Апынуўшыся ў кватэры, дзяўчына разулася. Славамір перамінаўся з нагі на нагу, збіраўся нешта сказаць, але нічога ў галаву не прыходзіла. Анжэла ўражвала. Месца прыгожай разбэшчанасці заняла вытанчаная пяшчотнасць, дапоўненая далікатнасцю.
— Кавы, гарбаты? — прапанаваць спіртное не павярнуўся язык.
— Кавы.
Яны прайшлі на кухню. Славамір прапанаваў госці месца за сталом, а сам прыняўся завіхацца каля пліты.
— Прабач, да кавы нічога няма, — апраўдваўся ён.
— Добра і так.
Яны моўчкі сядзелі насупраць і павольна, не парушаючы цішыні, падносілі да вуснаў кубачкі. Напой абпальваў. Славамір не звяртаў на гэта ўвагі. Дзяўчына неадрыўна глядзела яму ў твар. Глыбіня вачэй, самоцінка, гіпнатычнасць. Нешта было не так, штосьці павінна здарыцца сёння. Няўжо ён увесь час памыляўся? Ці раптоўная змена іміджу і стылю паводзін — усяго частка спрадвечнага жаночага плана? І куды падзелася былая баявітасць сяброўкі?
Потым быў яшчэ адзін кубачак, і ятттчэ...
«Не засну сёння», — вырашыў Славамір.
Ён адзначыў, што сумачку сяброўка трымала пры сабе. Яна была аб’ёмістай. Там не толькі том Юнсэна можна схаваць.
— Ты хацеў ведаць маё сапраўднае імя, — абмовілася Анжэла нарэшце.
Славамір ускінуў бровы.
— Ну што ж, я — Анжэла.
— Далібог, не разумею.
Анжэла дапіла каву, адсунула кубачак, потым раскрыла сумачку, выняла стос папер з акуратна аддрукаваным на прынтары тэкстам і паклала перад Славамірам.
— Вось тут адказы на ўсе пытанні, — запэўніла яна.
Славамір з трымценнем у сэрцы павольна перавёў позірк з сяброўкі да папер, углядзеўся ў тэкст і збянтэжыўся ад нечаканасці. Гэта аказалася раздрукоўка ягонай перапіскі з Карынай!
— Мы нібыта зоркі, што ляцяць у вечнасць, нашы арбіты зрэдчас перасякаюцца. То праўда? — спытала шэптам Анжэла.
Унутры Славаміра ўсё перакулілася, ён не знаходзіўся з адказам.
— Адкуль у цябе гэта? Ты. ты.
— Вымаві ўслых. Я хачу пачуць, — сказала сяброўка. — Агуч сваю здагадку.
— Не можа быць.
— Можа, усё на свеце можа.
— Не, так не бывае.
— Як не бывае?
Славамір хацеў праваліцца скрозь зямлю. Ён даверыў сеціву самыя глыбокія таямніцы свайго жыцця і не мог ні ў якім разе ўявіць, чым усё абернецца.
— Я — Карына. Тая прыгожая бландзінка з сайта знаёмстваў, якой ты прызнаўся ў каханні! Інтэрнэт — моцная штука. За гады знаёмства я не змагла дабіцца таго, што ўдалося не існуючай Карыне за тыдзень перапіскі.
У целе Славаміра штосьці прачнулася. Зрабілася млосна, і ён расшпіліў каўнер кашулі. Анжэла выпрастала руку і дакранулася да яго.
— Мы маглі назаўсёды застацца разам, быццам дзве зоркі ў бясконцай прошчы сусвету. Гарэць адным агнём. Але ты быў глухі, сляпы і нямы.
— Прабач.
Славамір баяўся ўзняць вочы.
— Ты кахаў вось гэта, — яна з горыччу тыцнула пальцам у стос папер. Ты кахаў віртуальную Карыну, пра якую нічога не ведаў.
Славамір прыгадаў няўдалы паход на рок-канцэрт. І тое, як Карына крыўдзілася, калі ён расказваў ёй пра «пуставатую асобу з дома насупраць». І тое, як Анжэла не здзівілася, даведаўшыся пра пісьменніцкую дзейнасць Славаміра. Канешне, яна ведала пра гэта з яго лістоў.
— Ты нават не мог быць упэўнены ў сапраўднасці здымка! Заўважыўшы ў цябе дома адкрыты сайт знаёмстваў, я стварыла на ім сваю старонку. Потым запіхнула на сайт фота сястры, якая жыве за мяжой, і ўвязалася з табой у перапіску. Здарылася неверагоднае. Ты пакахаў віртуальны вобраз, што стварыла тваё ўяўленне. А мяне, сапраўдную, не прыкмячаў!
На апошніх словах голас Анжэлы ледзь не сарваўся на крык.
Славамір раптам успомніў, як пятнаццаць хвілін таму, пры з’яўленні госці яго працяла думка, ад якой халадок прайшоўся па скуры. Яму падалося, што цяперашняя Анжэла — сціплая, неразмаляваная — чымсьці падобная з твару да Карыны. Ён адагнаў тады гэтую думку — такое здараецца, што людзі бываюць падобныя адзін да аднаго. Цяпер жа усё было зразумела — дзяўчаты былі сёстрамі!
— Але я ніколі не зведаў бы цябе, каб не наша ліставанне! — выбухнуў Славамір. — Ты ж па жыцці крочыла расфарбаванай лялькай. Калі б не стала Карынай, як бы я мог цябе пакахаць?
— Калі б не стала Карынай, — паўтарыла яна.
Славамір зразумеў, што вымавіў глупства.
— Нашто ты дурыла мне галаву пра бацьку-палярніка, пра сваё імя? Я верыў!
— Цікава было назіраць, як чалавек можа пайсці следам за прыдуманай легендай, расказанай невядома кім з інтэрнэту. Яндэкс ведае ўсё. Ён і параіць як пазнаёміцца з дзяўчатамі, і пра значэнне імя раскажа. Смешна было бачыць, як цябе зацягвае віртуальная багна. Ты не горш майго ведаеш, што ў інтэрнэце за прыгожым фота можа хавацца і састарэлы распуснік, і саракагадовая незамужняя начытаная істэрычка, ды ці мала хто! Над табою элементарна могуць жартаваць ад няма чаго рабіць. І тым не менш ты выбіраеш гэты міф!