Выбрать главу

Алесь БЫЧКОЎСКІ, Вольга ДАНЭЙКА

ПРАПАВЕДНІКІ СМЕРЦІ

Аповесць

«...У які бок могуць развівацца адносіны ў сеціве? Да якіх межаў? Сеціва добрае тым, што ў ім можна быць шчырым. Ніхто цябе не бачыць, не сорамна. Ты ведаеш, што хутчэй за ўсё ніколі ў жыцці не сустрэнеш чалавека, з якім сябруеш. Таму можна быць адкрытым да бессаромнай крайнасці. Зусім не страшна, можна ў любы момант выдаліць свой акаўнт. Пра што насамрэч шкадую — мы ніколі не сустрэнемся ў гэтым жыцці...»

Славамір пісаў апошні ліст да Карыны. Віртуальныя адносіны, якія так і не сталі сапраўднымі, прынеслі боль.

Яшчэ тыдзень таму ён не думаў, што будзе прызнавацца ў каханні дзяўчыне, якую ніколі не бачыў...

***

Гвалт за сцяной усё ж вымусіў Славаміра выклікаць міліцыю. Ахоўнікам правапарадку ён чарговы раз тлумачыў, што з-за суседскага гулу цяжка сканцэнтравацца, бо праца ў яго надом­ная, а па начах немагчыма спакойна спаць. Напрыканцы дадаў, што сямейку п’яніц няблага было б перасяліць куды-небудзь у іншае месца, да гэткіх самых выпівох. Пахмурны міліцыянт абяцаў «падумаць», бо апошнім месяцам у тую кватэру нарад выклікалі ці не ў пяты раз.Вярнуўшыся да камп’ютара, Славамір зразумеў, што напісаць сёння хоць штосьці ўжо не здолее. Ён пайшоў на кухню, заварыў кавы, вярнуўся і палез у сеціва. Загрузіў сайт знаёмстваў, дзе ўжо некалькі дзён існавала яго асабістая старонка. Пасля стаў ацэньваць здымкі прыгожых жанчын, з задавальненнем адзначыўшы, што суседзі нарэшце ўтаймаваліся.

Славамір — дваццацівасьмігадовы мужчына з карымі самотнымі вачыма — яшчэ трэцякурснікам Інстытута журналістыкі падаваў надзеі ў прафесійным плане: добрае адчуванне стылю, здольнасць пісаць на розныя тэмы, зацікаўленасць сваёй справай, дапытлівы розум. Дадайце да гэтага крэатыўнасць мыслення і прывабную знешнасць — вось вам і «акула пяра». Прафесар Рагаўцоў, які выкладаў на іх курсе гісторыю журналістыкі і адначасова з’яўляўся галоўным рэдактарам адной мінскай газеты, дасылаў нататкі Славаміра ў розныя выданні і часта хваліў студэнта. Прафесар быў зацікаўлены падрыхтаваць прафесіянала для сваёй газеты, таму ўсяляк заахвочваў студэнта да справы. Гэта Славаміра і сапсавала. Ён зразумеў сваю перавагу над іншымі, захацелася як мага хутчэй зарабляць грошы талентам. Масла ў агонь падліў літаратурны кансультант Ромка Фокін, з якім Славамір пазнаёміўся падчас юбілею сталічнага часопіса. Фокін разгледзеў у студэнце большую цягу да грошай, чым да стваральнай працы на карысць айчыннай журналістыкі, і даступна растлумачыў яму «палітыку партыі». Таму ўжо на трэцім курсе інстытута Славамір вырашыў, што работа па размеркаванні ў газеце — не для яго. Наўмысна «заваліўшы» чарговую сесію, былы выдатнік перавёўся на платнае аддзяленне, каб пазбегнуць дзяржаўнага размеркавання. Разбіўшы ўшчэнт усе надзеі прафесара Рагаўцова. Пасля атрымання дыплома Славамір падпісаў дамову з камерцыйным выдавецтвам. Наваспечаны «пісьменнік» цяпер зарабляў неблагія грошы тым, што пісаў баевікі пад заказ. Трымаўся нормы: адна кніжка ў два месяцы. Іншыя маглі і за месяц адолець трыста старонак, а Славамір з самага пачатку дзейнасці вырашыў не гнаць коней. Прынамсі, усё пісалася па стандартных схемах з нязначнымі сюжэтнымі адхіленнямі, таму вялікай мудрагелістасці тут не было. У дадзенай справе галоўнымі лічацца працаздольнасць, упартасць і мэтанакіраванасць. Вось толькі на апошнім заказе Славамір знянацку спатыкнуўся.

Увесь мінулы месяц ён адчуваў разняволенасць, не мог сабрацца з думкамі, зрабіўся нейкім раздражнёным, знікла працаздольнасць. Не дапамагалі паходы ў рэстарацыі і бары, боўлінг і верхавая язда. У душы запанавала пустэча, і Славамір адчуў, як жыццё пакрысе губляе смак.

Пралайдачыў амаль чатыры тыдні, паспеў прыдумаць і напісаць усяго адну главу, трыццаць пяць тысяч друкаваных знакаў. Недзе адна дваццатая ад нормы. Так можна і з абоймы выпасці. І ў дадатак пачаў выпіваць, а гарэлка і літаратура — прынцыпова несумяшчальныя. І, сёрбаючы гарачую каву, ён думаў, што наспела пара браць тайм-аўт.

Нечаканы позні званок у дзверы рэзануў слых. Славамір з неахвотай пасунуўся адчыняць.

На ўваходзе стаяла дзяўчына. Яна была размалявана касметыкай і нагадвала ляльку Барбі. У адной руцэ трымала каробку з тортам, у другой — бутэльку шампанскага. Славамір агаломшана ўтаропіўся на нечаканую госцю

— Анжэла?

— Не, яе прывід. Доўга мне ў дзвярах тырчаць?

— Канешне, заходзь.

Анжэла жыла ў доме насупраць. Яны пазнаёміліся тры гады таму, калі Славамір набыў аднапакаёўку ў тутэйшым раёне. Некалі яны сябравалі, пасля Анжэла з’ехала за мяжу, доўга не бачыліся. Бацькі штосьці плялі пра багацея-жаніха, ды, відаць, нешта не атрымалася, дзяўчына вярнулася ў родны горад.