Можа, ён і пайшоў бы ў той вечар да Алены, што прагла мужчынскай ласкі. Калі б не яшчэ адна погаласка, што шамацела ў размовах бабулек ды дзядоў.
“Праклён”.
Даўны, на ўсю вёску накладзены, а найперш на іхны род — Жабруноў, з якога адзін Уладзімір цяпер і застаўся. Нікога болей няма, апрача яго, ніхто болей у вёсцы не носіць гэтага прозвішча, а некалі ж — ого! — Жабруноў палова вёскі было, успаміналі старыя. Цяпер няма. І ці не кожную сям'ю напаткаў вось такі лёс: нехта гінуў у агні, а калі хто і ратаваўся, дык гінула ўсё на надворку ў бязлітасным пажары: дом, гаспадарка, жывёла.
Уладзімір застаўся ў дзеда Мірона на колькі дзён — хата ў дзеда вялікая, то далі адзін пакойчык. Дзеці ўнукаў яшчэ не папрывозілі, пакуль што ў летніках... Уладзімір разбіраўся з паперамі. Раптам у яго ў руках апынулася вялікая сума грошай: і страхоўка за дом, і што на пахаванне давалі, не ўсё патраціў, і ад калгаса, і людзі пазбіралі. Ён меўся ехаць на сесію, узяў адпачынак, адразу за два гады, бо леташні не адбыў — захварэў механізатар, давялося ісці памочнікам камбайнера. Дык і адпускныя далі за два гады. Прыкупіў сабе што з адзення на лета.
Яшчэ тыдзень заставаўся да ад'езду на сесію. Адзіная справа, якой ён змог заняць сябе — разграбаць папялішча.
Пажарныя ўсё ж адну карысную рэч зрабілі — не далі агню перакінуцца на блізкі хлеўчык. Жыўнасці там не было ніякай, а вось інструменту шмат. Галоўнае — бензапіла. Уладзімір цяпер выцягваў чорныя бярвенні, абчэсваў сякерай вуголле, потым рэзаў і адразу шчапаў. Што ж, будуць вось дровы дзеду Мірону, не прападаць жа... Абмые яшчэ дожджыкам, прасушыць сонцам...
Рабіў старанна, па парадку, як і заўсёды любіў: няспешна, але настойліва, каб не пакідаць нічога па сабе, каб не вяртацца. За першы дзень змарыўся так, што ледзь дакандыбаў до копанкі за вёскай, дзе хацеў памыцца. Шараваў сябе мо з паўгадзіны, але якое тут мыццё — халоднай вадой сажу не змыеш... Нічога, за чатыры дні будуць паліць лазню на сядзібе...
Тры вянцы зруба знізу засталіся амаль цэлымі, папытаўся ў дзеда — ці трэба іх рэзаць, той толькі махнуў рукой: дрэву гэтаму гадоў пад пяцьдзясят, каму яно сёння трэба? Ды і па вуглох спарахнела крыху. Рэж на дровы.
Уладзімір меўся канчаць на сёння, але на трэцім рэзе бервяна не заўважыў цвік, скрыгатнула так, аж у пячонцы аддалося. Давялося здымаць ланцуг пілы, вастрыць — не мог такую работу пакінуць на заўтра.
Сонца схілілася нізка на захадзе. Было ціха (тут у іх наагул заўсёды вельмі ціха!), таму Уладзімір здалёк пачуў крокі — шорганне нечых ног у высахлай траве. Зірнуў з-пад рукі, і сэрца ўздрыганулася — да яго ішла Алена.
Ён бы зманіў, каб сказаў, што не думаў пра яе начыма. Думаў. Ляжаў у чужой хаце, на чужым ложку і чужой бялізне — і думаў пра Алену. Галоўнае хацеў зразумець: што яго трымае? Няўжо крыўдуе ён да гэтай пары на яе за тое, што не прычакала з войска? Дык... Шчыра кажучы, больш фанабэрыі было тады ў Уладзіміра, чым сапраўднага пачуцця гора: павінен жа хлопец вось так крыўдаваць, калі яго дзяўчына не дачакалася, мусіць тыдзень хадзіць п’яным, абавязаны штоноч ціснуць, мяць да болю грудзі новай маладухі? А то ж! А вось сапраўднага болю ў душы і не было. Прыкра — гэта так. Бо за два гады ў войску не тое каб астынуў Уладзімір, не. Глядзець на ўсё стаў разважліва, няспешна. Ды яшчэ, што тут хаваць, пабачыў першы раз Алену, ужо замужнюю, дык нечага аж зарадаваўся — такой непрывабнай, з запалымі вачыма, з плямамі на твары, худой падалася яму яна. Не разумеў ён тады, што тое ад цяжарнасці... Але сэрца гэта супакоіла. Хай сабе і грызла яго нешта тупымі зубамі, але не балюча было... нібы бяззубы сабака кусае за руку.
— Памагай Бог.
— Дзякуй на добрым слове, — Уладзімір намагаўся схаваць напружанне, якое ўзвілося з першым позіркам на Алену. — Далёка ідзеш? — спытаў, каб нешта спытаць.
— Да цябе, — проста адказала Алена.
Яна была ў сініх спартовых нагавіцах, закасаных да каленяў, у белай майцы з кароткімі рукавамі. Уладзімір не мог не спыніць вачэй на Аленінай постаці: не худзенькая, а дзябёлая, моцная жанчына, круглявая праз невысокі рост, але не выглядала тоўстай. Паўнаватыя плечы і рукі, але відаць — дужыя рукі. Будуць дужыя, будуць і цягліцы на руках, калі адной гадаваць дзяцей, цягаць на кухні вядзёрныя рондалі, трымаць парсюкоў ды шчыраваць на гародзе.
— То сядай во, — Уладзімір паставіў старкачом не рассечаны яшчэ адрэзаны кавалак бервяна. — На ім сажы няма.
— Ды я не ў чыстым, — супакоіла яго Алена, села, і Уладзімір зноў не мог не заўважыць, як шыракаватыя Аленіны сцёгны не расплыліся на палене тлушчам, а толькі напяліся, як надзіманыя.