— Сядай, Рамонак, сядай, любенькі, — завішчала Вадзімаўна. — Бацькі твае, мусібыць, толькі заўтра прыедуць-та!
Рамонт сеў на падрыхтаванае яму месца, парэзаў на лусты хлеб, узяў відэлец і стаў паўнапраўным музыкантам гэтага аркестру.
Пілі часта, елі шмат. Рамонт не п'янеў, і толькі калі запаліў, цяжкое затрамвайшчынскае неба звалілася яму на галаву, вочы праваліліся ўглыб вачніц, і цяпер ён бачыў кухню нібы салдат з акопаў. За вакном сьцямнела, струмені тытунёвага дыму ўздымаліся да столі і там ганяліся за зграямі камароў. Святло лямпачкі раз-пораз дрыжэла; пад падлогай, на паверсе ніжэй, нехта пачаў свідраваць сьцяну. Рамонт сядзеў, засунуўшы рукі амаль па локаць у свой зьмякчэлы лоб і зьвесіўшы галаву ў талерку. Ён адчуваў, як вібрує ягонае сэрца ад гуку электрадрэлі; ля ягонага вуха раптам зарохкала труба вадаправода ў ванным пакоі. На кухню нясьмела ўвайшлі нейкія дзеці, колькі іх? Рамонт пачаў лічыць, але хутка зьбіўся. Бязногі заліваў у сябе гарэлку мэтадычна і маўкліва, ён піў ужо адзін, Генадзь Генадзьевіч гуляў з дзядзям Борам у карты. Вадзімаўна дастала з-пад стала яшчэ гарэлкі, аддала дзецям Рамонтавы цукеркі і потым, чамусьці раззлаваўшыся, пачала гнаць іх спаць. Дзеці заплакалі ціха і пакорліва, аднаго з іх укусілі за палец ажылыя дзверы, ён упаў ніцма і, скурчыўшыся, неяк фальшыва закрычаў нечалавечым голасам. Дрэль юрліва залівалася пад падлогай, кіроўца пачаў з Вадзімаўнай спрэчку, Рамонт горача падтрымаў кіроўцу. Тэма спрэчкі была жыцьцёва важнай, Вадзімаўна не хацела прызнаваць сябе пераможанай, яна стаяла ля пліты як палонная прынцэса і адказвала на выпады — Рамонту ветліва і з мацярынскай цярплівасьцю, а кіроўцу з усякімі нядобрымі словамі. Рамонт крапаў уніз і ўтвараў роўныя лужынкі вакол талерак і кілішкаў.
— А давай мы яе на пліце спалім, — крапнуўшы
ў бок Вадзімаўны, прапанаваў Рамонт новаму сябру.
— На што? Давай яе лепш, — адказаў кіроўца, прымружыўшыся.
Затым яны цалаваліся на пляцоўцы, тыкаючы запаленымі цыгарэтамі адзін у аднаго. Новы сябра Рамонта быў лепшым чалавекам у сьвеце, самым адданым, моцным і разумным. Рамонт даверліва клаў галаву яму на плячо, нібы піў настой на скуры, бензіне і малацэ. Затым былі нейкія дзеўчыны, была Эвушка-Дэвушка, якая умела граць на гітары і якую кіроўца ледзь не за валасы выцягнуў з дому, дазволіўшы апрануць толькі швэдар. Прыхапіўшы з сабой Эвушку, яны пайшлі катацца на аўтобусе. Пакуль пералазілі праз агароджу аўтапарку, пакуль кіроўца адмыкаў дзверы, Рамонт цьверазеў у прахалоднага бэтоннага слупа. Эвушка ж наадварот, частуючыся маленькімі глыточкамі прынесеным кіроўцам пітвом, развесялела, кідала на Рамонта пагардлівыя позіркі і называла кіроўцу „Валерка”. У Рамонта забалела галава, забалела рэзка і страшна, нечая чорная пралетарская рука праз кожныя пяць сэкундаў размашыста біла ў чыгунны Рамонтаў чэрап, другая ж рука, інтэлігентная і ружовая, далікатна калола Рамонта ў мазжачок. Аўтобус выехаў на шашу. З палёгкаю Рамонт заснуў на карычневым сядзенні. Неба па-над Затрам-вайшчынай паружавела. Рамонт уткнуўся шчакой у пупырчатая сядзенне, а калі перавярнуўся ў сне на другі бок, уся яго левая шчака была ў гідкіх чырвоных кропках. „Задрымала абмакашка,” — прамармытала Эвушка, тупа гледзячы на мокры асфальт, які бег наперадзе.
1988
РАЙ
Рай — гэта сьвет школьных тэмаў па замежнай мове. Памятаеш: гатычныя літары за шклом шафаў, смак жоўтае крэйды ў роце, пах мокрага дрэва вымытай падлогі, Атлянтычны акіян за універсамам. Хто сёньня будзе распавядаць пра рай?
Рай — гэта сьвет школьных тэмаў па замежнай мове. Там жывуць якія-небудзь Отто і Моніка — першыя людзі на зямлі. Яны сядзяць у пустых сьветлых і шырокіх клясах, па-іншаплянэтнаму прыгожыя, зь ненатуральнымі ўсьмешкамі да вушэй. Яны ганяюцца адно за адным па бібліятэцы, набітай да самае столі цалюсенькімі кнігамі, якія яшчэ пахнуць фарбаю друкарні. Яны жывуць у трохпакаёвых кватэрах, дзе маюць па вечарах пісьмовыя сталы. Апрача сталоў і сьцяны з паліцаю яны маюць часам бацькоў, непітушчых інжэнераў і таленавітых прадаўцоў. Зімой яны бегаюць на лыжах і каньках. Моніка чапляецца за правую лыжыну Отто і прарубае сківіцай ў лёдзе агромністую скважыну. Отто працягвае сяброўцы руку і яны, сьмеючыся, бягуць скакаць з трампліну на праезджую частку.