Рамонт павярнуў направа і пайшоў уздоўж самага вялікага з дамоў. Асфальт быў усыпаны бітым шклом і таполевым пухам. Шкельцы раз-пораз успыхвалі на сонцы.
Ужо па тым, як Рамонт перастаўляў ногі і як вісела на ягоным плячы валіза, кожны мог здагадацца — гэты чалавек у нечым моцна вінаваты. Калі сустрэчныя зазіралі Рамонту ў твар, яны бачылі, што вінаватасьць застыла нават у выгіне ягонага падбародзьдзя, у пухнатасці вейкаў, і са спачуваннем глядзелі яму ўслед. Рамонт заўважыў гэта, і раптам ягоная радасць ад вяртаньня дамоў, ад чуласьці землякоў, ад стракатаньня конікаў у траве пад ліхтаром, ад адчування сваёй віны ўскіпела і Рамонт расплакаўся. Ён уявіў сабе цёплы хатні лінолеум, і ягоныя слёзы, якія пачалі сціхаць, паліліся з новай сілай, надаючы жуйцы ў роце агурковы смак.
Усё яшчэ плачучы, Рамонт увайшоў у пад'езд і націснуў ілбом кнопку ліфта — успомніў школьную звычку. Жалезная таблічка абвяшчала: „Шануйце ліфт!”. Напэўна, трэба было напісаць „Беражыце”, але такое пяшчотнае стаўленьне да ліфта як да героя-вэтэрана спадабалася Рамонту. Апынуўшыся ў ліфце, ён адчуў сябе нібыта ў жываце найшаноўнейшай істоты, і Рамонта зноў захлынуў прыпадак радасці. Ня вытрымаўшы, недзе каля сёмага паверху Рамонт спыніў ліфт і доўга цалаваў кнопку з лічбай „сем”. Ён усё яшчэ плакаў; ён браў кнопку то цалкам у рот, то лёганька пакусваў зубамі, то пакрываў дробнымі пацалункамі яе куточкі.
Нарэшце ён выскачыў зь ліфта і кінуўся да дзвярэй сваёй кватэры. Булькатаньне званку... Яно заўсёды прыносіла Рамонту супакаеньне, быццам ён ціха псаваў паветра падчас сямейнай вячэры. Званок быў дамавіком — флегматычным, дзелавітым, вечным. Аднаго разу, калі Рамонт быў яшчэ малым, званок забулькатаў хрыпла і млява — прастыў, але бацька хутка вылечыў дамавіка. Булькатаньне званку... З расчараваньнем Рамонт зразумеў, што бацькі, мусіць, паехалі ў вёску, яны зазвычай рабілі гэта двойчы на месяц. Трэба запытацца ў суседкі Вадзімаўны, ці няма ў яе ключоў.
— Рамонцік!!! — вось за гэта Рамонт і не любіў Вадзімаўну, за гэты лямант, які доўга яшчэ гучаў на ніжніх пляцоўках, за гэтую звычку засоўваць ягоную галаву паміж сваіх неабсяжных грудзей, за клапатлівую паспешлівасьць, зь якой яна клала ў яго рот карамэлькі, паіла гарбатай і дапытвалася, кім ён стане пасьля школы.
І вось ён ужо сядзеў на кухні Вадзімаўны, піў зялёную гарбату і глядзеў на затрамвайшчынскія прасторы. Голуб сеў на падваконьне, рэзка паматляў галавой, правёў кіпцем па блясе і нечакана імкліва зьнік у сваіх стратасфэрах. Рамонт пасьпеў заўважыць, што да лапкі голуба была прымацаваная паперка. Паштовы голуб. Вінаваты Рамонт Гадзіннікаў. Рыпенне галубінага кіпця па блясе. Родная Затрамвайшчына засталася гэткай жа, якой ён яе пакінуў васемсот? Дзевяцьсот? Недзе ў патаемных кнігах запісана, колькі год таму. У цягучым бялку паветра плыве жаўток аўтобусу. Краявід назірае за Рамонтам, нахіляецца, калі нахіляецца за печывам Рамонт, і скручваецца з хуткасцю сьвятла ў маток скотчу на крэсле, калі Рамонт адварочваецца ад вакна.
Прыйшоў муж Вадзімаўны — дзядзя Бора. Ён стрымана паціснуў Рамонту руку, запаліў цыгарэту, і, страсаючы попел у фортку, пачаў вымаць з пакету прадукты: каўбасу, масла, кефір, кансэрвы, яйкі і тры пляшкі гарэлкі. Рамонт маўкліва глядзеў на ўсё гэта... і калі высветлілася, што дзядзя Бора забыў набыць хлеб, Рамонт чамусьці сказаў: „Давайце я збегаю”, хаця нікуды бегчы яму не хацелася, а хацелася легчы на мокрую анучу ля дзьвярэй сваёй кватэры і чакаць бацькоў.
Рамонта апанавала надзвычайная млявасьць, ён пайшоў у краму, набыў хлеб, знаёмая прадаўшчыца не пазнала яго. Вяртаючыся назад, ён ішоў як пашкоджаны робат і паводле ім самім выведзеных законаў сустрэў чалавека, якога не хацеў бачыць ні пры якіх умовах — свайго школьнага настаўніка.
Гэта был фатальная сустрэча. Рамонт заўважыў настаўніка ўжо тады, калі той набліжаўся, распрасьцершы рукі і нешта галосячы. Крыўдна было, што Рамонт не памятаў ні імені настаўніка, ні мянушкі, ні прадмету, які той вёў. Настаўнік абсыпаў Рамонта сваімі „вазмужалі”, „какжывёшамі” і „гдзетышчасамі”. Рамонт хацеў пакорліва прамаўчаць, але замест гэтага рот яго раскрыўся і ён вымавіў: „А вы як, Генадзь Генадзьевіч, як здароўе-настрой?” Ды толькі лішняе гэта было — Рамонт быў ужо з галавой пахаваны па кучай какжывёшаў.
Разгрэбшы іх, Рамонт убачыў, што настаўніка ўжо няма. Не было і бацькоў. Рамонт адчыніў дзверы ў кватэру Вадзімаўны (яны замыкаліся толькі на ноч) і адразу ж наступіў на нечую пантофлю. Уся вітальня была застаўленая абуткам, з кухні даносіўся радасны віск Вадзімаўны. Рамонт увайшоў на кухню, стол, за якім ён піў гарбату, быў выстаўлены цяпер на сярэдзіну пакоя. За ім сядзелі дзядзя Бора, настаўнік Генадзь Генадзьевіч, кіроўца аўтобуса, на якім Рамонт прыехаў сюды і яшчэ чалавек шэсьць суседзяў, імёнаў якіх Рамонт не ведаў, хоць і пражыў з імі ў адным пад'езьдзе сямнаццаць гадоў. Трохі воддаль ад стала сядзеў Бязногі з суседняга дома, уцёршыся сьпіной у сьцяну, на якой вісеў леташні каляндар. На чале стала сядзела Вадзімаўна, гучна распавядаючы пра нейкіх Дур. Мужчыны маўчалі, засяроджана жуючы і гледзячы кожны ў сваю талерку. Чвяканне і ціхае пагрукванне відэльцаў на дзіва ладна траплялі ў такт аповеду Вадзімаўны. Рамонт заўважыў, што ўсе мужчыны апранутыя ў чорныя фракі, а на Вадзімаўне доўгая сіняя сукенка з глыбокім выразам. На Бязногім таксама быў фрак, „бабачка” і белая кашуля, ён нагадваў верхнюю частку манекена, разрубленага напалову.