Выбрать главу

Як жа яна ненавідзела сябе! З якой жа асалодай гэтыя самыя зубы яна ўпіла б у сваю глотку, каб перагрызці яе!.. Яна шалёна біла сябе кулакамі ў скроні, у вусны, у шчокі, у грудзі… Яна не адчувала болю, а толькі нарастанне гневу, які, здавалася, пераходзіў у шаленства…

Яна ўскочыла, запаліла ўсё святло і, не засланяючы акно, пачала здзіраць з сябе адзенне. У гэтую ж хвіліну яна заўважыла сябе ў люстэрку і пасыпала пракляццямі. З яе вуснаў ненавісным шэптам зрываліся пагардлівыя, прыніжальныя словы, з кожным разам больш вульгарныя, чым далей, тым брыдчэйшыя… Нарэшце яна выбухнула дзікім спазматычным смехам і, заглыбіўшы пальцы ў валасы, пачала жменямі іх рваць…

У дзверы пастукалі.

— Хто там? — крыкнула Аліцыя. — Што вы хочаце, Юзэфова?!

— Мне здавалася, вы мяне клікалі.

— Не клікала! Ідзіце прэч!

За дзвярыма ўсталявалася маўчанне. Відаць, старая служка аслупянела ад незвычайнага тону пані. Паколькі, аднак, не было чуваць, што яна сыходзіць, Аліцыя шалёна закрычала:

— Ідзіце адсюль, што гэта за падслухоўванне!

— Я не падслухоўваю, — абурылася Юзэфова, — я толькі хачу аддаць ліст.

Аліцыя прыадчыніла дзверы і ўзяла ліст. Раптам яе апанавала адчайнае перакананне, ну так, поўная ўпэўненасць, што гэта ліст ад яго!.. Нягледзячы на абсурднасць такога дапушчэння, яна прыціскала канверт да грудзей і паўтарала, нібыта хацела ўмацаваць сябе ў гэтай веры:

— Бох… Бох… Гэта ён… Яшчэ не ўсё страчана, я яшчэ змагу яго ўратаваць, відаць, цаной прызнання ва ўсім!..

Яна паглядзела на ліст, і рукі яе бяссільна апусціліся: гэта быў вялікі ўрадавы канверт з пячаткай Міністэрства юстыцыі. Яна машынальна распячатала яго і прабеглася вачыма.

А пісьмо гэта было не абы-чым! У ім было прызначэнне падпракурора Аліцыі Горн у гонар прызнання яе заслуг у галіне правасуддзя, яе ведаў і таленту на пасаду пракурора Варшаўскага Акруговага суда…

Аліцыя змяла паперу ў далоні і кінула долу.

Раздзел 30

Падрапаныя дрожкі, запрэжаныя старой кашчавай клячай, затрымаліся ля аднаго з апошніх дамоў на вуліцы Тарчыньскай. Залкінд, які ўсю дарогу прыспешваў рамізніка, хутка ўсунуў яму ў руку нікелевую манету і, больш, чым звычайна, кульгаючы, убег у вароты.

Увесь другі і апошні паверх гэтага дома займала «ўстанова» яго сястры Фені, у вулічных колах шырока вядомай пад мянушкай Купчыха. Паколькі час быў надта ранні для «гасцей», а ўсе пансіянеркі яшчэ адсыпаліся, адчыніла сама Феня, магутных памераў, нябрыдкая яшчэ жанчына ў папільётках і ярка-зялёным халаце.

— Ну, нарэшце, — прамовіла яна з лёгкай нецярплівасцю.

— Яны тут? — спытаў Залкінд.

Сястра не адказала, а толькі паціснула плячыма, нібыта абражаная сумненнем у яе арганізацыйных здольнасцях.

Не здымаючы капелюша і паліто, наадварот, яшчэ больш наставіўшы каўнер, ён увайшоў за сястрой у малы, напаўцёмны і поўны дыму ад танных папярос пакойчык. За сталом, накрытым чырвоным плюшавым абрусам, і на двух ложках сядзела некалькі мужчын, занятых прыглушанай размовай. Залкінд нешта буркнуў пад нос і кожнаму падаў руку. Адзін з мужчын падсунуў яму нагой крэсла і кіўнуў на гаспадыню:

— Гэй, Купчыха, дай бутэльку і закуску, якая там лепшая.

— Хай сабе, — пагадзіўся Залкінд.

— Абавязкова, а як жа?! За такую справу! — засмяяўся малы рухавы жыдок у куце.

— Ну, што? — спытаўся Залкінд у плячыстага панурага мужыка з кучаравай растрапанай чупрынай, які да гэтага часу сядзеў моўчкі.

Кучаравы скосу паглядзеў на яго, сплюнуў паміж ног і сказаў:

— У парадку.

— У Цытадэлі?

— Ага.

— А сёння не завязуць? — занепакоіўся Залкінд.

— Шафёр не працверазее да поўначы, дык ім лепей акупіцца адразу на шыбеніцу.

— Гэты шафёр глытае мятную, як дзяўчына, — засмяяўся жыдок.

— А ксіва дайшла?

— Жалезна, — кіўнуў носам кучаравы.

— Слухайце, хлопцы, што я вам скажу, — падсунуўся да стала Залкінд, — я вам скажу, што я абяцаў пятнаццаць «кускоў» і мы на гэтым пагадзіліся. Але я ў гэтым чалавеку зацікаўлены, як у самім сабе. Калі ўсё атрымаецца, я дадам…

Залкінд зрабіў паўзу і, акінуўшы прысутных хуткім позіркам, скончыў:

— Дадам яшчэ пятнаццаць!

Запанавала цішыня. Кучаравы ўстаў, падцягнуў штаны і працягнуў вялікую лапу Залкінду.

— Што можа не атрымацца? Ці такую працу я рабіў у Амерыцы? На тутэйшых недарэк няма чаго азірацца. Ім нават у галаву не прыйдзе. Ну, рабяты[54], варта і напіцца пад такую закуску, як гэтая дабаўка, а?

Толькі цяпер эфект шчодрасці кліента праявіўся ў тым, што ўсе па чарзе паціскалі яго руку і абселі стол па крузе. Каржакаваты, сівы ўжо чалавек падышоў да Залкінда і пачаў падрабязна расказваць пра тое, як яму ўдалося купіць «беспрызорнага»[55] каня, што нават сам д’ябал не даведаецца, чый ён і адкуль, і калі яго пераедуць, то невялікая бяда. Што ж да грузу, то наваляць якой драўніны і ўсё.

вернуться

54

Рабяты — у арыгінале rebiata, аўтар наўмысна ўводзіць «рускую» лексіку для характарыстыкі персанажаў, якія відавочна ўсходнеславянскага (магчыма, беларускага) паходжання.

вернуться

55

Беспрызорнага — у арыгінале bezprizornego, каб падкрэсліць усходнеславянскае паходжанне персанажа.