— Лепшы від на гэты горад, калі сесьці, — павітаўся Тухлік і змахнуў са шчэці на твары хлебную крошку.
Макс сядзеў у сквэры ўжо гадзіну, але толькі пасьля другой пляшкі піва яму палягчэла. Цяпер можна было бяз страху паліць, не чакаючы, што зацяжкі будуць адгукацца ў скрынях надсадным рэхам. Піва перамагло раніцу, і цяпер сьвет пахістваўся вакол на залатых піўных хвалях, хутка саграваемых сонцам. Двухлітровая сьвядомасьць Макса таксама была залітая півам, думкі млявымі бурбалкамі ўздымаліся, а можа, апускаліся, і нават ня думкі, — так, урыўкі фразаў, размытыя словы... адкрыцьцё клюбу цнатліўцаў... Дара... ганарар... піва... лепшае піва — гарэлка... трыццаць штук... палціньнік... Пялевін... Дара... задніца... грудзі... Дара... „Парагвай”... ваў... еў... Дара... матор... Макс паглядзеў на гадзіньнік: яго чакала важнае спатканьне, але ня ўбачыў нічога, акрамя трох стрэлак на цыфербляце. „Колькі ж гэта часу,” — спалохана падумаў ён і тут жа паніка адступіла, засталася толькі пена, цяжкая піўная пена. Хер яго ведае, колькі часу, зрабіў Макс яшчэ адзін глыток. Хер. Дара. Ганарар. Як лісьлівы швайцар, ён упускаў у сябе ўслед за пахмельлем новае ап'яненьне — барочнае, пульхнае, піўное.
Насамрэч Макс хацеў думаць выключна пра Дару — учора яны ўжраліся ў дупу на адкрыцьці „Парагваю”, і Макс павёз яе да сябе, у таксі таропка зрываючы са сьцёгнаў Дары тыя пятнаццаць год, якія іх разьдзялялі. Потым...
...Потым гэтая старая курва наржалася ўволю, пакінула Максу хуткі пацалунак у разгублены рот ды станік у ванным пакоі, а сама зьбегла. „Яна была вінаватая, яна,” — думаў Макс. „Пахла ад яе неяк ня так.. Сьмярдзела яна, сьмяр-дзе-е-е-ла-а...” — пераконваў ён сябе. „Але ж я яе... Трэба ра... рэ-а... рабі... эрэабі... раббіліцірацца...”
Макс зрабіў глыток і, невядома навошта, узбоўтаў пляшку. Ён павярнуў цяжкую галаву і ўбачыў між вясёлкавага сьвятла жабрацкага выгляду мужчыну ў запыленым драпавым паліто.
— Лепшы від на гэты горад, калі сесьці, — сказаў жабрак і пацягнуў Максу далонь. — Анатоль.
Макс з агідаю паглядзеў на чорна-фіялетавыя пазногці й паспрабаваў вярнуцца ў свой залацісты ранак. Ён зноў згадаў пра нейкае прызначанае спатканьне, зірнуў на гадзіннік — стрэлкі разьмяшчаліся цяпер ужо відавочна ня так, але час Макс быў вызначыць ня здольны. Ён утаропіўся на мураўепадобныя стрэлкі і ня слухаў:
— Чыталі Вонэгута? — махаючы рукой, загаварыў жабрак. — Там у яго ёсьць такое паняцьце — карас.
Жабрак паглядзеў на кашулю Макса з бэджам „Самца”, спытаў усьцешана: „Журналіст?” і, не дачакаўшыся адказу, працягваў:
— Дык вось — карас. Паводле кнігі Баканона, карае ёсьць групай людзей, якія выконваюць божую волю, ня ведаючы, што твораць... Усё чалавецтва падзеленае на такія групы. Калі вы зразумееце, што вашае жыцьцё пераплялося з жыцьцём іншага чалавека без асаблівых на тое прычынаў, то гэты чалавек, хутчэй за ўсё, — сябра вашага караса. Вось журналісты — таксама карае... і жыхары аднаго мікрараёну, і чарга па хлеб, і французы, і творчая інтэлігенцыя — усё карасы! І вы — член майго карасу.
Макс пахіснуўся, і Тухлік прыняў гэта за згоду.
— Межы, прыдуманыя намі... Нас мусяць вызначаць фэномэны: каханьне, сьмерць, творчасьць, самота, гармонія з...
Тухлік намаляваў у паветры нешта падобнае на тэлевізар.
— Дзяржава жывіцца карасамі... яна грунтуецца на сыстэме карасаў... Карасы кіруюць намі, нашым жыцьцём... Вось вы дзе ўчора правялі вечар?
— П-прэзентацыя, — нечакана вымавіў Макс і сам зьдзівіўся, адкуль узялося гэтае слова.
— Рытуал... яшчэ адзін рытуал, — Тухлік пакруціў у пальцах гузік паліто. — Карасы без рытуалаў не йснуюць...
Максу ўсё гэта раптам падалося страшэнна цікавым. Ён не разумеў аніводнага слова, але „карае” так лёгка ўвайшоў у галаву... Даара... грошы... карае... піва... Дара... карае... Ён падсунуўся бліжэй, і напружаным словам Тухліка стала лацьвей абцякаць Макса й сплываць у нікуды.
— Любое паўтарэньне цягне за сабой рытуал... любое паўтарэнне пагражае надаць тваім рухам і словам непатрэбную сакральнасць. Звычка, падабраная ў сэнтымэнтальным двары юнацтва, неўпрыкмет вырастае ў рытуал, які акупуе твой маленькі сьвет і становіцца той жывёлай, на плячох якой ты едзеш праз жыцьцё ў нябыт...
Тым часам піўная пена стала пакрысе чэзнуць, і вакол Макса праз закалыхваючыя сьветлыя колы пачалі праступаць дрэвы сквэру, і патыхаючы булкамі асфальт пад нагамі, і цікаўныя фары за агароджаю, і гучны смурод з вуліцы... сквэр як куфэрак зачыніўся тоўстым простакутным ценем — папросту сонца зайшло за хмару. Зноў прыйшоў боль у скронях, як лядоўня шумна запрацаваў страўнік, млосна стала, халодна й словадасягальна — Макс кінуў пад ногі недапалак.