу

34.

Спачатку Даражку было жудкавата адчуваць сьпінай гэтыя скіраваныя штохвіліны толькі на яго н і ч ы е позіркі – можа, таму ён гэтак імкнуўся рабіць як мага болей шуму, можа, таму ён стараўся ні на імгненьне не заставацца цалкам цьвярозым.

Жыў ён цяпер у сьціплым, але чыстым, як правінцыйны бардэль, гатэлі “Пераможца” – і ўсё таму, што тут некалі, падчас ягонай вучобы ва ўнівэрсытэце, спыняўся сам Эліс Найтмар, ужо ў тыя дні занадта стары й незапатрабаваны, каб граць дзе-небудзь яшчэ, апрача як у гэтым горадзе; Дзядзьку Найтмара ў сталіцы памяталі хіба што толькі саракагадовыя пярдуны, а вось у Неглыбокім яго круцілі на кожнай дыскатэцы. Дзядзька Найтмар даў тады адзін канцэрт у Палацы спорту, на які Даражок хадзіў з Драпковічам і ягонай сяброўкай, але ў памяці засталося газэтнае: “Эліс Найтмар, рок-зорка 70-ых, будзе начаваць у нумары 79 гасьцініцы “Пераможца”. Цяпер Даражок спаў на тым жа ложку, на якім дрых калісьці СупэрАнкл. Калі гэта было? Піць абсэнт, глядзець зь сёмага паверху на тое, як Даражокбург падстаўляе плечы травеньскім маланкам, уварочвацца ад пранізьлівага погляду ворана. Яны ня вернуцца. Ніколі.

35.

У сераду Даражок напісаў першую карціну, адшукаўшы патрэбныя прылады ў адным сьмярдзючым падвале: свой аўтапартрэт – атрымаўся нехта падобны да маладога Ганібала Лектара. Ён павесіў карціну ў пакоі, дзе калісьці жыў Драпковіч, – палова дня была патрачаная Даражком, каб узламаць дзьверы. Раніцай наступнага дня Даражок сабраў па некалькіх буціках стос рэклямных картонных хлопцаў з дэзадарантавымі ўсьмешкамі й расставіў па ўсёй вуліцы Молатава – узьняўся вецер, некаторыя пападалі, зьбіваючы астатніх. Увечары ён паглядзеў тэлевізар: Арафат быў хутчэй жывы, чым мёртвы, вёска адраджалася, а апазыцыя занепадала, і людзі адзначалі свае маленькія перамогі, і горад, гаспадаром якога быў цяпер Даражок, здаваўся на экране больш рэальным, чым насамрэч. У інтэрнэце спрачаліся, каму быць трэнэрам сборнай краіны па футболе. На наступны дзень Даражок патэлефанаваў бацькам у Неглыбокае. Слухаўку ўзяла маці: сам зьдзіўляючыся, ён пачаў вярзьці нешта пра падвышэньне заробку, а тая, нібы адчуўшы перагар з сынавага роту, завяла вечную сваю песьню: ня пі, ня пі. У суботу Даражок загрузіў тое-сёе ў новенькі пікап і паехаў да кальцавой дарогі. Сонца імчала наўздагон; воран безуважна паглядаў у люстэрка задняга агляду. Зьлева зьявіліся аграмадзіны шклозаводу – Даражок не зьмяншаючы хуткасьці разьвярнуўся й паехаў назад да гораду. Указальнік на ўзбочыне выглядаў дзіка, яшчэ глупей – бэтонныя літары “Сардэчна запрашаем!”, што стоўнхэнджам грувасьціліся на ўзгорку.

Тэлевізар ён цяпер глядзеў штодня. У нядзелю Даражок кінуўся галавой уніз з вакна нумару 79, але потым ачуняў, сеў на падваконьне, паглядзеў з сорамам на распасьцертае ўнізе цела са знаёмай патыліцай, махнуў рукой: “Каты зьядуць” і вырашыў, што заўтра ўсё будзе па-іншаму. Карыстацца дык карыстацца.

36.

Гэта адбылося раніцай панядзелка ў фае; яшчэ на прыступках Даражок, нібы дасканалая жывёла, адчуў: за ноч тут нешта зьмянілася. Ён пастаяў крыху наверсе, скідваючы попел у кветкавы гаршчок, насьцярожаны ягоны позірк пераходзіў ад патрыятычных пано на сьценах да стойкі адміністратара, ад шкляных дзьвярэй, што вялі ў рэстарацыю, да цёмнага правалу калідору зьлева, з муміфікаваных пальмаў на нізкую столь, з пустэчы на пустэчу, зь нішы на нішу. Уначы прайшоў дождж, дзень пачынаўся неахвотна, шэра, у фае гарэла сьвятло, робячы вуліцу за празрыстымі ўваходнымі дзьвярыма яшчэ больш бясколернай; было такое ўражаньне, што на двары кастрычнік. Даражок зрабіў некалькі крокаў уніз, пагасіў цыгарэту й пабачыў іх – Сьляды.

Так, чарада зусім невялікіх сьлядоў ад мокрых і гладкіх падэшваў цягнулася ад уваходу да стойкі адміністратара, а затым аддалялася ў бок рэстарацыі. Сьляды пасьпелі трохі падсохнуць; па краёх іх цямнела ломкая корачка вулічнай гразі. Даражок добра памятаў, што лівень, магутны й кароткі, якія часта бываюць напрыканцы траўня, пачаўся не раней чым апоўначы, разбудзіў яго на некалькі страшных хвілінаў; да гэтага некалькі дзён было пагодна й суха – так што Даражку сьляды належаць ніяк не маглі. Ён узьняў падбародзьдзе й драпежна панюхаў паветра ў пошуках Другога.