— Ты паводзіла сябе так нахабна!
— Я шкадую пра той дзень, калі мы сталі каханкамі на хвіліну. Тады мне было да жудасці адзінока. Быў мой дзень нараджэння. У мяне нядаўна памерла маці, заставалася зусім адна ў кватэры. Я казала, што ты даўно з’яўляўся для мяне не проста знаёмым. Гэта праўда. У той дзень я тапіла істэрыку ў шампанскім, пайшла купіла яшчэ бутэльку і рушыла да цябе. Проста хацелася шчырых мужчынскіх абдымкаў. Дарэмна я цябе справакавала. У цябе склалася ўяўленне, што перад табою дзеўка, якая хоча замуж і бярэ сваё нахрапам. Ні з кім іншым я б не дазволіла сабе такіх паводзін. Ты нават не задумаўся, што гэта ад адчаю і спусташальнай адзіноты!..
Анжэла расплакалася. За долю хвіліны ў Славаміра прамільгнула думка: добра, што плача, калі б яна проста замоўкла, то змагла б пачуць, як шалёна калоціцца ягонае сэрца. Усё ж жаночыя слёзы — магутная зброя. Славамір памкнуўся абняць Анжэлу. На колькі імгненняў яна дазволіла дакрануцца да сябе, потым вывернулася з яго рук.
— Цяпер ты мне не патрэбен! Кахай свае ўспаміны! Кахай віртуальны вобраз, які назаўсёды знік з сеціва!
Дзяўчына падхапіла сумачку і кінулася з кухні, пакідаючы пасля сябе разбітыя мары.
— Пачакай! — крыкнуў услед Славамір, але Анжэла ўжо была за дзвярыма.
Ён доўга не мог прыйсці ў сябе. Густая цішыня напаўняла кватэру. Славамір
бадзяўся з пакоя ў пакой, засунуўшы рукі ў кішэні. Узяў чамусьці «Прыбой і Берагі» сваю любімую кнігу. Яна апісвала вандроўкі Адысея, дзіўнага цара Ітакі, якога спачатку ледзь змаглі ўгаварыць ісці на вайну з Трояй, а пасля ніяк не маглі дачакацца дома. І справа не ў тым, што Адысей быццам не ведаў шлях на радзіму. Не, добра ведаў, проста не хацеў вяртацца. Ці то вайна пакінула адбітак, ці то ўсё на свеце абрыдла.
«Раз адзінота — мой лёс, я павінен служыць вечнасці», — падумаў Славамір.
Раптоўна ўспыхнула даўно забытае жаданне пісаць. Імпульс душы, натхненне прыходзілі да Славаміра менавіта ў драматычныя моманты жыцця.
Захацелася выпіць, але, падпарадкаваўшыся першаму імпульсу з глыбіні душы Славамір пачаў рабіць неверагоднае: выцягваў са сховішчаў і тайнікоў запасы спіртнога, адкаркоўваў бутэлькі і бязлітасна выліваў іх змесціва. Хутка па кватэры рас паўсюдзіўся ўдушлівы чад сумесі гарэлкі, каньяку, віна, шампанскага. У сметніцу паляцеў недапрацаваны рукапіс для выдавецтва.
Потым ён раскрыў насцеж усе вокны ў памяшканнях. Хутка пакоі напоўніліся свежасцю вераснёвай ночы. У той момант Славамір ні пра што не шкадаваў. Не патрэбен яму Фокін са сваім левым выдавецтвам. Хопіць з яго баевікоў і дэтэктываў! Жыццё часам заканчваецца — вось што цяжка ўсвядоміць большасці людзей. Хтосьці сказаў: за грошы можна купіць секс, але не каханне; добрыя адносіны, але не сяброўства; месца на могілках, але не на нябёсах. Калі настане час пакідаць свет ці пра грошы будзе думацца? Бессмяротнасць, вечнасць даюцца бясплатна, за так. Па веры.
«Божа, і навошта ўсё гэта? Навошта столькі фальшу, падману вакол?»
Славамір сеў за камп’ютар, паклаў рукі на клавіятуру, на хвіліну прыкрыў вейкі. Навошта прыдумваць сюжэты, калі жыццё кожнага — непаўторны свет, поўны вобразаў. Ён пачне пісаць пра сябе і Ромку, пра ўсё. Карціна як на далоні. А назвай будучай аповесці будзе. Пальцы адбарабанілі першае, што выплыла ў розуме: Прапаведнікі жыцця і смерці.
***
Славамір працаваў без перапынку да самай раніцы. А досвіткам у дзверы пазванілі. Нявыспаны, з чырвонымі вачыма, але з радасным спакоем у душы, нібыта знайшоў шчасце, Славамір адчыніў дзверы і сутыкнуўся з участковым Серабраковым. Побач былі яшчэ людзі з міліцыі, пара чалавек у грамадзянскім. Участковы павітаўся першым.
— Вы мелі рацыю, Славамір Аляксандравіч. Суседка ваша насамрэч адшукалася ў вёсцы Жытніца.
Калі да Славаміра дайшоў сэнс пачутага, ён пацікавіўся, што патрабуецца менавіта ад яго.
— Ведаеце, суседку вашу знайшлі ўжо мёртвай. Павесілася ў старой матчынай хаце. Так што больш вас ніхто не патурбуе сваркамі.
Славамір уздрыгнуў пры слове «павесілася». Страшэнны грэх.
— Сваякі пажадалі агледзець жытло нябожчыцы. Хтосьці выказаў недавер, настаялі на вобыску. Карацей, вы можаце пабыць панятым?
Славамір на паўхвіліны задумаўся і адказаў:
— Не. Прабачце мяне, шаноўны Дзяніс Васільевіч. Я дужа стаміўся.
І зачыніў дзверы.
Потым ён памыў твар у ванным пакоі, апрануў свежую кашулю, выключыў камп’ютар, хуценька накінуў куртку, улез у чаравікі. Прыняўся шукаць ключы ад кватэры.