Выбрать главу

— Божа, я спісаўся і мушу спіцца, — мовіў ён свайму адбітку ў люстэрку.

Недзе за акном трэнькала гітара. Славамір падаўся на кухню, каб сасмажыць яешню. На патэльню трапілі два яйкі, кілбаса, нарэзаныя кольцамі чырвоны перац і цыбуля. Апетытныя пахі падняліся да столі, забурчэла ў жываце. Славамір выняў з д) лядоўні запацелую пляшку пярцоўкі, наліў гранёную шклянку і залпам выпіў. Пасля пачаў снедаць.

Жыццё чамусьці не здавалася крыштальным сонцам у сапфіравых нябёсах, як раней. «Негрыцянская прафесія» забівала асабіста-творчае «я». Сэрца млела выпаленай пустыняй у пякельным вогнішчы літаратурных печаў, выплаўляўшых плыні трылераў і раманаў пра каханне. «Пара завязваць вузел з Ромкіным выдавецтвам. Вось дапішу апошні заказ і на тым кропка».

Славамір наліў і выпіў яшчэ адну шклянку пярцоўкі, даеў ранішні сняданак, усеўся за камп’ютар і адкрыў файл з чарнавымі накідамі баевіка...

***

Наступныя тры дні падаліся Славаміру запоем. Творчым. Ён шмат курыў, еў мала і без апетыту, але пісаў, пісаў і пісаў... Палова першага дня была самая цяжкая: думкі па развіцці сюжэтнай лініі снавалі ў галаве, не жадаючы лагічна складвацца, факты супярэчылі адзін аднаму, а спакутаваныя мазгі прасілі перазагрузкі. Каньяк у гэтай справе падыходзіў ідэальна. Славамір піў невялікімі дозамі. Ён хацеў узбадзёрыцца і надаць арганізму энергіі. Сумніўны метад у яго выпадку працаваў. Паступова твор пачаў прымаць акрэсленыя формы, узнікла задаволенасць працай. Гэта станавілася падобным на наркатычны экстаз. Хацелася працаваць бесперастанку. Пісаць, пакуль увесь струмень думак не ўтаймуецца, а падпарадкуецца волі гаспадара ды складзецца ў адзіную плынь аповеду. Як любы творца, Славамір у гэтыя хвіліны апантана жыў сярод персанажаў, народжаных яго фантазіяй. Запойны майстра.

З апісаннем сцэн злачынстваў і перастрэлак праблем не мелася. Славамір любіў і ўмеў падрабязна апісваць дзеянні вар’ятаў. Звычайна такія сцэны пісаліся хутка і настолькі прафесійна, што нават з’едлівы Ромка рэдка калі меў нахабства штосьці тут паправіць.

Позна вечарам прыйшло паведамленне ад Карыны. Яна адсутнічала ў інтэрнэце некалькі дзён, чым узмацніла цікавасць Славаміра. Цікавасць змянялася нецярпеннем, а яно саступала месца лёгкай агрэсіі. Карына свайго дабілася: раўнадушным Славаміра яна не пакінула.

— Вітаю шаноўнае спадарства! — Ігрыва распачала Карына. — Як справы творчыя?

— Прывітанне! Ідуць поўным ходам. Ты нечакана знікла ў апошні раз. Не дужа сціпла з майго боку, але я сумаваў.

— Пра што ты марыш, Славамір?

— Задумваюся апошнім часам пра сур’ёзную літаратурную працу. Каб была толькі мая. Каб без дзядзькі, які стаіць за спінаю і за свае грошы дыктуе, што пісаць. Надакучыла літаратурная прастытуцыя. Прабач.

— Чаму не пішаш тое, што хочаш?

— Гэта не прынясе тых грошай, якія я маю цяпер.

— Зразумела. Не страшна, з-за грошай сябе губляеш?

— Так. Адсоўваю мару, якая рвецца на паперу, прашу яе крыху пачакаць... Але ёсць рызыка потым забыцца на яе, а пасля і на сябе самога.

— Хто прыдумляе сюжэты для тваіх баевікоў?

— Літкансультант акрэслівае канву аповеду. Я маю магчымасць фантазіраваць не адхіляючыся ад асноўнага сюжэта. Гэта ж заказ.

— А што ты робіш з тым, што падабаецца асабіста табе?

— Падабаецца вось з табою перапісвацца. Мы быццам даўно знаёмыя размаўляем, — адказаў ён.

— Дзіўна. Я адчуваю тое ж. Мо ў папярэднім жыцці сустракаліся? Ты верыш у рэінкарнацыю?— Не, не веру. Такімі тэорыямі могуць захапляцца толькі хворыя людзі.

«Можа, я і сам хворы, альбо псіх, які апісвае забойствы з такімі падрабязна-

сцямі, быццам сам рабіў тое неаднойчы і ведае ўсе асаблівасці?» — злавіў сябе на думцы Славамір.

— Не спяшайся з высновамі. Скептыкі ж дэкламуюць: «Сумнявайся!». Можа, і праўда дзе бачыліся... — напісала Карына. — Калі адысці ад рэальнасці і даць нырца ў філасофію, дык хто скажа, што нашы душы не сутыкаліся ў часе і прасторы? Гэта не спасцігнуць розумам, але ж хто і як давядзе, што такое немагчыма? Гэта як вера ў Бога. Нельга задаваць шмат пытанняў і шукаць адказы, якія б не супярэчылі сэнсу і адпавядалі законам фізікі. Тут альбо прымаеш усё на веру, альбо не.

— Ты маеш рацыю. Тут трэба верыць. Логіку адключыць і проста верыць. Фама Аквінскі напісаў працу, у якой прывёў пяць жалезных досведаў існавання Бога, а потом сам жа іх аспрэчыў, даказаўшы, што Бога няма.