Выбрать главу

Склаў інструменты, занёс у хлеўчык, адтуль выкаціў матацыкл, які хаваў там ад спякотнага сонца.

— Паехалі? — сеў на матацыкл.

— Ага, — узнялася Алена, абцерла азадак.

Села, абхапіла рукамі, прыціснулася грудзямі да спіны — пругкімі, гарачымі.

І Уладзімір раптам адчуў, як токам яго працяло, колькі жадання ў жанчыне, колькі нерастрачанай пяшчоты і любові.

“Застануся! — як пакляўся сам сабе. — На адну ноч застануся. Вось проста аддзячу, каб свіннёй не быць...”

Але, калі Алена сабрала яму чыстую (і сапраўды — новую) бялізну, калі з асалодай вылежаўся чвэрць гадзіны ў ванне, а потым мыўся, яго цвёрдасць змянілася на млявы абавязак, змешаны з бояззю. І яшчэ болей завагаўся, напалохаўся Уладзімір, калі выйшаў з лазенкі, і Алена паклікала адразу на кухню: стол быў накрыты. А сама яна ў відавочна новым халаце з паўпразрыстай тканіны і не збіралася хаваць сваіх мараў, кожны рух яе цела, не надта прыхаваны шоўкам, клікаў і абяцаў, а заадно, здавалася, і папярэджваў насмешліва: “Нікуды не дзенешся”.

Ува Уладзіміра віравала ў душы пачуццё прыкрасці: сказала ўжо яму Алена, што дзеці ў бабы. Сказала прыгатаванай вячэрай і халатам празрыстым, пад якім свеціцца белымі карункамі бялізна (гэта ж яна на двары пад летнім душам мылася...), што запрашае яго, Уладзіміра, застацца. І калі ты здаровы і вольны мужык, у вачох якога Алена — кабета спраўная, здаровая целам, калі ты бачыш, што яна толькі чакае твайго жадання, і сама яна вольная, дык павячэраць, кінуць “дзякуй” і з'ехаць — тое ці нармальна для мужчыны? Гэта ж проста смешна! Што ён — імпатэнт?

Была б іншая якая — Уладзімір бы застаўся. А што яму, калі той — нішто? Але ж Алена...

Алена пачакала, пакуль Уладзімір сядзе пры стале, дастала аднекуль збоку паўлітровую пляшку.

— У мяне самагонка ёсць, маці гнала, добрая. На святаянніку настоеная, мяккая. Нальем для апетыту?

Уладзімір пачырванеў. Алена знайшла найлепшае выйсце, каб даведацца пра ягоныя планы і прапанаваць сябе. Калі Уладзімір вып'е, дык на матацыкл не сядзе — усе ведалі ў вёсцы непарушнае правіла Жабруна-малодшага: на слуп, выпіўшы, ніколі не палезе, за руль, хоць грамульку вып'е — не возьмецца...

— Ты хочаш, каб я нанач застаўся? — выціснуў Уладзімір з сябе пытанне, спадзеючыся ўпотай, што ў адказе Алены зможа нарэшце знайсці тлумачэнне сваім пачуццям: а ён сам чаго хоча?

— Я ж — жывая баба, — гледзячы яму ў вочы з сумнай усмешкай, што непрыгожа крывіла яе рот (з падмаляванымі? ну, так, падмаляванымі) вуснамі, адказала Алена. — Чаму мужыкі думаюць, што ім хочацца, а нам не? Ды што хочацца... Я вось новы халат першы раз за год адзела... Во глядзі, — Алена хутка тузанула пас, развяла ў бакі крыссё халата, дэманструючы сябе, і Уладзімір спужаўся, сцяўся, каб не здрыгануцца ад нечакана адкрытага перад ім здаровага, жаноцкага цела і кароткага, як стрэл, узбуджэння. — Бялізну новую адзела, — спакойна доўжыла Алена. — Ведаеш, колькі ў кожнай бабы новай бялізны? Прыгожай, ды ні разу не адзяванай? Бо няма для каго... А для сябе мала трэба.

Захінула крыссё, нервова звязала вузлом пояс, потым стомлена прысела, ні слова болей не кажучы, наліла дзве чаркі.

— Не можаш дараваць? — узняла вочы на Уладзіміра.

— Не, не тое... — уздыхнуў Уладзімір, раптам адчуўшы палёгку — Алена, паказваючы яму бялізну і зараз вось запытаўшы наўпрост, як настроіла іхную вячэру на шчырасць, і яму прасцей стала гаварыць таксама шчыра. — Баюся... Назад, у мінулае вяртацца — хіба можа быць нешта добрае ў гэтым?

— У мінулае нам не вярнуцца, — усміхнулася лагодна, як малодшаму, Алена. — У мінулым і ты дурны, і я дурная.

— Чаму так? — здзівіўся Уладзімір. — Не дурныя. Ну, без досведу. Мне здаецца, я такім і застаўся...

— Ты — можа, — са шкадаваннем заўважыла Алена. — Я — не. Калі б ты тады пад вербамі трошкі больш настойлівы быў... Я, дурніца, загадала: як сунеш руку мне ў майткі — усё, выпрастаюся, раскіну ногі. Хоць баялася, але ж во надумала. А ты мне толькі левую цыцку так змяў, што сінякі засталіся. Была б я разумнейшая — сама б майткі з сябе сцягнула. І руку тваю б паклала, куды трэба...

Уладзімір зачырванеўся. Тая цёплая купальская ноч пад вербамі доўга жыла ў ягонай памяці напятай да найвышэйшага гуку струной. Ён доўгія гады ціха песціў тое сваё невыказнае пачуццё пяшчоты, адчуванне поўнай улады над дзявочым целам. І думаў увесь гэты час, што зрабіў слушна — нельга было тады, няправільна. Трэба, каб першае, найчысцейшае, было ў чыстым і на чыстым... на белай прасціне, а не на траве. І от, як выявілася...

Ён не ведаў, што адказаць і што думаць — проста працягнуў руку, узяў і выпіў адразу ўсё налітае ў чарку, шумна прынюхаў хлеб і палез па цыгарэты.