Выбрать главу

Калі б гэта ў нас, я забіў бы яе ручніком! А тут няёмка. Дый сачыць за ею — хоць які-ніякі занятак. А то сядзі, як стод...

У пакоі рабілася цемнавата, i шэры, размыты вечарам горад ужо не вабіў муху. Калі запалілі святло, яна пераляцела на лямпачку, а пасля — на бліскучы чаравік дзядзькі Адама. От, далакопша...

Злева яна бачыла чорнае вакно з начнымі агнямі. Справа сядзелі людзі з роўнымі, белымі i гладкімі, як падваконне, тварамі.

Жанчына ў чорнай сукенцы піла каву. Адставіўшы філіжанку ўбок, яна разрыдалася. Тады заварушыліся i астатнія.

— Колькі ж было нябожчыку? — прашаптаў у вуха насупленай суседцы малады мужчына.

— Крыху за трыццаць,— адказаў за кабету задуменны дзед у кутку.

— Як Хрыстосу,— ажывіўся хлопец, які сядзеў у дзвярах, i адразу выклікаў на сябе незадаволеныя позіркі прысутных.

— Трыццаць тры было,— хрыплавата прамовіла насупленая жанчына.

— Канцлер не разбірае,— сказаў хлопец у дзвярах. На ім быў цемна-сіні пільчак i белая кашуля, запшіленая на ўсе гузікі.

— Стасю, хадзі прынясі з зяльнічкі валяр'янку,— распарадзілася бабуля,— а ты, дачка, перастань піць каву. Табе трэба супакоіцца.

Але малады мужчына, якога назвалі Стасем, застаўся сядзець на месцы. Адно кіўнуў хлопцу ў дзвярах, i той ахвотна выйшаў з пакоя. Зноў стала ціха.

У калідоры зазвінеў тэлефон. Усе слухалі, як хлопец падняў трубку i размаўляе з некім:

— У нас бяда! Памёр цёткі Ледзі дзядзька Адам. Вы ўжо ведаеце... А я не пайшоў у школу... Працоўная чвэртка... Усе тут: i цетка Лёдзя, i баба Гунэфа, i мама, i Стасік, i дзед Язахват, i я...

Хлопец паклаў слухаўку i вярнуўся ў пакой.

— Тэлехванаваў Пятровіч. Казаў, што дзядзька Адам пакінуў у яго свой запавет i ен зараз прывязе.

— Запавет... — адчужана прамовіла цётка Лёдзя i зноў узяла ў рукі філіжанку з кавай. Заварушыўся Стась, які, мусіць, згадаў пра валяр'янку.

Муха зляцела на чорную калашыну нябожчыка i на густым тле тканіны здавалася зусім светлай, нават белай. Яна хутка пасоўвалася па штаніне ўверх i замерла толькі на жоўтай бляшцы з чаканай вусатай выявай. Hi на міг яна не зводзіла свайго зялёнага пукатага вока з прысутных у пакоі людзей.

Тым часам з'явіўся Пятровіч, мажны мужчына з абветраным тварам. Ён павітаўся з усімі i паказаў маленькую самаробную агортку.

Дзед Язахват выцягнуў з кішэні акуляры, надзеў ix i сказаў:

— Чытай.

Усе пры гэтым сталi ўрачыстыя. Толькі цётка Лёдзя пазірала на Пятровіча разгублена.

Пятровіч разгарнуў паперу i пачаў чытаць надламаным голасам:

— Запавет. Шаноўныя сваякі i суседзі! Я доўга шукаў нагоду для самагубства, але так i не знайшоў яе. Таму я вырашыў не забіваць сябе!

Пятровіч зрабіў паўзу. Усе здзіўлена пазіралі то на яго, то на нябожчыка.

— Мала якая хвароба ці здарэнне могуць падкасіць чалавека i без ягонага жадання,— чытаў Пятровіч.

Баба Гунэфа з разуменнем заківала.

— Прашу не вінаваціць мяне за тое, што я зрабіў. Хіба ж не рабіў я i чаго добрага ў гэтым жыцці? Памятаеш, дзеду, я заўсёды дапамагаў табе, яшчэ калі ты жыў на вёсцы, дый у нас табе было няблага. А ты, Лёдзя... хіба я не кахаў цябе? A колькі разоў я рапараваў Сяргейку ровар!

Зноў пачуліся рыданні. Муха па грудзях дабралася да твару нябожчыка. Яна нібы скамянела на губе, якая павольна расцягвалася пад лапамі ва ўсмешку. У гэты момант муху легка можна было злавіць. Але вось яна ўжо агойталася i зноў пераляцела на шыбіну.

— Справа ў тым,— сказаў нябожчык, не мяняючы позы,— што мяне заеў мой рабочы гонар. Гэта пасля таго, як я пачытаў «Пахаванне» Івана Франка. Вось я i падумаў: што ж гэта ўсе розным паэтам ды кампазітарам дазволена пабываць на ўласных хаўтурах, а мне, простаму чалавеку, значыць, нельга? Тады я й вырашыў памерці!

Прысутныя абаўрэла пазіралі на труну. Нічога там не рухалася, адно, здаецца, варушыліся вусны.

— Як жа так? — прашаптаў дзед Язахват.

— Як жа так? — паўтарыла баба Гунэфа.

— А школа? — спыталася насупленая жанчына, гледзячы на хлопца ў дзвярах.

— А рабочы дзень? — вінавата ўсміхнуўся Пятровіч.— Ты б хоць папярэдзіў...

— А труна, a магіла? — абурыўся дзед Язахват.

— Усе нармалёва,— чулася з труны.— Я ж не кажу, што трэба адмяняць хаўтуры i пахаванне. Проста я задаволіўся тым, што магу, як той Франко... А вы сядайце да стала. Дайце i мне чаго перахапіць. Усё ж няблізкая дарога.