Воршын... так і ня ўцяміўшы, навошта яна апынулася тут, Дара сунула грошы бязтвараму таксісту, выйшла, ліха бразнуўшы дзьверцай, глыбока ўдыхнула сінеючае паветра й рушыла праз трамвайныя пуці. Узбуджэньне яе, радасна-незразумелае, саступіла мейсца разгубленасці: як жа жонка, якая з магчымай ды неабавязковай стала цяпер вельмі нават верагоднай — чамусьці яна ўяўлялася Дары тоўстай і малочнай, у спартовых нагавіцах, грубай, як жывое ўвасабленьне „га?!!!”, хаця Дара разумела, што ў гэткай бруднай карціне ёсьць штрыхі і яе ўласнай самаацэнкі. А новы замок? Макс кінуў ёй нядаўна: „Старэеш”, — і праўда, усё менш жывучымі станавіліся гэтыя яе „Чаму б і не?”, для якіх раней не існавала аніякіх межаў і перашкодаў, якія калісьці запальвалі ўсё спрэс, уключаючы калегаў, редактароў, палкоўнікаў і палюбоўнікаў.
На ашчэранае разьбітым шклом вакно на другім паверсе Дара не зьвярнула ўвагі, перад пад'ездам запаліла, спытала адну з бабулек, якія нібыта чакалі яе зьяўленьня й цяпер густа павылазілі на пусты двор з бытовак, хмызьнякоў і альтанак дзіцячай пляцоўкі: „Скажыце, а...”, але потым узмахам рукі адпусціла расчараваную Басьцінду і ўвайшла ў пад'езд.
З нарастаючым кайфам яна адчула, як ключ звыкла лёг у расхістанае ўлоньне замка. Моцна, па-транспартнаму прыціснуўшыся да дзьвярэй, прычыніла іх — кнопка на сьцяне ня выдала нічога, акрамя сухога шчаўчка. Сьвятла не было... пахла старасьцю, мышынымі кутамі ды мокрымі анучамі. Пад нагамі ціха зарыпелі пясчынкі, перадаючы адна адной па ланцугу: госьць, госьць, госьць... Кожны крок Дары па вітальні адгукваўся камэнтарамі схаваных у сутонні рэчаў: коратка раўнуў плінтус, прачыталі нешта скарагаворкай адчыненыя дзьверы прыбіральні, горача зашаптала цыноўка, папярхнуўся сваім недаразьвітым набатам загадкавы званочак за сьпіной. Воршын, несумненна, усё яшчэ жыў тут, і жыў, па ўсім відаць, адзін, — на цьвіку вісеў ягоны пінжак. Цемра надыходзіла зь незвычайнай хуткасьцю, Дары давялося раз-пораз пстрыкаць запальнічкай, якая дапамагала рабіць розныя адкрыцці — яны яшчэ больш заблытвалі Дару: зьнікненьне з кухні пліты ды лядоўні, безьліч цэляфанавых пакетаў пад нагамі, ад трэску якіх мярзотна зачасалася патыліца. Кватэра Воршына, асьвятляемая кароткімі ўспышкамі запальнічкі, нагадвала жабрака, які тыча ў свае шматлікія язвы, задзіраючы кашулю ды прыспускаючы нагавіцы. У пакоі запальнічка дзіўным чынам адразу ж выхапіла колішні падарунак Воршыну — пакрыты ліпучым пылам цацачны палац з каралём ды каралеваю. Падпарадкоўваючыся празе ўдзелу ў ціхім існаваньні гэтага памяшканьня, у нетаропкай гульні ценяў, якія ажывалі навокал па яе прыхамаці, Дара нахілілася і ўжо амаль абпаленымі пальцамі асьцярожна адламала каралеву ды сунула ў кішэню джынсаў — кароль застаўся стаяць між калёнаў, трымаючы ў руцэ запясьце супругі.
Станьце маімі цёплым і хатнімі тапачкамі, дошкі падлогі, стань ваўняным халатам, хуткая, нібы толькі выбягала заплаціць за электрычнасьць, цемра ... стань ... стань на калені, Дара, стань Сястрою, гэты дом і ты ў пакоі — ня больш за працу ветра.
Яна скінула плашч і швэдар, задуменна ўзялася за гузік джынсаў, з разьбітага вакна ўдарыла холадам. Плястмасавая каралева ў кішэні заварушылася, гузік на джынсах раптам вырваўся з пальцаў, пругка скочыў наперад жывот. Дара прадзела мезенец у завушніцу на ім... было гэткае адчуванне, што на яе з вакна нехта заахвочвальна глядзіць.
Нечакана — Дара ўвабрала ў сябе паветра, жывот спалохана шмыгнуў пад рэбры — сонны жаночы голас недзе на ўзроўні яе каленаў прашалясцеў фразаю на дзіцячай незразумелай мове, рыпнула, заенчыла, і зноў надыйшла трамвайная цішыня. Дара стаяла нерухома, пакуль была здольная, потым павольна выдыхнула паветра праз нос — гук зьнік у сутонні пакоя. Дара ўзяла запальнічку, і за тыя сэкунды, пакуль можна было трываць, здолела разглядзець зусім юную яшчэ жанчыну, якая спала на раскладанні ў яе ног, загарнуўшыся ў няголены плед.