Выбрать главу

Апавяданне «Там» раскрывае духоўную драму пісьменніцкай працы, творчасці. У адрозненне ад сваіх паасобных эсэ i крытычных артыкулаў, аўтар пазбягае тут адназначных ацэнак i той маладой самаўпэўненасці, якая стала прыкметай сягонняшняга літаратурнага авангарду. Маладосць i сталасць, вучнеўства i настаўніцтва, пачатак i канец сумяшчаюцца ў вобразе літаратурнага лідэра, чалавека таленавітага i мудрага, які ўсе ж не знаходзіць сцяжыны да сэрца i душэўнай драмы сягонняшняга пачаткоўца, як, на мой погляд, у нечым парадаксальнага скептычнага максімаліста. Узнаўляецца сітуацыя своеасаблівага літаратурнага семінару. Малады чалавек прыносіць літаратурнаму мэтру /ці, мабыць, уяўляе, што прыносіць, бо сюжэт скарэй гіпатэтычны, чым «натурны»/ свае першае апавяданне-эскіз на ваенную тэму, хоць рэальнага вопыту вайны i ваеннай брутальнасці ён, дзякуй Богу, не перажыў. Але ж i мастацтва ёсць хутчэй інтэнцыянальны, чыста духоўны, чым рэальна-бытавы вопыт, хоць i апошні мае значэнне, асабліва ў рэалістычнай мастацкай прозе. Такім чынам, няма абсалютнай ісціны ні на адным з «бакоў», яна хутчэй — бясконцы дыялог. Няма таксама выразнай мяжы паміж маладосцю i старасцю, бо i настаўнік у свой час перажыў пакуты літаратурнага пачаткоўца; а малады, здзяйсняючыся як пісьменнік, неўпрыкметку старэе, страчваючы цеплыню натуральнага побыту, Адным словам, як сказаў вершамі герой рамана Германа Гесэ, «Не аглянуцца, не прыпыніцца, а быццё ўсё так жа недаступна».

У апавяданні «Там» літаратурны мэтр успамінае сваю маладосць, свае першыя літаратурныя крокі, калі i яго «бэсціў прызнаны парнаснік». I тут наступае ці то прывід смерці, ці сама натуральная смерць. Бо апошняя фраза не адназначная: «Дуб загайдаў галінамі, спуджана хільнуўся кронаю ўбок. Гэтак спуджана косіць вокам конь, які вязе мерцвяка». Адным словам, «помні пра смерць».

Але помніць пра яе павінен i малады чалавек, каб больш памяркоўна адносіцца да сваіх «продкаў». Бо ў старэчым жыцці смерць прысутнічае рэальна, у той «немачы», пра якую Сяргей піша ў сваей вясковай антыутопіі «Гон».

У апавяданні «Там», мабыць, найбольш дасканалым у зборніку Сяргея Дубаўца, ёсць адзін гратэскавы матыў: там, дзе аўтар убачыў у антыгістарычнай брашурцы сталінскага гісторыка Лаўрэнція Абэцэдарскага «У святле неабвержных фактаў» ненатуральна тоўстую паклееную кнігу. Тут ёсць свая сімволіка, бо гэтая шчыра-хлуслівая пісаніна ў свой час была своеасаблівым «магістралам» нашай казённай, па-свойму гратэскавай гістарыяграфіі. У большасці сваіх апавяданняў i эсэ аўтару бачацца наша быццё i літаратура пераважна ў гратэскавым святле. Зазначу, аднак, што гратэскі гэтыя — не выдумка пісьменніка, яны былі i засталіся ў рэальным быцці, I ў мастацтве яны — не выдумка мадэрністаў.

У крытыцы i літаратуразнаўстве /не толькі нашым, але i агульнаеўрапейскім/ гратэск усё яшчэ далучаюць да сатырычнага жанру. Між тым гратэск i сатыра — у нечым нават супроцьлеглыя формы камічнага. Сатырык смяецца з агіднага i нізкага, у той час як гратэск ёсць адначасова смех з узнёслага i гераічнага, смех універсальны i амбівалентны, накіраваны i на таго, хто смяецца. Асноўны метад гратэскавага адлюстравання жыцця — травестацыя, перавод штодзённага, нават высокага i гераічнага ў смехавы аспект. Гратэскавы смех не толькі паніжае, але i ўзвышае жыццё, бо вызваляе яго з палону часовага, нізкага, застарэлага i нікчэмнага. У якасці універсальнай формы камічнага гратэск уключае ў сябе сатыру i гумар, але толькі як свае прыватныя моманты, як сродкі універсальнай «смехавой культуры», каранямі сваімі заглыбленай у народнай творчасці. Гратэскавыя формы камічнага яскрава выявіліся ў жанры чарадзейнай казкі, у народных жартах i «гавэндах», у скамарошніцтве, у анекдотах i універсальна — у народных карнавальных гульнях. Да літаратурных узораў гратэскавага смеху адносяцца творы М.Сервантэса, Ф.Рабле, М.Гогаля, беларускія ананімныя паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе», урэшце, вядомая ў асяроддзі беларускай публікі паэма «Сказ пра Лысую гару», памылкова аднесеная крытыкай да сатырычнага жанру. Уладзімір Караткевіч бліскуча развіваў тэты беларускі i сусветны вопыт гратэскавага смеху ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Прыроду гратэску даследаваў М.Бахцін на матэрыяле гворчасці Ф. Рабле i еўрапейскай карнавальнай культуры.