Іхняе падарожжа цягнулася нядоўга — хутка Тацяна апынулася ў ці то кінастудыі, ці то рэстарацыі: вакол сядзелі колам, за плеценымі столікамі, пажылыя, дагледжаныя дамы ды чынна аблізвалі сподачкі, у якіх курылася гарбата.
— Спадарыня Шыкльгрубэр, — прадстаўляў Выпадак кабетаў Тацяне. — Спадарыня Воршына. Спадарыня Піначэт — спадарыня Воршына. Прашу любіць. Спадарыня Джугашвілі — спадарыня Воршына. Спадарыня Піначэт. Прашу любіць. Спадарыня Мусаліні — спадарыня Воршына. Спадарыня Франка. Прашу любіць.
Тацяна нэрвова паправіла на мужчынскіх грудзёх квяцісты бальнічны халат, чым выклікала цэлы каскад рухаў: спадарыня Шыкльгрубэр разьвязала ды зноў завязала чапец; спадарыня Джугашвілі пагардліва закаціла вочы; спадарыня Піначэт фыркнула нешта кшталту „Маскітас!”; спадарыня Мусаліні паслала да столі фантан рогату. Міма пранеслася прыслужніца, зусім яшчэ юная, зь нецярплівым падносам у руках. „Давай дапамагу”, — кінулася наперарэз Тацяна, але пальцы Выпадка ўчапіліся ёй у халат, і ўжо трохі раздражнёны голас знаёма й гучна вымавіў ля вуха: „Ты нарадзіла Дыктатара, дык і паводзь, доўбня, сябе адпаведна!” Тацяна азірнулася — нябачныя туркі пілавалі ёй горла: спадарыня Мусаліні выпусціла зь сябе новы струмень сьмеху, варушыліся пакрыўджаныя вусны спадарыні Франка, і спадарыня Піначэт вязала понча.
Тацяне ўжо несьлі чорную брыклівую сукенку. Недзе ўнізе апошні раз уздыхнула яе ўскрытае цела. Ёй раптам страшэнна захацелася вязаць, і сярод зьмеева рознакаляровых нітак і звонкага дажджу са сьпіцаў, што запаланілі неглыбокую Тацяніну сьвядомасьць, яна здолела ўхапіць за хвост маленькае, сьлізкае, але адназначнае: гэтая гарбата за плеценымі столікамі — навечна.
Трохкіляграмовы Дыктатар у гэты час выступаў са сваёй першай прамовай. Мала хто зьвярнуў на гэта ўвагу, куды ім ўсім, барадатым акушэрам, шакалядным практыкантам ды нецалаваным мэдсёстрам было ўбачыць у малюсенькім звараным тапельцы будучага каўдыльё. Будзь яны трохі вышэй за чаканьне заробку, абавязкова заўважылі б, як праступаюць на цнатлівым ілбе маршчыны, як расцьвітаюць на яшчэ нябачным мундзіры эпалеты, і запомнілі б, у якім накірунку ўказвала тым вечарам падобная на сардэльку рука.
3
Прыступкі падаліся яму бясконцымі... Гэтак можна было пачаць гэты аповед. Або вось так: „Маслоўскі асяніў сябе крыжом нажніцаў ды прычмокнуў губамі”. Ці яшчэ неблагі варыянт: „Гавары!” — закрычаў Прухайла, забыўшыся на асьцярожнасьць.
Насамрэч у пакоі не было аніякіх прыступак, калі не лічыць цацачнага палацу, ад калёнаў якога проста на падлогу хмура спускаліся, нібы з суду пасьля разводу, кароль з каралеваю. Што датычыцца Маслоўскага з Прухайлам, то за апошні месяц у кватэры перабывала столькі розных асобаў, што сярод іх маглі быць індывідуумы ня толькі з гэтымі прозьвішчамі, але й якія-небудзь батанік Кавульцэвіч, каваль Гарленка, байкерша Шастапалава або сумаістка Малгажата.
Гаспадар спаў сярод пакою на раскладанцы, зарыўшыся галавою ў коўдру, босыя ногі яго ціха храпелі. І пакуль спаў гаспадар, кватэра была паслухмяным сабакам, які расьцягнуўся ў брудных пятак. Але гаспадар прачнуўся, няголеная галава паказалася з-пад зашмальцаванай ватнай гары — і аднапакаёўка забрахала, вітаючы гасьцей, якія ўжо сядзелі на кухні й, мяркуючы па ненатуральнай гучнасці галасоў, лекаваліся.
— Гніды, — прастагнаў гаспадар, плюючы на падушку. Потым абвёў іржавымі вачыма пакой і паспрабаваў яшчэ раз: „Гніды!”
— Ты яшчэ скажы, што сёньня замок уставіш, — гіранічна параіў нехта з кухні, і адтуль пачуўся бязладны сьмех, пераходячы ў паслужлівае цырчэньне.
Гаспадар паспрабаваў падняцца, але адзінае, што ў яго атрымалася — гэта стаць каленямі на раскладанку, паверхня якой адразу ж прагнулася амаль да падлогі. Тады гаспадар узяўся за самотны таршэр без абажуру ды лямпы, — зь ім наперавес ён стаў падобны на змрочнага рыбака ў чоўне, які заплыў кудысьці не туды.
З-за шафы зьявіўся па-зьвярынаму вясёлы мужчына ў спартовым касьцюме. Пацягваючыся, ён павольна рушыў да кухні, але на паўшляху заўважыў сярод агульнае шэрасьці яшчэ больш шэрага гаспадара й запытаў з жыццярадасным недаўменьнем:
— О! Ты хто?
Выбух рогату, які пачуўся з кухні, прымусіў гаспадара задыхнуцца ад злосці. Да таго ж адтуль вызірнула галава зь яшчэ дрыжачымі губамі, колькі сэкундаў стрымлівалася, а потым усё ж выплюнула:
— Гэта ж гаспадар кватэры!
Вясёлы мужчына пляснуў гаспадара па плячы ды накіраваўся ў прыбіральню. Яго зьмяніла абсалютна голая жанчына з вытатуіраваным унізе жывата сваім жа тварам. „Зашпілі,” — каротка кінула яна, умомант увайшоўшы ва ўзьніклы з пустаты станік. Гаспадар кашлянуў, падняўся... зашпількі былі як два аднолькава зараджаныя магніты.