— Ды я б сама, — сказала двухтварая жанчына з раздражненьнем. — Я пагаварыць хацела... Сумна... Цябе як завуць?
Зашпількі кінуліся да яе рук.
— Тухлік яго зваць, — пачулася з кухні.
— Толя, — непапраўна спазьняючыся, адказаў гаспадар і крыкнуў у бок кухні: „Маўчыце, гніды!”
— Ты пра замок, Тухлік, пра замок!
— Сёньня ўставіш!
— І падлогу вымый!
— І рамонт! Эўра!
— І прапыласось дываны, — флегматычна сказаў нехта, імітуючы, відаць, сваю жонку.
— Ды адстаньце вы ад яго, — пачуўся нарэшце нечы прыміральны голас, — Тухлік! Хадзем лекавацца!
Кароль з каралеваю ўсё стаялі пад каленамі палацу: можа, забыліся на нешта... альбо перадумалі?
Дзьверы між тым не пераставалі адчыняцца. Двухтварая жанчына сыйшла, памяняўшы сябе на трох вельмі сур'ёзных дзядзек у ваднолькавых строгіх касьцюмах — яны кінулі на парозе вялікі, падобны да дзяржаўнага гербу хаўтурны вянок і зьніклі на кухні. Потым руды хлопчык з вужом на руках пратэпаў зь вітальні ў пакой, лёг на раскладанку й захінуўся коўдраю па самую шыю: ніводная цягліца не зварухнулася ні на яго твары, ні на гнілой сьліве вужынай галавы. За ім зьявіліся двое з гітарамі, трэці йшоў усьлед, сагнуты цяжарам вялізнага басовага бубна — глядзець наперад ён ня мог, і таму арыентаваўся па белых, нібы мучных сьлядох, якія пакідалі за сабой масіўныя боты гітарыстаў. Ля гаспадара бубнач спыніўся, разагнуўся й мовіў з аздобленай траурам павагаю: „Тынк”.
— Прэч! — закрычаў Тухлік хутчэй сабе, чым сваім гасьцям, кінуўся ў вітальню й сарваў са сцяны драпавае, з шырокімі рукавамі, паліто. Нехта паспрабаваў зрабіць яму падножку.
...Ачуняўшы ад уласнага жаласлівага мармытання, Тухлік заўважыў, што адыйшоў ад дому досыць далёка. Фантастычныя пляны помсты ўперамешак з лаянкай і клятвамі самому сабе заўтра ж уставіць замок, захлынуліся ў рэчах больш надзённых. „Есці.” Ён стаяў між — літаральна між: быў тонкім кійком з кропкай галавы ўверсе пасярод вялікага „М” і сьвежанамаляванага „Ж”. Тухлік сунуў рукі ў кішэні паліто й рушыў ад прыбіральні ў бок праспэкту.
Там Тухлік набыў пасьля доўгіх падлікаў белы хлеб і скарміў яго галубам у сквэры — тыя есці не спяшаліся, вырашыўшы спачатку дакатаваць нейкага свайго суродзіча. Дагатаваўшы, яны абурана пачалі таптацца па крошках і ў ва ўсім гэтым звадліва было ўбачыць нейкую мэтафару... Тухлік мэтафары ня ўбачыў, набыў цыгарэту, запаліў, кінуў у сьметніцу апошні ні да чаго не прыдатны рубель, адчуў, як запаўняецца горкай сьлінаю рот. Жыцьцё вярнулася. Рукі ўспацелі. Вакол гандлявалі кветкамі.
Ногі правялі Тухліка па некалькіх крамах, дзе ён напоўніў даверху пакет бліскучымі далікатэсамі, па адным буціку, дзе маладыя прадавачкі завязалі на ягонай калючай шыі новы, яшчэ цнатлівасіні гальштук, трох кнігарнях, у вадной зь якіх Тухліку загарнулі ў цэляфан шыкоўную, з пылам і сонечнымі промнямі кнігу (зь яе вокладкі яму проста ў твар дыміў люлькаю вядомы паэт-канцэптуаліст), па двух Інтэрнэт-кавярнях, па...
Уздыхнуўшы, Тухлік паставіў „бы” на мейсца. Пасьля доўгіх блуканьняў па бясконцых дварох ён апыніўся на апошнім паверсе Палаца культуры, на гаўбцы пад самым дахам — зьлева ад яго спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам скульптура рабочага з молатам, гранітная жанчына ўтрымлівала яго, махаючы сьпеленатым дзіцём. На Тухліка глядзеў горад. У скрыжаванні вуліц з вышыні зазвычай можна прачытаць словы, якія словы — гэта ўжо залежыць ад таго, хто чытае. Тухлік прыходзіў сюды не ўпершыню, але толькі сёньня яму выразна ўбачылася крыва, нібы дзіцячай рукой выведзенае друкаванымі літарамі: НЕНАВІДЖУ.
Ж утварала плошча ў далёкім сінім мроіве.
Паўсюль сваволіў Агул — Агул, бог транспарту, тэлефону, лятарэяў, гадзінаў пік, пацалункаў, чэргаў, неверагодны бог ня ведаючых, дзе вуліца Гэная і дзе вуліца Тая, бог ня маючых запаліць і ня маючых хлеба, бог бежанцаў і экстравэртаў, бог паразытычнай чалавечай мовы. Агул — як цяжка адрачыся ад яго, вечна маладога, любімай гульнёй якога з маленства, праведзенага ў Алімпійскім завулку, зьяўляецца гульня ў ператварэньні.
„Скрайнасьць — вось найлепшая абарона,” — думаў Тухлік, зьбягаючы па прыступках уніз міма стэлаў з выявамі Вялікіх людзей. „Скрайнасьць. Народ ратуюць ня выбары, а рэвалюцыі, цяжка хворага — тэрміновая апэрацыя, а не пігулкі. Самотнага выратуе жалезная скрыня два на два ды хлеб праз шчылінку, а не выпадковыя палавыя сувязі з бадуном адзіноты. Скрайнасьць!”
„Нас край на бой сьвяты паклікаў!” — бубнелі дынамікі ў фае палацу. Дзеці падтрымлівалі пад рукі нейкага вэтэрана й кармілі з лыжачкі мікрафонам. Тухлік выскачыў на вуліцу. Ён бадзёрай хадой (бо ніжні гузік нарэшце адляцеў) увайшоў у сквэр і прысеў на лавачку ля маладога чалавека, які прыпальваў адну цыгарэту ад другой.