Увайшла Феня і спрытнай рукой пачала расстаўляць на стале талеркі з закускамі, бутэлькі і шклянкі для гарэлкі, пасля чаго прысела сама і пачалося дэталёвае абмеркаванне плана.
Позні восеньскі золак замутніў чорныя шыбы і павольна пачаў змешвацца з бледна-зялёным святлом абажура, з-пад якога невялікі жоўты круг лямпы, які падаў на пісьмовы стол, асвятляў выпуклае шкельца гадзінніка.
Даўжэйшая, тонкая і востраканцовая яго стрэлка, здавалася, спяшаецца, нераўнамерна, рыўкамі і нервова. Часам яна нібыта прыпынялася ў сваім цыклічным бегу, то зноў згадвала, што павінна няўхільна здарыцца вельмі важнае, на што ёй нельга спазніцца, і тады яна бегла так хутка, што чалавечая думка з цяжкасцю даганяла яе, лічачы хвіліны. Затое меншая, шырокая і плоская, як кінжал, заўсёды, здавалася б, нерухомая, бо перамяшчалася павольна, незаўважна пасоўвалася наперад, упарта, заўзята, бязлітасна…
Дзве чорныя малыя стрэлкі, два недарэчныя дарожныя ўказальнікі, якія абарочваюцца вакол сваёй восі ў вечным, бязмэтным руху, накіроўваючы тых, хто стаў перад імі, пытаючыся пра дарогу, на ўсе бакі сусвету. Дзве шалёныя стрэлкі, якія намагаліся сваёй карпатлівай працай змераць усё, што немагчыма змераць, пералічыць тое, што не мае ліку…
Гадзіннік сваім ціканнем запаўняў цішыню, якую не парушалі самыя нязначныя шолахі. За вокнамі заканчвалася восеньская ноч, мёртвая, бясшумная. На бліжэйшым аэрадроме яшчэ спалі. У кватэры таксама панавала поўная цішыня ўжо столькі гадзін. Столькі? Дык колькі ж гэта?.. Ужо амаль пяць іх мінула з моманту, калі званіў тэлефон, калі Меснер паведаміў, што Прэзідэнт адхіліў просьбу пра памілаванне і што, такім чынам, пакаранне адбудзецца роўна а пятай раніцы…
А пятай раніцы!.. Праз дванаццаць хвілін меншая, шырокая і плоская стрэлка сустрэнецца з секунднай, а яе востры канец няўмольна кране чорны знак «5»…
У галаве Аліцыі прамільгнула, што ў яе яшчэ хапае часу, каб напісаць паўтара дзясятка слоў… Прызнання… развітання… Але для каго было пісаць?.. Нікога няма! Абсалютна нікога! О, яна зразумела гэта ўжо вечарам, калі стаяла, нахіліўшыся над пустым ложкам, там, у апошнім пакоі, над пустым ложкам Юлькі… зараз яго праводзяць на плошчу для пакаранняў. Яна памятала: два каштаны на схіле, з левага боку вышчарбленая сцяна, а насупраць варот — шыбеніца. Напэўна, ён ідзе і ўсміхаецца, з узнятай галавой… Толькі лісце на каштанах цяпер павінна быць жоўтае і чырвонае. Калі яна была там падчас пакарання бандыта Гарлача, лісце было яшчэ зялёнае… Уся Цытадэль тады яшчэ поўнілася зелянінай…
Даўжэйшая, тонкая і востраканцовая стрэлка дабіралася да верху цыферблата.
Аліцыя ўзняла руку. На стале, амаль нябачны за жоўтым кругам лямпы, ляжаў маленькі чорны браўнінг. Ён там чакаў. Цярпліва чакаў пяць гадзін.
Пяць гадзін, доўгіх, як вечнасць!!!
Зараз ён павольна ўзняўся на вышыню грудзей. Рука Аліцыі не здрыганулася, пад пальцамі свае апошнія ўдары адлічвала сэрца, стукала ва ўнісон з гадзіннікам…
— Я іду з табой, Бох, іду… Калі б я магла верыць, што мы не ідзём у нікуды, калі б магла… Бох!
Прагучаў стрэл.
Кароткі, сухі, адрывісты трэск браўнінга.
Востры, колючы боль — і лёгкія заліла гарачая хваля.
— А-а-а-а…
Цела перагнулася і ссунулася на падлогу павольна і бязгучна.
Дзверы адчыніліся, і ў пакой дробным крокам убегла Юзэфова, босая, у доўгай накрухмаленай кашулі. Яна нават не крыкнула, адразу ўзялася падымаць пані. Гэта было, аднак, ёй не пад сілу. Яна хутка падсунула пад бездапаможную галаву вялікую белую падушку і патупала да тэлефона.
Праз дзесяць хвілін прыехала «хуткая дапамога». Доктар разам з санітарам паклалі Аліцыю на канапу. Пакуль Юзэфова здолела надзець пеньюар, першасны агляд быў скончаны і пані зносілі ў карэту.
На пытанне служкі доктар адказаў:
— Яшчэ жывая. Звязвайцеся, калі ласка, са шпіталем Дзіцяці Езуса.
Вароты шпіталя былі ўжо адчыненыя. Калі насілкі з самазабойцай паставілі пасярэдзіне амбулаторыі, доктар «хуткай дапамогі» стаў прыспешваць заспанага служку:
— Разбудзіце хутчэй дзяжурнага ўрача, бо, магчыма, што адразу трэба будзе класці яе на стол. Хто сёння дзяжурыць?
— Доктар Лазіньскі, — буркнуў служка і знік з рэгістрацыйнай карткай за дзвярыма кабінета.