Выбрать главу

— У мяне сёння дзень нараджэння, — Анжэла перадала Славаміру бутэльку і торт, зачыніла за сабой дзверы ды зняла туфлікі на высокіх абцасах... — Ад сябровак ванітуе, адной святкаваць млосна, вось і вырашыла сустрэць чарговую гадавіну з даўнім сябрам. Не супраць?

Славамір быў не супраць, ён аднёс пачастункі на кухню і паставіў на стол.

Анжэла была апранута ў кароткую сукенку колеру восеньскага лісця, каштанавыя валасы спадалі ніжэй плячэй. Яна хуценька прашмыгнула ў пакой і ўладкавалася ў высокім скураным крэсле перад камп’ютарам.

— Не можа быць! Стары халасцяк знаёміцца з дзяўчатамі ў інтэрнэце! Прызнавайся, што пішуць?

Славамір пашкадаваў, што не паспеў адключыцца ад сеціва, і невыразна прамармытаў нешта ў адказ.

Неўзабаве ён прынёс парэзаны торт і адкаркаванае шампанскае, паставіў усё на столік.

Яны пераселі на тахту. Славамір разліў шыпучы напой і прапанаваў тост.

— За цябе і твае васямнаццаць.

Іх позіркі сустрэліся.

— Ведаеш, давай лепш за нас, за сяброўства, — перабіла Анжэла.

Шампанскае хутка развязала языкі і неўзабаве яны прыгадвалі мінулае сяб-

роўства, абменьваліся жартамі і кампліментамі. Трэці тост традыцыйна пілі за каханне.

— З такой нагоды трэба пацалавацца, — абмовіўся Славамір. Анжэла з гатоўнасцю падставіла нафарбаваныя вусны.

«Колькі памады мужчына з’ядае за жыццё?» — падумалася Славаміру, але ўслых ён заўважыў, што за тры гады знаёмства яны пацалаваліся ўпершыню. Анжэла абняла яго за шыю і прыціснулася, потым раптоўна адсела далей.

— Ведаеш, за мінулы час маглі даўным-даўно не толькі пацалавацца.

Славамір згадзіўся.

Анжэла дапіла шампанскае. Яе твар набыў незвычайную сур’ёзнасць. Сябар зразумеў, што дзяўчына рыхтуецца нешта сказаць. Амаль ніколі суседка не завітвала без нагоды. За нечаканым візітам штосьці хаваецца. Ён падрыхтаваўся слухаць.

— Славамір, я цябе вельмі кахаю, — вымавіла Анжэла.

Вось табе і маеш.

Дзяўчына назірала за суразмоўцам.

— ...і кахаю вельмі даўно, — выдыхнула яна. — Ты любы мне.

У хлопца адвісла сківіца.

— Вазьмі мяне замуж. Ты не пашкадуеш, я буду вельмі добрай жонкай.

— Па-першае, я цябе кахаю, — пачала пералічваць Анжэла. — Па-другое, мы абодва забяспечаны жыллём. Па-трэцяе, я выдатная гаспадыня. Хіба я табе не падабаюся?

Яна прытулілася да Славаміра, абняла.

— Уяві, я буду штодня гатаваць вячэру, прасаваць кашулі.

«У мяне даўно не было жанчыны», — падумаў ён незнарок.

Скрозь тонкую сукенку адчуваўся жар дзявочага цела, гарачыя вусны шапталі на вуха хвалюючыя словы, жарсць узмацнялася шампанскім. Якія вячэры, кашулі? Яго раптоўна ахапіла навязлівая думка, у ход пайшлі сквапныя рукі, адзенне паляцела долу...

Пасля Славамір курыў на балконе, побач прытулілася Анжэла. Прахалода вераснёўскай ночы ахінула каханкаў. Славамір моўчкі думаў і раз-пораз зацягваўся дымам. Задаволеная Анжэла чакала адказу. Славамір жа разважаў пра літаратуру і ўласныя перспектывы. Заўтра павінна адбыцца сустрэча з літкансультантам, з якім Славаміра звязвалі даўнія адносіны. На жаль, да сустрэчы ён не падрыхтаваны. Акрамя першай главы твора хваліцца няма чым.

— Мне вельмі хораша з табой, — лашчылася Анжэла.

— Не трэба спяшацца. Варта ўсё ўзважыць, падумаць.

— Ты мой найлепшы падарунак да дня нараджэння, — насядала сяброўка.

— У нас няма нічога агульнага і не можа быць, — катэгарычна запэўніў Славамір.

— Вось як? Спачатку спакусіў жанчыну, авалодаў, а пасля задні ход? — ці то жартам, ці то ўсур’ёз абурылася яна.

Славамір адхіснуўся.

— Анжэла, павер, мы не можам быць разам, я зусім не той, хто табе патрэбен.

— Не веру.

— Я не магу даць табе ўсё тое, чаго ты пажадаеш.

— Мне не трэба ўсё, толькі ты.

— Ды зразумей, я прызвычаіўся жыць у адзіноце. Я люблю адзіноту. Гэта мой стыль, лад жыцця, ва ўсім гэтым я! — не вытрымаў Славамір і дадаў. — Ты мне зусім не патрэбна.

Анжэлу нібы абдало кіпнем. Яна адхіснулася, павярнулася і імкліва пакрочыла да выхада. Сябар паспяшаўся следам.

— Дурань, — кінула Анжэла на развітанне і грымнула дзвярыма.

Калі цоканне абцасаў на лесвіцы сціхла, Славамір шумна ўздыхнуў і пайшоў да ложка. Непрыкметна праваліўся ў сон. Прыснілася, як вырашыць праблему з літкансультантам.

Ромка Фокін закідвае даўжэзныя худыя ногі ў сініх джынсах адну за другую і з цікавасцю ўзіраецца ў стос папер. Літаратурнага кансультанта Ромку інтрыгуе назва, выведзеная пунсовым маркерам на белым фоне. Словы «Поўны Капец» сімвалізуюць штосьці канцэптуальна-футуралагічнае. Быццам гаворка ідзе пра канец свету. Звычайна флегматычны Ромка злосна паліць цыгарэты.