І вось — вузельчык. Нечакана. Прысеў, закурыў. Тады толькі ўзяў яго ў рукі і неспадзеўкі адчуў хваляванне. Мо найперш таму, што вузельчык выдаваў на парожні — не адчувалася ў ім вагі хоць адной манеты. Але навобмацак там нешта было.
Не стаў рваць ніткак, развязаў, няспешна разгарнуў тканіну.
Пацямнелы ад часу ланцужок (можа, срэбны) і на ім — з таго ж металу шасціканцовая кветка, пялёсткі якой загіналіся ў адзін бок так, што востры канчарык аднаго злучаўся з сярэдзінай наступнага, быццам круцілася колца.
Затахкала сэрца, ад хвалявання задрыжэла рука. Уладзімір нечакана для самога сябе хутка разгледзеўся, пацікаваў на бакі — ці не бачыць хто? Чаму ён так устрывожыўся, што было незвычайнага ў знойдзеным — Уладзімір не разумеў. Але як збоку нехта нашаптаў, аднекуль з'явілася веданне, што срэбная кветка на ланцужку — зусім няпростая.
А можа, яму карцела знайсці тут, у сваім колішнім доме, хоць у апошні момант нешта такое, што б падказала, параіла, памагло адшукаць адказ на такое простае і няпростае пытанне: што рабіць далей, як жыць і навошта?
Ён вагаўся толькі момант — не ў кішэню ж класці знаходку, калі яна з’явілася на белы свет. У кішэні — смецця і пацярухі поўна, яшчэ згубіш, а тут такое ўсё чыстае, хоць пралежала... колькі гадоў? Пяцьдзясят, здаецца, казаў стары Мірон.
Цераз галаву надзеў на шыю ланцужок, адчуў, як халодны метал кветкі дакрануўся да гарачага цела.
І нешта адбылося.
Раптам стала зразумела, што яму няма чаго рабіць на сваім папялішчы. Апошняе, што абавязаны быў зрабіць тут Уладзімір — гэта адшукаць срэбную кветку на ланцужку. І што трэба не расцягваць на невядомы час свой пабыт у вёсцы, а ехаць. Ехаць і шукаць адказы... бо тут ён нічога не знойдзе.
Бліжэй да вечара каротка пікнуў тэлефон — прыйшла СМС-ка. Думаў, звычайная рэклама ад аператара, але паведамленне было ад Алены. Прачытаў прадбачанае: “Цябе чакаць?”.
“Патэлефанаваць не магла? — нечакана разабрала прыкрасць на жанчыну. — Зараз яшчэ пачнецца гульня ў цыдулкі...”
Націснуў выклік, пачакаў. Калі Алена адказала, упікнуў:
— Што, сучасныя тэхналогіі вядуць рэй? Тэлефанаваць складаней, чым літаркі набіраць?
Ён і сам не чакаў, што ў ім з’явіцца вось такі паблажліва-павучальны тон. Збіраўся ж казаць іншае — што сёння будзе да самай цемры, бо трэба кончыць да заўтра, каб ехаць... Яму трэба ехаць.
— Не, я баялася, што голас задрыжыць, — ціха і вінавата адказала Алена — куды толькі падзелася яе ўчорашняя бестурботнасць і смеласць?
— З чаго яму дрыжаць? — здзівіўся Уладзімір.
— Потым скажу... як прыедзеш.
— Я тут доўга збіраюся быць... працы шмат.
— Ты еў што? — клопат умомант прагнаў Аленіну няёмкасць.
— Палуднаваў, што ты збірала...
— Што там было есці... Я прынясу зараз.
І Алена адлучылася.
Уладзімір сеў. Закурыў. Металічная (усё ж срэбра, падумаў Уладзімір) кветка на грудзях, як жывая, казытала цела сваім халадком. Ён асцярожна прыціснуў яе да грудзей і здзівіўся яшчэ болей: яна заставалася халоднай, нібы во зараз дасталі аднекуль з пограба.
“Значыць, так трэба”.
Алена прыйшла за хвілін дваццаць, з клуначкам, задыханая.
— Навошта ты? — мякка ўпікнуў яе Уладзімір. — Не надта ж галодны.
— Да цёмнага яшчэ чатыры гадзіны, — адмахнулася Алена, пачала даставаць прынесенае, стаўляць проста на траву.
Уладзімір, пачуваючыся трохі ніякавата, апусціўся побач, нават прылёг на бок, з задавальненнем выцягнуў ногі.
— Ну вось, зараз будзе на вёсцы размоў... І чаго ў цябе голас мог дрыжаць? — запытаў, няўклюдна жартуючы.
Алена прыпынілася, ціха сказала:
— Еш...
Памаўчала, счакала, пакуль Уладзімір не пачаў даставаць з літровіка смажаную бульбу, і яшчэ цішэй стала казаць са штучнай жартаўлівасцю:
— Не думала ніяк... А тут узяла слухаўку табе патэлефанаваць і уявіла, як ты мне скажаш: “Пайшла нахер, трахайся з кім хочаш”. І зразумела, што калі пачую нешта такое, то не вытрымаю — загалашу, завыю сучкай. Ведаеш, я не плакала вельмі даўно. Вось уначы ўчора плакала, сама здзівілася, падушка ўся мокрая была, гэтулькі слёзаў сабралася. Ды во не ўсе, мабыць. Так мне страшна стала... адной у хаце. Сумна-сумна...
Уладзімір адчуў, як скура на грудзях датыкаецца да нечага цёплага, зірнуў долу — можа, з відэльца ўпаў кавалак бульбіны... Не было ніякага кавалка, і было дзіўна, бо цяпло нібыта ад самога позірку толькі ўзмацнілася, амаль пякло ўжо, хоць трымаць можна.