Выбрать главу

— Гэта што за назва? Гісторыя эканамічнай палітыкі ў свеце?

Славамір сядзіць насупраць і моўчкі ўздыхае.

— Я пытаю. Гэта і ёсць абяцаны рукапіс? Выдавецтву патрэбна космаопера разумееш? А ты што прапанаваў? Дэтэктыўны баявік з элементамі трылера, ды яшчэ пад такой смешнай назвай!

— Ты лепей пагартай рукапіс.

Ромка пагартаў і аслупянеў.

— Што гэта значыць, Славамір?

— Падумай.

— Хана, завалілі план, — абыякава паведамляе ён. — На халеру я сёння тут з табою валэндаюся? Спісаўся ты, сябра. Нават старонкі тэксту прыдумаць не здольны.

— Не, ты нічога не зразумеў.

— Што разумець? Прынёс стос чыстай паперы, а я, нібы дурань, чакаю даведзены да кандыцыі рукапіс!

— На апошняй старонцы ёсць выраз «.а потым усіх замачылі», адкуль ясна, што перад намі дэтэктыўны баявік.

— Вельмі канцэптуальна, — не хаваў сарказму літкансультант. — Ва ўсёй кнізе ўсяго адзін радок і той напрыканцы. Чым тлумачыць загадку? Распавесці казку, быццам на пустых старонках аўтар разумее нябачную прысутнасць утоенага тэксту ў форме трылера або баевіка? Падобнае здаралася ў літаратуры.

— Паслухай мяне, Раман. Днямі ў сеціве натыкнуўся на сайт вядомага мастака. Ён не стварыў ніводнай карціны або скульптуры, ён кансерваваў у бляшанкі лайно і прадаваў з аўкцыёна па дзесяць тысяч долараў і тое назваў мастацтвам. І ведаеш, слоічкі-бляшанкі куплялі! Чаму ж слоік лайна або чорны квадрат лічыцца мастацт­вам, а стос чыстай паперы не можа лічыцца літаратурай? Няхай чытачы купляюць кнігу з чыстымі старонкамі ў бліскуча-каляровай вокладцы і самі выдумляюць уласных герояў, фабулу, сюжэт. Па-сутнасці, усе ж дэтэктывы, трылеры, баевікі вашага выдавецтва аднолькавыя, толькі з рознымі дэкарацыямі і іншымі імёнамі герояў.

— Таму што мы гонім шырспажыў, а не мастацтва. Слоічкам і чорным квадра­там натоўп не праняць, наш чытач патрабуе якасныя баевікі!

Ромка шпурляе ў сметніцу недапаленую цыгарэту.

— Прапаную альтэрнатыву, — гаворыць нарэшце літкансультант пасля нядоўгіх разваг. — Лічу, трэба дадаць да заключнага радка некалькі важкіх слоў.

Ён дастае з нагруднай кішэні джынсавай камізэлькі цяжкі «Паркер» і нешта дапісвае на апошняй старонцы. Атрымліваецца «. а потым усіх замачыў Дарт Вэйдэр».

— Вось цяпер гэта космаопера, — задаволена прамаўляе Ромка. — Вяртаю рукапіс на дапрацоўку.

Ён падсоўвае стос папер бліжэй да Славаміра, устае і крочыць прэч.

***

Анжэла была жанчынай даволі прывабнай. Калі карэкціраваць асаблівасці твару дапамагалі касметалагічныя сродкі, то з фігурай праблем не мелася. Адны ногі чаго вартыя. А на іх мужчыны, як вядома, звяртаюць увагу раней, чым на твар. Тую іх сустрэчу Славамір успамінаў часта. Калі не браць у разлік няёмкую канцоўку гэтай гісторыі, усё было вельмі няблага. А тое, што закончылася не хэпі-эндам, дык тут Анжэла сама вінаватая: прыйшла з шампанскім, сама сябе прапанавала. Трэба быць абсалютным ідыётам, каб адмовіцца. Апраўданні, што раз-пораз снавалі ў галаве, саступалі месца думкам больш глабальным: баявік усё ж трэба заканчваць, а ў гала­ве па-ранейшаму хаос. Быццам сам сябе страчваеш у гэтай працы, да якой ужо не адчуваеш смаку. Не падштурхоўвала да здзяйсненняў і матэрыяльнае ўзнагароджванне. Павагаўшыся наконт таго, што цікава было б адхіліцца ад пачатковай задумы кнігі ды змяніць забойцу пол, Славамір сеў за камп’ютар і запісаў некалькі сказаў.

Праз нейкі час Славамір зайшоў у інтэрнэт і адкрыў сваю старонку на сайце знаёмстваў. Напісанне баевікоў і дэтэктываў, а апошнім часам і нейкае падабенстватворчай дэпрэсіі займалі яго поўнасцю, таму пошук дамы сэрца адкладваўся на будучыню. На амурныя справы патрэбны час і моцныя нервы. Так, яшчэ і грошы. І паболей... Куды прасцей знаёміцца з дзяўчатамі праз інтэрнэт. Аксіёма пра тое, што мужчына любіць вачыма, стабільна знаходзіла сваё пацверджанне. Славамір быў эстэтам, што наогул уласціва пісьменнікам. Яму падабалася разглядаць прыгожых жанчын. Апошнім часам не менш за дзясятак дзяўчат прапаноўвалі яму знаёмства ў інтэрнэце. Кожная праходзіла жорсткі эстэтычны адбор. Раніца наступнага дня прынесла Славаміру галаўны боль і звыклыя апошнім часам думкі пра недасканаласць і абсурднасць быцця. А на сайце прапаноўвала пазнаёміцца нейкая Карына. Яна была вельмі прывабнай: фотаздымак дэманстраваў тое, што павінна было паралізаваць мужчыну. На беразе мора ў ярка-жоўтым купальніку сядзела зеленавокая дзяўчына. Фігурка што трэба. Па плячах рассыпаліся русыя, сярэдняй даўжыні валасы. Фотаздымак непрафесійны, таму найбольш адпаведны арыгіналу, што Славаміру заўсёды падабалася. Сціплая, але надзвычай прыцягальная ўсмешка дзяўчыны вабіла да сябе і стымулявала фантазію. «Дзякуй Богу, хоць адзін пазітыўны момант за сённяшні дзень». Славамір узбадзёрыўся, расправіў плечы і павялічыў фота.