Выбрать главу

Яшчэ быў адзін — сапраўдны мачо. Аднойчы ў ванным пакоі Дары кінулася ў вочы дробязь, якая, разьдзмутая стомленым Дарыным уяўленьнем, неўзабаве вырасла да памераў абразы. Зубныя шчоткі. Яны стаялі побач: чорная шчотка мачо і зялёная, з перламутравымі разводамі шчотка Дары. Чорная шчотка, пахваляючыся сваёй мужчынскай сілай, мела зялёную ззаду, а іншай пазыцыі мачо не прызнаваў. У тым, што гэта было зроблена наўмысна, Дара ні на каліва не сумнявалася. З мачо яны разышліся ў той жа дзень. На разьвітаньне ён назваў яе сучкай і фрыгіднай калодай, а таксама пакінуў сіняк пад зялёным, як тая зубная шчотка, Дарыным вокам. У вадказ Дара апрабіравала на прэтэндэнце нядаўна набыты электрашокер.

Трэці нумар, які добра запомніўся, любіў сраць. Пакуль ён шаргатаў у прыбіральні туалетнай паперай, Дара паспявала зьнішчыць паўпанку „Чэстэрфільду” ды нафантазіравацца да таго, што істота ў прыбіральні — ня менш чым знакаміты фалынываманэтчык. Добра, калі б ён проста любіў сраць — не, самае паскуднае было ў тым, што ён любіў пра гэта распавядаць. З усімі падрабязнасцямі: як, колькі, колер і форма... Вось ужо напраўду, прэтэндэнт дзейнічаў згодна з пажаданнямі сучасных псыхолягаў: не саромцеся дзяліцца з каханымі самымі інтымнымі рэчамі. А ключ — ключ Дара ЗНАЙШЛА ЗУСІМ ВЫПАДКОВА.

Шмат у якіх кватэрах ёсьць шафы, дзе сярод паліцаў тоіцца маленькае гета з сагнанымі ў яго старымі фатаграфіямі, лістамі, успамінамі, ужо ні на што ня вартымі, як скарыстаная запалка. Гэтыя фатаграфіі даўно не перабірае зь ветліва-абыякавай частатой мэтраному рука наладжанага ў кухоннай танальнасці госьця, пра гэтыя лісты забывае сам гаспадар. Нейкі зламаны гузік, насоўка з плямаю колеру засохлай ружы, цыдулка — той, хто знойдзе іх, наўрад ці ўзгадае, што калісьці яны ды яшчэ які-небудзь аскепак люстэрка былі маленькімі сымболямі нованароджанага каханьня, словамі толькі што ўзьніклай мовы, якой наканавана праіснаваць хіба некалькі месяцаў. Хаця — таму іх і пакінулі жыць, адвялі ім гэтае мейсца ў шафе й — на іх забыліся.

Ключ.

Дзеці, калі вырастаюць, лёгка знаходзяць такія забытыя бацькамі куточкі — так жабрак беспамылкова вылучае ў натоўпе найдабрэйшы твар, так сабака на мытні адчувае гераін у валізе нявіннай, але барадатай у душы манашкі. Сыночак можа ня ведаць, дзе ляжаць ягоныя нагавіцы, але як экстрасэнс бачыць празь сьцены шафы прэзэрватывы, цыгарэты альбо касэты з парнухаю. Зрэшты, у Дары не сыночак, у яе бесцырымонная і ад гэтага яшчэ больш любая дачка.

— Малярова! — вось падабаецца ёй называць маці па прозьвішчы. Дарыны прыяцелькі навучылі, курвы. — Малярова, ну ты і заклапочаная баба была ў юнацтве!

Дара нахмурыла бровы — гэты яе рух выклікаў у ва ўсіх мужыкоў зазвычай розныя матросава-мярэсьеўскія пачуцьці. Спаймала свой адбітак у шкле журнальнага століку. Вакол з эстэтычнай бязладнасцю валяліся часопісы ў рознай стадыі насычэння чалавечым інтарэсам: „СКВО”, часопіс для жанчын 21 стагодзьдзя, дзе Дара працавала ўжо шэсьць гадоў, усё зь меншым і меншым посьпехам... „Самец”, часопіс для рэальных пацаноў, куды яна зрэдку аддавала фотаздымкі... тынэйджарскі „Ваў” — улюбёнае чытанне дачкі (там Дара вяла рубрыку ПАРАДЫ).

— Ты што гэта вярзеш, малая? — слухаўка, якую Дара ўжо паднесла да вуха, зноў легла на мейсца — гудзенне нават не пасьпела раздрабіцца на цвырканьне. Тонкія пальцы Дары лёганька, але пагрозьліва пастукалі па кнопках.

— Ды так... я тут учора нейкія лісты знайшла... ну, тыя, якія ты нашаму татачку пісала...

Шоргат майкі за сьцяной перайшоў у хіхіканне.

— Хаця, папраўдзе кажучы, хто зь іх наш татачка, я не зусім зразумела...

Малярова-малодшая, пачуўшы крокі маці, кінулася са свайго боку трымаць дзьверы. Але Дара ўсяго толькі адчыніла, усміхаючыся, шафу. А сапраўды, тут жа ўсё гэта ляжыць, ну, ня ўсё, нешта выкідвалася, нешта прыносілася ў ахвяру папярэдняму прэтэндэнту... на якой жа гэта паліцы... О, тут.

— Ідзі, ідзі, малая, у лялькі пагуляй, — адмахнулася Дара ад дачкі, якая прысела на край яе фатэлю. — Валі!