Выбрать главу

— Я з ёй пазнаёміўся ў сапраўды незвычайных абставінах, — пачаў ён свой аповед…

Калі ж скончыў, то сонца даўно ўжо зайшло за пярыстыя пальмы паўвострава, а па капітана трэці раз прыбег усхваляваны боцман. Лейтэнант праводзіў капітана Тэры на пірс і, падаючы яму ліст, сказаў:

— Я толькі не ведаю, у Варшаве ў майго бацькі зараз мая нарачоная ці ў сваёй кузіны Аліцыі ў Закапанэ. На ўсялякі выпадак я адрасаваў у Варшаву.

— А што, ваш бацька займаецца яшчэ сваёй забароненай клінікай, якой вы ўдзячныя спатканнем са сваёй нарачонай?

— Дзе там! З той пары, як ажаніўся, ён займаецца выключна вывучэннем нематы.

— Так… так… ну, бывай, лейтэнант, і ведай, што і табе, як і тваёй нарачонай, я зычу столькі шчасця, як самому сабе! Бывай!..

Яны моцна паціснулі адзін аднаму руку, і капітан Тэры ўскочыў у шлюпку, аднак перш чым яна адчаліла, ён крыкнуў:

— А свайму бацьку скажы, калі яго ўбачыш, лейтэнанце, скажы, што ты сустрэў мяне і што я шлю яму прывітанне ад старога вернага сябра Факіра! Ён будзе ведаць, што гэта значыць. Ад Факіра!.. Бывай!..

Шлюпка аддалялася па гладкай, як люстэрка, вадзе, у ціхім плёскаце вёслаў.

Над залівам Путалам узышоў вялікі белы месяц.

Пераклад з польскай Веранікі Бандаровіч.