— Не важна. Мне ўсё роўна, зразумеў ты ці не. Карацей, чаго ты хочаш ад мяне? Грошай?
— Так. Аддам, калі змагу. Але гэта не ўсё.
— О!? — здзівіўся прафесар.
— Не хвалюйся. Дробязь. Я пару месяцаў таму трапіў у авантуру і глядзі…
Факір расшпіліў камізэльку і кашулю, шырока раскрываючы грудзі з малым ружовым шрамам над ключыцай.
— Глядзі, — працягваў госць, — трапіла сюды, а цяпер апусцілася, аж сюды, пад паху і пачала мне перашкаджаць.
Тонкія, дагледжаныя пальцы прафесара намацалі невялікі цвёрды прадмет пад самай скурай.
— Рэвальверная?
— Так, — пацвердзіў Факір. — Я і сам бы паспрабаваў разрэзаць скуру, але адной рукой не дам рады. Не хачу ісці ні ў які шпіталь, ні ў хуткую… Будзь ласкавы…
— Ну добра, — працадзіў, марудзячы, прафесар. — Праўда, у мяне няма вопыту… Хм… Мой памочнік зробіць гэта лепей. Пачакай.
Доктар знік за дзвярыма.
Факір устаў і, ледзь не наступіўшы на ката, падышоў да люстэрка, каб упэўніцца, што выглядае дрэнна. Няголены твар і запалыя вочы, цеснае і зацыраванае адзенне…
— Спачатку адпачыць, тры, чатыры дні адпачыць у такой цішыні, як тут, на гэтай Дэмбовай.
— Ты ўжо перад люстэркам? — пачуў Факір за сабой голас прафесара.
Ён абярнуўся.
— Я страшэнна стаміўся. Я не зайздрошчу табе, што ты маеш такі дом, зайздрошчу цішы, якая тут пануе.
— Так, гэта самы ціхі раён Варшавы, тут жывуць людзі працы і навукі.
— Гэта здаецца, — усміхнуўся госць, — але ўяві сабе, што на самым уездзе я расчараваўся. Каля мяне прамчала аўто, у якім некага гвалцілі або забівалі…
— Як? Што ты кажаш? — сарваўся з месца прафесар. — Гэта немагчыма!
— Я табе кажу. Нехта драпаў з машыны, што нават выбіў шыбу. Я чуў на ўласныя вушы і нават бачыў кавалкі шкла на дарозе.
— А ці не заўважыў ты раптам, як выглядала гэтая машына?
— Вялікі чорны лімузін. Можа, «дэляж»[1], можа, «бэнц», чорт яго ведае.
— Дзіўна, — прамовіў пасля паўзы прафесар.
— Чаму цябе гэта так хвалюе? — паціснуў плячыма госць.
— Ну, такое здараецца не кожны дзень, асабліва на Жаліборы… Прабач, я на хвіліну цябе пакіну. Здымі пінжак і кашулю. Я зараз вярнуся з інструментамі.
Прафесар зноў знік за дзвярыма і праз пару хвілін вярнуўся з вялікай нікеляванай скрынкай у руках. За ім увайшоў нізкарослы худы чалавечак у белым медыцынскім халаце, з якім рэзка кантраставала яго незвычайна жоўтая скура.
— Вось пацыент, доктар, — сказаў прафесар, хвілю павагаўся і дадаў: — Мой школьны прыяцель… пан…
— Вінклер, — паспяшаўся падказаць госць.
Доктар, на твары якога намалявалася ветлівая ўсмешка, стараўся не звяртаць увагі на адзенне пацыента. Ён працягнуў руку і загаварыў неспадзявана высокім і меладычным голасам з моцным іншаземным акцэнтам:
— Вельмі прыемна. Доктар Кунокі.
— Як? — здзівіўся госць. — Доктар Кунокі?.. Можа, спадар сваяк славутага японскага біёлага?..
Прафесар Бруніцкі з шумам адчыніў нікеляваную скрыню:
— Даражэнькі, ты ж не інтэрв’ю браць сюды прыйшоў. Доктар Кунокі і ёсць гэты біёлаг, пра якога ты казаў. Сядай пад лямпу і падымі руку.
У тоне прафесара гучала яўная незадаволенасць.
Каротка пастрыжаная галава доктара Кунокі, пакрытая рэдкімі блакітна-чорнымі валасамі, нахілілася над пацыентам. Дотык ваты, змочанай у спірце, выклікаў дрыжыкі на скуры. Некалькі бліскаў ланцэта, некалькі кропель крыві — і на нікеляваную накрыўку са звонам упала маленькая куля.
— Перавязваць трэба? — звярнуўся доктар да прафесара.
— Абыдуся, — махнуў рукой пацыент. — Заклейце, калі ласка, якім-небудзь пластырам. На мне загойваецца як на сабаку.
Аперацыя была скончана.
— Ну што, доктар, — сказаў прафесар Бруніцкі, паказваючы на спіну госця, на якой ігралі моцныя цягліцы, — выдатны прыклад вытворніка?
Жоўты твар біёлага расплыўся ва ўсмешцы, а яго ацэньваючы позірк праслізнуў па аб’екце назірання, які якраз апрануўся і працягнуў яму руку:
— Вялікі вам дзякуй!
— Калі ласка! Дробязі, — кіўнуў той і, забраўшы скрынку, знік за парцьерай.
— Японец, а так добра гаворыць па-польску, — заўважыў госць пасля таго як той выйшаў.
— Напалову японец, — адказаў прафесар. — Яго маці была полькай.
— Ага… Гэта ён якраз адкрыў гэтыя, ну, як іх там… электра…
— Нервоны. Эпахальнае адкрыццё, — паківаў галавой прафесар. — Дзякуючы яму біялогія зрабіла велізарны крок наперад.
— Слухай, Караль, з якой гэта пары ты займаешся біялогіяй?
Прафесар раптам здрыгануўся. Яго бледныя шчокі сталі амаль празрыстымі, пальцы сутаргава сціснуліся.
1
Дэляж (Delage) — французская аўтамабілебудаўнічая кампанія, якая выпускала прадстаўніцкія і гоначныя аўтамабілі ў першай палове ХХ стагоддзя. Спыніла існаванне ў 1953 годзе.