Выбрать главу

Шкадую, што мы ніколі не сустрэнемся ў гэтым жыцці. Мо ў будучым, на нябёсах? Хаця. наша сустрэча магла б знішчыць пачуцці. А так усё застанецца на сваіх месцах. Так правільна. Не варта рушыць гэты маленькі сусвет.

Бывай. З табой было захапляльна і цікава».

Славамір дапісаў апошнія словы, перачытаў. Адным клікам мышкі ліст быў адпраўлены. Усё скончылася. Ён зноў свабодны, чым так заўсёды ганарыўся, і такі ж нязменна адзінокі, як і раней. Славамір ніколі не пакутаваў ад сентыментальных пачуццяў, але на гэты раз адчуванне шчымлівай тугі ціха раздзірала сэрца. Г адзіннік паказваў палову дванаццатага вечара. Эксперымент з «Сусветнымі таямніцамі» мусіў хутка распачацца. Славаміра ахапіла нявыказаная трывога. Мурашы прабегліся па спіне. Каб сагрэцца, ён пайшоў на кухню заварыць гарбаты. З вентыляцыйнай трубы патыхнула тухлымі яйкамі. На імгненне падалося, што акрамя яго ў кватэры яшчэ хтосьці ёсць. Але толькі на імгненне.

Славамір дачакаўся пакуль закіпіць чайнік і заліў вадой шчэпаць зялёных лісцікаў у кубку. Непрыемны пах змяніўся водарам кітайскіх палёў. Славамір вярнуўся да камп’ютара.

Побач з «таямніцамі» чакала трынаццаць свечак...

.Пасля рытуалу наступіла паўза.

Жыццё раптоўна неяк прыпынілася. Застыла на месцы. Нічога не адбывалася. Ніхто не званіў ужо два дні. Карына не адказала на апошні ліст, а ў кнігарню Славамір наўмысна не заходзіў, каб не сустрэцца з сяброўкай. Ромка Фокін не турбаваў. Распачаты рукапіс не прыцягваў увагі. Камп’ютар шапацеў кулерам. Ён перабіваў цішыню ў кватэры. Цішыня — страшэнная рэч. Паспрабуйце ўслухацца ў яе. Можаце пачуць такія нерэальныя гукі, што можа падацца, быццам вы з’язджаеце з глуздоў.

Пасля кантакту з пазабоччам Славаміру было не па сабе. Ахапілі невытлумачальныя тужлівасць ды самота. Яны прыйшлі потым, не адразу, не падчас мармытання заклёнаў.

На трэцюю ноч прыснілася суседка. Мярцвяна-бледная, яна моўчкі ўзіралася пустымі вачыма ў Славаміра і быццам нема папікала. Потым прамовіла: «Я ў вёсцы Жытніца». І ён адразу прачнуўся ў халодным поце. У пакой лілося святло Месяца.

Усю наступную раніцу і палову дня Славамір праваляўся ў ложку. Ён не мог падняцца з-за ламаты ў целе. Сэрца напаўняў цяжар душэўнай пустэчы. Толькі бліжэй да абеду неяк здолеў прымусіць сябе вылезці з-пад коўдры. Пасля пастаяў пад халодным душам, каб змыць здранцвенне.

Затым у дзверы настойліва пазванілі і пагрукалі. Славамір адчыніў. На ўваходзе чакаў знаёмы ўчастковы Серабракоў.

— Ваша суседка недзе прапала. Тры дні няма. Заяву прынёс цяперашні муж.

— Муж?

— Прабачце, прыяцель. З ейным ладам жыцця. Мо сканала дзе? Але ж, для праформы я павінен распытаць: калі вы бачыліся апошні раз, дзе, пры якіх абставінах?

Славамір павольна распавёў пра апошнюю сустрэчу каля пад’езда. Напрыканцы падумаў крыху і параіў нечакана для сябе:

— Пашукайце ў вёсцы Жытніца. Мажліва, яна там.

— Адкуль ведаеце? — здзівіўся Серабракоў.

— Неяк чуў, што там засталася радня маёй суседкі, — схлусіў Славамір. Не расказваць жа пра прарочы сон.

Калі развіталіся, Славамір вярнуўся ў рабочы пакой і ўзяў у рукі «таямніцы». На гэты раз ён глядзеў на кнігу з цікавасцю і спалохам. Гартаць старонкі не хацелася.

Вось табе і маеш. А ён лічыў набытае забабонне недарэчнымі казкамі. Рытуал супраць запояў суседкі правёў быццам у жарт. Мо супадзенне? Раптам моцна захацелася выпіць.

***

Ромка Фокін намаляваўся знянацку ў другой палове дня. Зваліўся нібы снег на галаву. Безцырымонна адштурхнуў Славаміра ўбок і пакрочыў у пакой, дзе паставіў на стол пузатую бутэльку каньяку. Славамір зачыніў дзверы і рушыў следам.

— Можаш сябе павіншаваць, — выдыхнуў Ромка і адкаркаваў бутэльку. — Выдавецкі савет вырашыў вызваліць цябе ад напісання касмічных баевікоў. Мне даручана прапанаваць табе пісаць дзіцячыя казкі.

Славамір моўчкі зняў з паліцы на сцяне дзве філіжанкі і паставіў іх на стол.

— Хлопцы вельмі смяяліся з прапанаванай табой літаратурнай канцэпцыі нябачнага твора, — працягваў Ромка.

Ён спрытна разліў напой.

— Будзем, — Ромка выпіў.

Славаміру піць расхацелася. Ён перасунуў крэсла насупраць і сеў.

— Наконт казак, канешне, жарт, — прызнаўся Ромка. — Справа ў іншым, што апошняя твая кніжка «Забойства на колах» амаль уся раскуплена за квартал. Ты ўпэўнена дэбютаваў у дэтэктыўным жанры. Разумееш?