— Малады чалавек!
Гэта мая суседка па глядзельнай залі. Яна ўвайшла нядаўна, сядзела, ікала — дама гадоў сарака ў паліто, зашпіленым на адзін гузік. З валізкі выглядвае пальчатка, нібы рука нейкага кішэннага мужа. Памада на падбародзьдзі як другія вусны... бессэнсоўная ўсьмешка на першых.
— Малды члавек...
Я паглядзеў ёй у твар. Яна ўжо доўга спрабавала вымавіць гэтыя два словы са згубленымі або забытымі ў гасьцёх галоснымі, але адно бяссільна разводзіла рукамі. І ўрэшце:
— Малды члавек! Авой... Я гэткая п'яная... прабачце мне...
Яна пасядзела колькі сэкундаў моўчкі, з недаверам узіраючыся ў заваконьне.
— Малды члавек, а як вас завуць... Я Гала... Галя...
Я маўчаў, дом маёй таямніцы быў усё бліжэй, трамвай спрабаваў нешта скінуць са сваёй сьпіны, суседка гаварыла, пазногцем адкалупваючы паралён зь сядзеньня:
— Ты зусім як мой сын... Вас трэба пазнаёміць... хадзем... пап'ем ік-кавы...
Вакно гарэла. Мая таямніца была на сваім мейсцы, вакол яе струменіла святло, смактала пранізьлівую, засыпаную бітым гукам ноч. Дзьверы трамвая зачыніліся, потым зноў адчыніліся пад маёй гэткай схільнай да непрадказальных учынкаў рукой. Галя вітала новых двайнікоў свайго сына. Я выйшаў на ўсцешаны холад, забыўшы, што грошай на таксі ня маю, я не адрываў вачэй ад асьветленага вакна з чорным сылюэтам. Неба стала вышэй. Трамвай павольна прапоўз міма. У кабіне спала вагонаважатая, аддаўшы ягонаму целу свае вялікія, чырвоныя, пякучыя, гэткія пільныя вочы.
5
Ключ Дара знайшла зусім выпадкова.
Як Дашу Малярову яе ведаў мала хто: забыты бацька, магчыма жывы яшчэ недзе на Смаленшчыне, ды ружовая баба, якая прымала камунальныя плацяжы. Над сваімі матэрыяламі Дара набірала — звычна-хутка, адной прабежкай пальцаў — псэўдонім, які год ад году ўсё менш быў ёй да спадобы. Дара Малярыя. Час мінаў, і ад гэтых двух слоў пачынала патыхаць тымі бурлівымі днямі, калі модна было хадзіць у варанай джынсе, даводзіць свае валасы да непапраўна лялечнага стану, пісаць пра мэталістаў і абнаўленьне камсамолу. Кужэльная блузка, джынсовая спадніца да каленяў, пунсовыя пантофлі — Дашка, выпускніца журфаку... Час перафарбаваў гэты здымак, адрэтушаваў, надаў ценяў і зморшчынаў. Вечная чэстэрфілдзіна ў тонкіх хрусткіх пальцах, па маленькіх грудзёх скача талісман на ланцужку — воўчы ікол, новыя зубы, дэкальтаваная чорная кофта ўмеранай бліскучасці, драпежны позірк на манітор, мёртвыя, кароткія, безжыцьцёвыя валасы, добра захаваная талія, фантастычныя ногі — паехалі, Малярыя!
А ключ — ключ яна знайшла зусім выпадкова.
Неяк у панядзелак да Дары прыйшло вельмі простае адкрыцьцё, якое тым ня менш потым настойліва вярталася да яе ўвесь тыдзень, як не імкнулася Дара растварыць яго ў кампутарным гудзенні, у рэдакцыйнай калідорнай трапатні, у зьзяючай белі медцэнтру. Яна ехала ў тралейбусе, і ужо недалёка ад мэтро, абводзячы вусны контурным позехам, усьвядоміла плаўна ды ясна, нібы адкрыццё ўваходзіла ў праграму дня: аказваецца, мужыкоў у яе жыцьці было столькі ж, колькі гадоў пражыла Дара на гэтым сьвеце. Такое супадзенне, па вялікім рахунку, нічога ня значыла, ні да якіх высноў не вымушала. Але...
Пасьля капрызнай, агідна жывой і ў той жа час адмарожанай памылкі, якая мела назву „Маляроў”, Дара ўпускала раз-пораз у свой дом і іншых мужчын — новых прэтэндэнтаў на мейсца Вялікай Кітайскай сьцяны. Але то гэтыя самазадаволеныя ідыёты апыналіся сапраўды глухімі й халоднымі сьценамі, то нахабнымі эгаістамі з ракавай пухлінай халасьцяцтва ўнутры.
Штораз стасункі зь імі хутка дасягалі чамадану, выклікання таксі ды апошніх намаўленьняў на парозе, мацерных або сьлязьлівых. Гэтыя маналёгі ў дзьвярнога касяку яшчэ мацней распальвалі Дарыну агіду да чарговага недасупруга. Потым — прыемнае зьнішчэньне мужчынскіх майткоў ды шкарпэтак, якія нібыта блыхі хаваліся ў дагледжанай тыгрынай поўсьці яе кватэры. І штораз неба давала Дары знак — усё, трэба разьвітвацца, знак, пасьля якога цярпеньне Дары выпарвалася канчаткова. Помніцца, аднаго з прэтэндэнтаў яна выгнала па наступным выпадку. Дара прачнулася, прэтэндэнт, мяркуючы па гуках, быў на кухні. Нячутна (ну яна заўсёды ходзіць нячутна, што з гэтым зробіш!) Дара выйшла ў калідор. Прэтэндэнт сядзеў на крэсьле і, не зьвяртаючы ўвагу на ранішнюю эрэкцыю, засяроджана зьдзіраў брудны пазногаць зь вялікага пальца на правай назе. Занятак відавочна прыносіў прэтэндэнту асалоду ня меншую, чым усе Дарыны пешчаньні. Скончыўшы гэтую захапляльную працу, прэтэндэнт ашчадна ўзяў пазногаць і па-злодзейску азіраючыся кінуў за лядоўню. Натуральна, ужо пасьля сняданку небарака быў з ганьбаю выгнаны. Пазногаць Дара засунула ў кішэню ягонага пінжаку.