Але менавіта тут, ліха на яго, па самым цэнтры цягнуўся вялікі воз, гружаны дровамі.
Паліцэйскі, які ехаў спераду, спыніўся і загадаў нетаропкаму фурману з’ехаць на тратуар, але той па-ранейшаму няўмела манеўраваў сваёй клячай, што не здолеў з’ехаць своечасова, і машыну прыйшлося затрымаць.
— З’язджай, халера! — крыкнуў камісар.
— З’язджаю, ужо, — флегматычна запэўніваў барадаты мужык у насунутай на вочы шапцы, але дарэмна ён пацягнуў лейцы. Кляча круцілася то ўправа, то ўлева, і ў выніку павозка з дровамі зусім загарадзіла дарогу.
— Ах, ты, недарэка! — лаяўся паліцэйскі і, абапершы матацыкл на ліхтар, схапіў каня за цуглі.
Раптам недзе паблізу пачуўся ціхі свіст.
Амаль адначасова ў кабіне машыны прагучалі моцныя стрэлы, але перш чым камісар зразумеў, што ўнутры ідзе барацьба, вялы рамізнік падняў вялікую калоду і пачаў калаціць ёй па матацыкле з такой сілай, што ледзь не раздавіў яго, і матацыкл са звонам зваліўся на зямлю.
— Напад! — крыкнуў камісар і палез па рэвальвер.
Аднак было надта позна.
Якраз у гэты момант у паветры шмыгнуў нейкі чорны прадмет і ўпаў пад матор аўтамабіля.
Аглушальны гук страсянуў паветра. Выбух гранаты сарваў пярэднія колы і капот у машыны. Амаль адначасова затрашчалі рэвальверы.
Камісар, паранены ў калена, і паліцэйскі, які здолеў схавацца за целам забітага каня, не пераставалі страляць у паўтара дзясятка мужыкоў, якія нібыта выраслі з-пад зямлі.
Яны засыпалі тых кулямі, не шкадуючы зараду.
У гэты ж час два моцныя мужыкі выдзіралі жалезнымі ламамі дзверы аўтамабіля. За іх спінамі з парабелумам[56] стаяў Барыс Залкінд. О, калі б тыя наглядчыкі ўнутры асмеліліся забіць капітана Вінклера, ніводзін з іх не выйшаў бы жывым!..
Яшчэ адзін удар ломам — і браніраваныя дзверы вылецелі з завес.
Унутры ў цемнаце замаячылі тры сілуэты, якія ляжалі на падлозе, і з машыны лёгка выскачыў Друцкі.
— Бягом! — крыкнуў Залкінд і рушыў наперад.
Калі яны міналі перавернутую павозку з дрывамі, Друцкі прыкмеціў магутнага кучаравага мужыка, які, заўважыўшы іх, усунуў сабе два пальцы ў рот і працягла свіснуў. Страляніна адразу змоўкла, затое пачуўся спешны тупат ног.
Спраўная банда пайшла ўрассыпную. Бегучы з Залкіндам, Друцкі дасягнуў дзвярэй крывой шавецкай лаўкі. Іх тут, відаць, чакалі, таму што дзверы самі прыадчыніліся. Аднак на адпачынак не было часу, хоць Залкінд і цяжка, са свістам дыхаў. Яны пачалі ўздымацца па стромкай драўлянай лесвіцы, потым па драбінах і праз гарышча выбраліся на дах суседняга дома. Зноў стромкая лесвіца, маленькі брудны двор, вароты і таксі, якое стаяла перад імі.
Яны былі на іншай вуліцы, нават у іншым квартале. Нягледзячы, аднак, на гэта, калі аўто мчала ўжо на поўную, Залкінд доўга яшчэ выглядваў праз задняе шкло і загадаў Друцкаму ні на момант не высоўвацца. Нарэшце ён супакоіўся, пачаставаў сябра папяросай і ляпнуў па калене:
— Як справы, Джон?
— Не самыя дрэнныя, Джэк! — адказаў Друцкі.
— Думаю, што яны тут яшчэ надта зялёныя, Джон, якраз на шпінат. Ці не так?
— Well, але шпінат добры з яйкамі.
Абодва заліліся смехам.
— Пашпарт, адзенне, бабкі і машына гатовыя, — сказаў Залкінд. — Толькі ты павінен, капітан, да Гданьска патрэсціся ў грузавіку і перавезці тону тавару.
— Я ведаў, Джэк, — пасля хвіліны маўчання адклікнуўся Друцкі, — што так проста ты не дасі мяне павесіць. Абдымай там Любу за мяне.
Гадзінай пазней ад установы пані Фені, якая карысталася добрай рэпутацыяй, па вуліцы Тарчыньскай рушыў вялікі запылены грузавік, за рулём якога сядзеў моцна выпацканы і брутальны вусаты шафёр.
На павароце ён азірнуўся і па-сяброўску памахаў рукой у бок балкона, на якім стаяў вядомы варшаўскі гандляр і прамысловец пан Барыс Залкінд.
На вуліцы крычалі:
— Сенсацыя! Спецы-ы-ы-ы… Збройнае выкрада… асуджанага…
Пасляслоўе
Ля ўвахода ў заліў Путалам[57] з захаду вялікі двухтрубны «Рэгенс» вымушаны быў затрымацца і нават даць контрпару, толькі дзякуючы гэтаму ён пазбег сутыкнення з невялікім, самае большае на сем тысяч тон караблём, які выпісваў паміж рыфамі дзіўныя фігуры.
— Ready![58] — гукнуў капітан, высоўваючы галаву з люка і звяртаючыся да праходзячага матроса. — Скажы ты таму аслу, каб навучыў жаб плаваць! Што ён сабе думае? Спытай у яго, ці яму часам і на Ціхім акіяне не зацесна, і няхай мне зараз жа змываецца з дарогі, бо я яму яго бляшанку з сардзінамі спушчу на самае дно!
Праз хвіліну з рупара «Рэгенса» на «бляшанку з сардзінамі» валіў спіч, шчодра прыпраўлены літаніяй з лаянкі і адпаведных эпітэтаў, дзеля весялосці ўсёй каманды, якая, нягледзячы на шалёную спёку, выйшла на палубу цалкам, каб паназіраць за манеўранымі выкрутасамі нявопытнага, відаць, капітана пасудзіны.