Выбрать главу

— Што згарыць, то не згніе!..

Уладзімір кінуўся да дзвярэй, Люба нехаця адступіла ўбок, ён ледзь праціснуўся, каб не даткнуцца да яе адрузлага цела. Выскачыў на веранду, і ў гарод — адтуль за ляском быў відаць іх пасёлак.

І пабачыў зарыва, вялікае, нечым нават святочнае. Не барвова-крывавым свяцілася неба, а жывым, трапятка-памаранчавым.

— Што там гарыць?

Гэта Толік выйшаў у гарод, пачухваў пад пахай, пытаўся нездаволена: от ты скажы, такі вечар добры быў, зараз бы пасядзелі так файна...

— Не разабраць... ды чаму там яшчэ гарэць... пяць хат.

Уладзімір хутка выкаціў на вуліцу свой матацыкл, нервова тузануў нагой завадны падважнік.

Выехаў з цэнтральнай сядзібы на дарогу да пасёлка — кіламетры два заставалася, і зразумеў, што няма чаго цешыць сябе надзеяй: ён даўно ўжо вызначыў за гэтулькі гадоў кірунак на сваю бацькоўскую хату ад гэтага вось месца. Толькі яна магла зараз гарэць. Ці бабкі Праскоўі, яна стаіць якраз за хатай Жабруноў. Але з чаго сярод ночы гарэць бабінай хаце, калі яна і печ даўно не паліць?

За кіламетр апошнія сумневы зніклі. Добра відочныя на чорным небе языкі яскрава-памаранчавага колеру, чорны на тле зорнага неба хвост дыму ўздымаліся ад іхнай хаты. Дагнаў пажарную аўтацыстэрну — калгасную.

— Валодзька, дзе ў вас студня там блізка? — крыкнуў яму з кабіны Сяргей Вакульчык, пажарнік, хлопец на два гады старэйшы, з франтаватай вузкай паласою чорных вусаў, упакаваны ў спецадзенне, з хэлмам на галаве.

— Адразу на ўездзе! Што, без вады едзеце?

— Дык, тваю маць, во бочку завезлі ў Плянту! Гулянка там...

Плянта — месца знакамітае. Нейкі прыезджы прыватнік узяў у арэнду возера ў лесе, на беразе паставіў дом адпачынку. З басейнам, бо возера само праз сябе топкае і плыткае, не пакупаешся. Месца ўпадабалі і мясцовыя начальнікі, і з раёна як хто прыязджаў, то цэлілі туды патрапіць — як далей ад людскіх вачэй...

Першая палова хаты ўжо ўся была ахопленая полымем. Некалькі старых у разгубленасці стаялі перад надворкам, не ведаючы, як даць рады бядзе — вёдрамі тут нешта рабіць было бессэнсоўна.

Уладзімір кінуў матацыкл на траву, падскочыў:

— Брат дзе? Бачылі?

Нехта з жанчын спалохана ўскрыкнуў; забожкала, зашапталася ўстрывожана і рэшта.

Уладзімір кінуўся да тыльнага боку хаты, да другой паловы, якая яшчэ чарнела звонку і ўнутры.

— Ой, Валодзечка, не лезь! Не лезь, бо зарэ, як акно разаб'еш — чмыхне, спаліць! — загаласіла нейкая бабця за спінай. — Не ўратуеш ужо яго, як ён там застаўся...

Уладзімір наблізіўся да акна, што было ў ягоным пакойчыку, зазірнуў. Нічога не пабачыў — як малака хто наліў у пакой па самую столь — так дыму нацягнула. Ды наперадзе ледзь паблісквала чырвоным у дзве паласы — гэта праз шчыліны дзвярэй прагнула праткнуцца полымя.

Дакрануўся да шыбы і адчуў, якая яна гарачая, не вытрымаць. Наважліва стукнуў локцем, зазвінела шкло. Прасунуў руку, адшчапіў рамы, расчыніў. У твар ударыла едкая гарачыня. Зразумеў, што яшчэ момант — і ўсё бухне, што тут не гарэла, бо не ставала полымю паветра. Малюнак выбуховага загарання на момант затрымаў яго, але Уладзімір прагнаў страх, падцягнуўся і кульнуўся ў пакой, заплюшчыўшы вочы.

Апынуўся перад шафкаю, пацягнуў дужку і суцешыўся — от добра, што гэтым разам не стаў замыкаць ад брата. Хапіў усе паперы, усё, чаго было там: дакументы, розныя даведкі, страхоўкі, грошы, ашчадныя кніжкі, карацей — усю сваю хатнюю бухгалтэрыю — і, адчуваючы вострую рэзь у вачох і боль, што раздзіраў грудзі, сеў на падаконне, потым скочыў. Упаў на калені, хацеў устаць, выпрастацца, як раптам хакнула ззаду, нібыта ўздыхнуў нехта велізарны, з усхліпам, і з расчыненага акна вырваўся зыркі, пякучы струмень агню, усё адно як дзьмулі адтуль, з пакоя, тры пашчы Змея Гарынавіча...

Выпаўз чацвярыцай далей ад хаты, азірнуўся — яна амаль уся была ў агні.

— Цэлы, Валодзька? — кульгаў да яго сусед, дзед Мірон.

— Цэлы, дакументы во... Не бачылі брата?

— Ды ніхто не бачыў... Беглі — толькі відаць было, як за акном шугае ды дым з-пад страхі ідзе. А бліжэй падышлі, то шкло — трэсь, а яно як шугане — да неба! І ўсё ўсхапілася, як бензінам хто абліў... Даўно гарэла ў хаце, паветра не ставала, от знайшло сабе дарогу — праз столь... Дзе тыя пажарныя?

— Ваду набіраюць... У нас, са студні.

— Трасцу яны набяруць, там ніякіх шлангаў не стане, вада так глыбока, а тае вады — на адно колца! Ёлупні, вашу маць, з парожняй бочкай ехалі... — вылаяўся стары.

Пажарныя прыехалі, пачалі разгортвацца, хоць і подбегам, але без асаблівага імпэту — што тут ратаваць, які сэнс? Сцены ўжо гарэлі суздром, дах і столь праваліліся ў трысцене...