Вусны незнаёмкі захоўвалі сур'ёзнасьць, яна ляжала падціснуўшы да жывата ногі й грэючы паміж імі рукі, пакрытыя гусінаю скураю. Лоб, здавалася, наўмысна быў такі адкрыты й белы. Другі раз асвяціўшы сваю знаходку, Дара разглядзела і поўную адсутнасць сьлядоў касмэтыкі, і не разбэшчаныя завушніцамі мочкі маленькіх вушэй, кантраст цёмных броваў і прыступак рудых валасоў па-над верхняю губой. Для дачкі Воршына дзяўчына была завялікая, для — жонкі замалая. Незнаёмка ўздыхнула ў сьне, зманлівы смутак прабег па яе твары, быццам яна даўно заўважыла Дару і чакае, каб тая хутчэй сыйшла. Але не, дзяўчо спала, няўлоўная складка сну перасякала плед. Яна нагадвала... каго?... каго ж... яна нагадвала маці?
школьную сяброўку, якая прабівала Дары вушы?
нагадвала
дачку Дары
яна
нагадвала
толькі б заліць тушшу белізну лба
дадаць вуснам абветранасьці яна нагадвала
зрабіць ін'екцыю драпежнасьці гэтым скулам
дадаць кашчавасьці падбародзьдзю
нагадвала
абрэзаць нябачныя, але добра ўяўляемыя
празь цямрэчу валасы
пілкай для пазногцяў сплесьці сетку зморшчынаў
перапісаць нанова ператварыць гэтае дзіця ў гліну —
і зрабіць вялікім пальцам
літаральна дзьве неабходныя ўмяціны яна
Яна нагадвала Дару. Дачкой яе яна быць не магла, у гэтым можна было не сумнявацца. Але гэта была Дара, тая Дара, якая раней магла пакласці ў сваю касмэтычку ўвесь горад ды выкінуць у бліжэйшую сьметніцу, якая ўмела ператварыцца ў попел ды зачынаць дзяцей у такім выглядзе. Тая ж Дара, толькі крыху падправіць. Якая ж пакутлівая справа: усё жыцьцё шукаць паўтарэнне сваёй першай жанчыны... прынамсі, паўтарэнне вонкавае. Воршын знайшоў сабе новую Дару, вельмі неблагую новую Дару, Дару адрамантаваную. Няхай сабе падсвядома, але ўсе яны — Апалены ды карлікі, Адамы й Саддамы, валасатыя, наіўныя, жорсткія, імпатэнты ды машыны па вытворчасці спэрмы, безвалосыя, алькаголікі, цынічныя, сэнтыментальныя, — усе маюць замест вачэй маляўнічы трафарэт, які прыкладаюць да жаночых абліччаў, да белалобых дзяўчынак на сваіх рыпучых раскладанках. Вось што такое праславутыя вочы каханага — два трафарэты, і нічога болей.
Апрануўшыся, намацваючы ў кішэні плястмасавую каралеву, Дара выйшла з кватэры й накіравалася да стаянкі таксі. Па яе калене скрыпічным ключом вілася тонкая белая нітка.
6
Падземны пераход гудзеў нібы пыласос, і, як Дыктатар не супраціўляўся, натоўп усё ж прымусіў яго спусьціцца — бачком, па сходах для дзіцячых калясак — пад сырыя крапаючыя зводы. Пасярэдзіне доўгага тунэлю сарамлівы чалавечак зьдзяйсьняў вулічны пэрфоманс — раздаваў запрашэньні на працу. Ад гэтага маладзёна Дыктатар увярнуўся зь лёгкасьцю, але адразу ж быў схоплены мужыком у мехавым капялюшы:
— Прабач, ня ведаеш, дзе тут „Лакі-фарбы”? — спытаў чалавек-капялюш, даверліва беручы Дыктатара пад локаць. Гідліва вызваліўшы руку, Дыктатар выціснуў праз зубы: „Сам тут упершыню”, але чалавек-капялюш ужо таропка гаварыў, шырока разяваючы рот з залепленымі яечным жаўтком зубамі:
— Адны гавораць тут другія туды йдзі тыя нахер я тут блін жонка дык гэта лакі фарбы лакі страйкі.
Дыктатар няпэўна ўзмахнуў рукамі ды рвануўся да выйсьця, але шукальнік лакаў нагнаў яго і зноў ухапіўся за локаць, з роспаччу, як за поручань адыходзячага цягніка:
— Слухай, набудзь капялюш, а, грошы ўсе на вакзале скралі, я зь Цьвяры прыехаў, набудзь, а, ня ў падлу, друх!
Дыктатар прыцягнуў капелюша да сябе і кароткім непрыкметным рухам ударыў пад рэбры. Пакуль той прагна глытаў паветра, абапёршыся на заклееную афішамі сьцяну, Дыктатар апынуўся ўжо ля самага выйсьця. Памкнуўся наверх, да шэрага неба, і раптам убачыў Сястру.
Сястра стаяла на прыступках, прысланіўшыся сьпіною да парапэту. Жоўтае расшпіленае паліто здавалася зацвярдзелым ад вытрыманага бруду й холаду, празь яго было відаць шырокую спадніцу, наўмысна спушчаную на самыя сцёгны, каб прыкрыць ногі да пятаў — беспасярэднім позіркам дажджавога чарвяка на Дыктатара глядзела з жывата Сястры абрэзаная гумка. Але ні растаптаныя рудыя чаравікі, ні галодны бляск вачэй не выклікалі шкадаваньня... Жабрачка стаяла між спяшаючых людзей як лягерны ахоўнік, міма якога чарадою рушаць зьняволеныя. Таму, мусіць, і грошай ёй кідалі гэтак мала — накрыўка ад нейкае каробкі ў руках Сястры толькі падавалася яшчэ больш пустой ад некалькіх бледна-сініх паперак на дне. Сястра.
Дыктатар спыніўся, двойчы яго штурхнулі ў плечы тыя, хто йшоў сьледам; урэшце ён праціснуўся да Сястры. Тая паглядзела на яго безуважна, пасмактала кончыкі сваіх тлусных зваляных валасоў. Ад Сястры пахла мачою.