Летам дзеці едуць да бабулі ў вёску, зьбіраюць грыбы, купаюцца, загараюць. Отто шчыпае пад вадой Моніку за жывот, Моніка казыча травінкай пятку Отто, які й загараючы не забываецца змайстраваць мадэль мінаносца альбо бамбардыроўшчыка. А вось з кулаку Отто вылятае раптам мокры баравік. А гэта Моніка падносіць да вуснаў махнатую агрэсьціну.
Зьнянацку зьяўляецца нейкі ці то Генрых, ці то Клаус, абсалютна непатрэбны ў гэтай ідыліі, і прапаноўвае дзецям пералічыць яблыкі. Дзеці з абурэньнем адмаўляюцца і прылежна ідуць далей — шчэрыць беласнежныя зубы, прылежна майстраваць мінаносцы і прылежна, ні на каліўца ня менш прылежна сьпяваць ля вогнішча звонкія песьні. Рай — гэта сьвет школьных тэмаў па замежнай мове. Пасьля смерці я хачу трапіць туды.
1997
ЛЕТА ДЭЗЭРТЫРА
Я прачынаюся — голы, раптам.
Побач са мной сьпіць мая жанчына.
А некалі тут, вось у гэтай жа хаце, я мог бы прачнуцца ад крыку пеўня ці неўмаляці. Па гэткай жа зямлі я выйшаў бы на двор спраўляць начную малую патрэбу, і гэткі ж гарачы струменьчік ударыў бы па траве, і ногі ўтапалі б у гэткай жа халоднай расе.
А можа, прачнуўся б я вясковым блазнам, патэпаў бы па вуліцы, падскокваючы, і звалі б мяне Мармытка. Спусьціў бы Мармытка агністых сабакаў на хату каханай, гаспадыні загуменных мараў, ды бегаў бы вакол, енчачы: „Ыблыду! Ахрузе! Піньсіляч!”. І забілі б аратыя Мармытку, а хутчэй пакінулі б жыць — усё ж адзіная забава...
Прачнуцца я мог бы і ксяндзом, але не думаў пра гэта я, калі а пятай раніцы
Прачынаюся — голы, раптам.
Побач са мной сьпіць мая жанчына.
Ты прачнулася б на калючай мужнінай руцэ, і локаць звычна ўпіраўся б у сцяну, і вочы з покуці глядзелі б на цябе гэтак пажадна.
Згадала б ты, як адчыніла ўчора студню, а там Мармытка крывенькі сядзіць і цісьне зь сябе:
„Пхе-п-пгыгожая ты...” За вакном у смузе цябе чакала б, рохкала, рыкала, каласілася пхе-ппгаца, разгараўся б панядзелак, і была б нуднай, бясконцай, тужлівай твая п-п-пхесьня.
Легла б ты, узяла чырванаваты месяц, паклала б паміж грудей і лашчыла б яго ў вышчарбінках.
Мышыны шоргат. Ты сьпіш летам дзвюхтысячнага года на тонкай руцэ дэзэртыра.
Гэты месяц называюць па-кітайску — І Юнь. Я еду ў краму па цыгарэты й шакалад. Ровар рыпіць на ўсыпанай гальлём сьцежцы, дзынкае званок. Хачу пасьпець да таго, як ты прачнешся, каб заслужыць... Ну, ня тое каб тваю радасьць, ня тое, каб пацалунак, а вібрацыю ў ва мне адмысловых аналізатараў, створаных для ўспрымання выключна цябе. І ў цябе ёсьць такія, я ведаю, мінулай ноччу я выпадкова апынуўся сам-насам з гэтай мілай аднаклетачнай істотай, і мы доўга моўчкі глядзелі адно на аднаго.
Еду на ровары. На шляху дахаты трэба нарваць табе гэтых пыльных прыдарожных кветак. Сёньня дзесяты дзень, як я прыехаў сюды, дзесяты дзень цябе, возера, сонца, лесу, ветру, ажынавага соку, пяску паміж пальцамі ног, дзесяты дзень бароў і бараў. Штодня пачуваюся ўсё бясьпечней, а першы час баяўся выходзіць на двор, пляж жа наогул быў недасяжны, неда... Цяпер еду ў краму па цыгарэты і шакалад, і толькі сьцерагуся шашы — яна багатая на крутыя павароты, едзеш вось так, дыхаеш, а тут яны, „сардэчна запрашаем”, сьмяюцца, паляць, верхні гузік расшпілены, плямы поту пад пахамі на форме. Баюся, баюся, што залямантуе зялёны дзіцёнак страху, а яны пачуюць.
Паеду я лепей лясною сцежкай. Я люблю сваю жанчыну, я люблю яе любіць, люблю добрыя цыгарэты, люблю смачна пажэрці і выпіць, люблю спаць колькі захачу, не спаць, колькі захачу, люблю, калі любяць мяне. А яны кідаюць мне ў пысу маё прозьвішча — нібы б'юць чалавека ў акулярах: акуляры паднялі з запляванай падлогі барака, памачыліся на іх, удзелі ў мяккую ахвяру, „пжалста вашы ачочкі!”, а потым нагамі, нагамі, з дзіцячым задавальненьнем. Потныя плямы пад пахамі мусяць быць памерам восем см на шэсць см, за парушэньне — шпіцрутэны, за парушэнне — роля палоннага фашыста ў карціне „Помста” (толькі для прагляду вышэйшым камандаваньнем). Паеду я лепей лясной сцежкай.