— Я? — здзівіўся Друцкі.
— Так, — павагаўшыся хвіліну, адказаў прафесар. — Ты моцны, смелы і, як сам сказаў, табе амаль няма чаго губляць.
— Не разумею?!
— Ідзі ўжо, нічога тэрміновага. А што да грошай, то не саромейся. Колькі табе спатрэбіцца. Ну, да сустрэчы!
Яны падалі адзін аднаму руку і госць памкнуўся да дзвярэй, але зрабіў няпэўны крок і натрапіў на ката, які разлёгся на дыване. Адказам на гэта было пранізлівае «мяў», і раптам з усіх кутоў павысоўваліся ўстрывожаныя крыкам аднаго іншыя каты, тоўстыя, велізарныя, гладкія.
— Халера! — вылаяўся вінаваты. — Навошта, чорт цябе бяры, ты трымаеш столькі катоў! На іх жа грошай не напасешся! Чым ты іх корміш?
— Мясам, — скрывіўся гаспадар.
Друцкі здрыгануўся. Ён сам сябе адчуў вялікім кавалкам мяса.
— Да пабачэння!
— Да пабачэння!
У вітальні на крэсле сядзеў скурчаны барадач.
— Антоні, выпусці пана, — звярнуўся да яго прафесар. — Бывай, Факір!..
Праз хвіліну Друцкі ішоў хуткім крокам па пустых вуліцах. Калі ён апынуўся на рагу за дарогай, успомніў чорны лімузін і звон разбітай шыбы.
Ён добра памятаў, што кавалкі шкла ляжалі менавіта пад гэтым ліхтаром. Ён нахіліўся і ўважліва прыгледзеўся: мокры асфальт і ніякага следу шыбы.
— Сур’ёзная работа, — мармытнуў ён сам сабе і шчыльна-шчыльна ўхутаўся.
Сёк дробны дождж уперамешку са снегам, з боку Віслы дзьмуў пранізлівы халодны вецер.
Раздзел 2
Багдан Друцкі пасяліўся ў атэлі «Адэскі» на вуліцы Длугай. Гэта была маленькая і брудная гасцініца, дзе днём невыносна патыхала згарэлай цыбуляй, а ноччу не было канца крыкам, скандалам і бойкам.
Акрамя гаспадара, старога яўрэя, і яго сына Нухіма, паўдурка, дваццацігадовага пераростка са сплюснутым чэрапам, сталым пастаяльцам атэля быў толькі Друцкі, прысутнасць якога пазначана, згодна з паліцэйскімі правіламі, на чорнай дошцы ў бюро, дзе каракулямі было накрэмзана: «Ян Вінклер».
Астатнія кліенты атэля, дзякуючы якім ён і існаваў, набіраліся з тых, хто шукаў даху над галавой на адну ноч альбо проста на пару гадзін, што называлася тут «на спатканне».
Друцкі адпачываў. На працягу трох дзён адзінай яго сувяззю са светам быў Нухім, які прыносіў булкі, вяндліну, імбрык з белай кавай, часам газеты і папяросы. Тэмпература паціху зніжалася. Жалезны арганізм прыходзіў у норму, шрам хутка загойваўся. Аднак Друцкі не ўставаў з ложка. У яго была ўнікальная здольнасць: ён аднолькава хутка мог прымусіць свой мозг і цягліцы доўга, напружана працаваць і адключацца.
Стары яўрэй з абыякавай асцярогай пазіраў на свайго пастаяльца. Яго знешнасць і дзівацтва ляжання ў ложку былі, праўда, добра аплачаны наяўнымі, аднак штосьці ўсё ж выклікала падазрэнні.
Толькі на чацвёрты дзень уладальнік атэля «Адэскі» змяніў меркаванне. Здарылася гэта таму, што яго сын атрымаў ад пастаяльца заданне аднесці ліст на Наваліп’е Барысу Залкінду.
Што за справу гэты абадранец Вінклер можа мець да самога Барыса Залкінда, да такога багацея?
Як жа здзівіўся бацька, калі Нухім вярнуўся з вусным адказам, што Барыс Залкінд пачаў моцна смяяцца, калі прачытаў ліст, за яго дастаўку даў цэлыя два злоты і сказаў, што сам прыйдзе да пана Вінклера ў восем вечара.
Стары вырашыў, што такую важную навіну ён павінен прынесці пастаяльцу асабіста.
Ён нізка кланяўся, выпытваў, ці не трэба чаго шаноўнаму пану, выказаў сваю радасць з нагоды, што ў яго спыніўся знаёмы пана Залкінда і паспрабаваў даведацца, адкуль пан Вінклер ведае «гэтага амерыканца». Адзіным адказам на ўсе гэтыя высілкі было кароткае: «Не ваша справа» і папярэджанне:
— А калі ў мяне будзе пан Залкінд, то глядзіце, каб ніхто тут пад дзвярыма не падслухоўваў, бо гэта небяспечна. Разумееце? Вельмі небяспечна!
Стары яўрэй настолькі добра ведаў людзей, што не захацеў больш дакладных тлумачэнняў. Зрэшты, падслухоўванне нічога б і не дало, бо ў шостым нумары гаварылі па-англійску.
Залкінд прыйшоў своечасова. Гэты чалавек прыметна кульгаў на левую нагу, якая, да таго ж, сваім скрыгатаннем выдавала пратэз. Яго драпежны твар з вялікім шнарам на ўсю шчаку і свісцячы голас рабілілі хутчэй непрыемнае ўражанне, як і рухавасць малых чорных вачэй. Праклінаючы стромкую лесвіцу, ён падняўся на другі паверх і пастукаў ва ўказаныя дзверы, потым зачыніў іх за сабой і хутка наблізіўся да ложка:
— Вітаю, капітане! Вельмі рады вас бачыць! — засвісцеў ён, працягваючы руку.
Друцкі з усмешкай падаў сваю:
— Што, не спадзяваліся?
— Але што з вамі, капітане? Вы хворы? І ў гэтым паршывым атэлі? Даўно вы ў Польшчы?