Вады хапіла пажарным хвілін на дзесяць, потым паехалі набіраць ваду да другога калодзежа. Хвілін за сорак прыйшла машына з райцэнтра, за ёй яшчэ адна. Але ратаваць не было чаго. Лілі ваду, бо агонь гарэў. Людзей пазбіралася шмат, моладзь прыбегла з клуба падзівіцца на пажар — тут цікавей, чым на танцульках, усё ж падзея.
Каля чацвертай раніцы, калі стала добра віднець, полымя патушылі, дымілі толькі асобныя галавешкі.
Увесь гэты час Уладзімір сядзеў на бярвенні воддаль, курыў адну за адной цыгарэты. Потым безуважна глядзеў, як ходзяць па пажарышчы пажарныя, нешта шукаюць. Зразумеў — брата шукаюць.
Брат-алкаголік — трыццацігадовы нягеглы мужчына, якога па чарзе выганялі з прымаў адна за адной жанкі цэнтральнай сядзібы калгаса, і ён зноў вяртаўся ў бацькоўскую хату. Улетку яшчэ было тае бяды: не брат шукаў працу за чарку, а праца шукала яго. У вёсачцы, дзе адзінымі непенсіянерамі заставаліся браты Жабруны, дужыя мужчынскія рукі заўсёды былі ў патрэбе. І раніцай бабулькі выстойвалі пад хатай у братоў, калі прачнецца старэйшы, Ігнат. А ён выходзіў, чухаючы запалыя, зарослыя рэдкім валоссем грудзі, аглядаў суседзяў, важна пытаўся, у каго работа пільнейшая, вызначаў час і заплату. А іншым разам і адмаўляў, паблажліва кідаючы: “У мяне ўжо на тыдзень усё распісана”.
Горай было познай восенню, зімой, калі ніякай такой працы для Ігната не было, і ён канькаў ува Уладзіміра на пляшку чарніла, выпіваў, сядаў перад тэлевізарам на старой канапе, напоўніцу пускаў гук, пстрыкаў пультам, выбіраючы сабе перадачу па душы. Гучна рагатаў, гучна каментаваў бачанае, намагаючыся перакрычаць тэлевізар.
І пад тое курыў адну за адной смярдзючую “Астру”, гарачы попел часам сыпаўся на канапу, і на той расла колькасць чорных плямаў і круглых, з чорнымі берагамі дзірак.
Яго і знайшлі на рэштках канапы, дакладней тое, што засталося ад чалавека: абгарэлыя косткі.
Стоячы ў ранішнім сутонні перад пажарышчам, дзе грувасціліся і дымілі яшчэ чорныя бярвенні і два коміны дэманстравалі сваю чырвона-цагляную аголенасць, якую хавалі дзесяцігоддзямі на гарышчы, Уладзімір пакуль што адчуваў страту толькі аднаго: таго архіву запісаў, артыкулаў, які збіраў па сеціве ў свой кампутар. І самога кампутара з самаробным сталом, за якім так утульна пачувалася, за якім наступала новае жыццё, трываў свой асаблівы сусвет.
Тое месца, дзе быў ягоны пакойчык, здавалася цяпер, без сценаў, вялікім. Ад новага манітора засталася чорная горка расплаўленага пластыку, металічны корпус сістэмнага блока быў чорным, але цэлым, недзе варухнулася думка, што, можа, і дыск яшчэ запрацуе... Але потым веды і досвед тэхніка-электрыка згасілі кволую надзею.
Раніца разгаралася, святлела і спакваля адкрывала Уладзіміру ўсю велічыню яго страты. У чорным папялішчы былі незваротнасць і рэчаіснасць: трэба заказваць труну для брата, прасіць, каб капалі магілу, трэба недзе шукаць сталы на хаўтуры, набываць прадукты і гарэлку, гатаваць...
Нечаканыя хаўтуры — не запланаванае вяселле. Два дні мінулі ў тлуме і беганіне, Уладзімір амаль не адрозніваў гадзін. Балазе, дапамаглі ў калгаснай кавярні — толькі заплаціў, усё зрабілі. Дый сам калгас дапамог і з труной, і з машынай. Суседзі, вядома ж... А найбольш Алена, яго колішняя аднакласніца, развядзёнка з двума дзецьмі. Яна, кухар у кавярні, лічы, і была галоўнай распарадніцай на неспадзяваных хаўтурах, і ў вёсцы адкрыта казалі, што цяпер Уладзіміру адна дарога — да яе парога, бо што рабіць адному на папялішчы? Алена ж — жанчына спраўная, характарам добрая, дзеці дагледжаныя і парадак у хаце, і на твар не благая, і да работы не гультайка, і што ж ёй адной векаваць, і чаго Уладзіміру нешта думаць, і гэта ж некалі яны і ў кіно разам хадзілі, і на лавачцы, было лета адно, праседжвалі да трэціх пеўняў. А што не дачакалася Алена Уладзіміра з войска, дык маладосць, што тут паробіш, ды яшчэ бацькі ўгаворвалі, упадабалі яны былі маладога тэхніка-асемянатара. Ну, хіба што работа такая — быком працаваць, дык і такую работу некаму трэба рабіць, а плацяць яму добра, во і дамок новы калгас дае на сядзібе...
Калі людзі разышліся з кавярні, Алена запрасіла Уладзіміра сама — проста пакуль што пажыць, бо начаваць жа няма дзе.
Уладзімір адмовіўся, як мог падзякаваў, адводзячы вочы ўбок — ён адчуваў сябе абавязаным перад Аленай, перад усёй вёскай, у якой пасля пахавання, за хаўтурным сталом, толькі і гаманілі пра іх, і мужчыны проста сцвярджалі, што не бывае шчасця без няшчасця. Уладзімір цяпер як бы ішоў супраць усіх, разбураў акуратна складзены агулам і ёй, Аленай, няхітры план, у якім усім было добра і хораша.