— Нішто сабе, — здзівілася Анжэла. — Дзе браў? Не думала, што ў нас у продажы такая кніга.
З другога боку да Анжэлы наблізіўся юнак, які запатрабаваў штось фэнтэзійнае з дванаццатай часткі трэцяга цыкла першай сагі пра нейкага добрага чараўніка дужа вядомага аўтара. Славаміра разабрала блюзнерскае «гы-гы», бо пасля ранішняга сняданку быў на добрым падпітку. Ён перабіў прыхільніка фэнтэзі, разлічыўся і папрасіў Анжэлу знайсці «Прыбой і Берагі» Эйвінда Юнсэна.
***
Выпіўшы дома два вялікія кубкі зялёнай гарбаты, Славамір праваліўся ў глыбокі і цяжкі сон. Пасля бяссоннай ночы, спіртнога і размовы з Анжэлай, яму сніліся далёкія зоркі, што ляцяць у загадкавым сусвеце. Нечакана яны пачынаюць імкліва набліжацца. На адной зорцы сядзіць Ромка Фокін і пагрозліва махае Славаміру пагрызеным алоўкам. Пісьменнік адгароджваецца ад Ромкі недапісанай космаоперай і запускае ў яго бутэлькай з рэшткамі каньяку. Хочацца крычаць ад жудасці, але голасу няма. Вобраз Ромкі пераплаўляецца ў выяву Анжэлы. Яна рагоча, закідваючы галаву назад, і паказвае правую руку са шлюбным пярсцёнкам. Шалёна пранёсшыся на зорцы, дзяўчына шпурляе Славаміру ў твар разарванае па лістах «Забойства на колах». Раптоўна за спінай пачынае гудзець кулер камп’ютара. На маніторы ўзнікаюць і мяняюцца выявы прыгожых і не вельмі дзяўчат. Яны танчаць і зманліва падміргваюць Славаміру. Ён хоча бегчы, але ватныя ногі нязначна перасоўваюць цела ў нерэальнай прасторы. Раптам экран камп’ютара гасне. Праз колькі момантаў на ім з’яўляецца дзяўчына. Славамір пазнае ў ёй Карыну. Яна плача і збірае разадраную кнігу. Сярод раскіданых лістоў увагу Славаміра прыцягвае тытульнік. Назва зусім іншая... Гэта не вокладка яго дэтэктыва! Славамір хоча прачытаць назву, але рэзкі гук з іншага вымярэння маланкай урываецца ў яго свядомасць і прымушае прачнуцца. Званіў тэлефон. Гадзіннік паказваў без чвэрці шэсць гадзін дня. Сэрца шалёна адбівала не менш за дзвесце ўдараў у хвіліну. Даймала смага і галаўны боль... Вечарам Славамір зноў пісаў ліст да віртуальнай сяброўкі.
— Прывітанне, Карына! Дзіўны сон бачыў я сёння. Зоркі, што палохаюць сваёй нерэальнай блізкасцю... мае разадраныя і нікому не патрэбныя кнігі... літкансультант, злосны, як вядзьмак. бутэлька каньяку — усё змяшалася ў страшэнным кругавароце і пагражала мяне знішчыць. Адна ты, Карына, спачуваеш і збіраеш маю разадраную кнігу.
— Ты сніш тое, што займае твае думкі. Гэта ўсё мучыць цябе.
— Зоркі, што мне прысніліся, нагадваюць людзей. Нібы тыя зоркі — мы, якія ўвесь час некуды імчымся. Толькі сваім святлом зоркі здольныя дакранацца адна да адной. Так і мы: нашы арбіты перасякаюцца зрэдчас — і ўсё роўна паміж намі бездань прасторы і часу. І ўсё роўна адзінокія па жыцці. І так назаўсёды, нібы прысуд вечнасці, да скону сусвету. Мы розныя, і лёсы нашы неспазнаныя, як шляхі зорак.
— Славамір, нашы арбіты здольны не толькі дакранацца адна да адной. Я веру, што блізкія душы могуць перасячыся і зліцца, яны здольны працягваць рух па адной арбіце, ляцець побач да скону вякоў... І гэта сутыкненне пакідае ў памяці сусвету выбліск энергіі не меншы, чым выбух, пры якім адбываецца нараджэнне новай галактыкі. Закон захавання энергіі ўпарта даказвае, што энергія нікуды не знікае. Ці не гэтым тлумачыцца дзіўнае пачуццё, калі незнаёмым людзям падаецца, што яны ўжо ведаюць адно аднаго? Прычым абодва разумеюць, што ніколі раней не бачыліся! Гэта іх душы сутыкаліся ў іншых сусветах!
«Ого, у якія глыбіні завяла мяне прыгажуня. Вечнасць, зорныя арбіты, сутыкненне душ. Няблага было б напісаць пра гэта кнігу. Абсалютна ненавуковую, поўнасцю філасофскую, толькі маю. Магчыма, пра каханне».
Славамір адкінуўся на спінку крэсла. Ён адчуваў стому. На душы палагоднела. Натхняла ліставанне з Карынай. Ён ужо даўно ні з кім не размаўляў ад сэрца, нікому не спавядаўся. Было хораша. Ён працягваў пісаць.
— Раскажу табе пра адну зорку, перасякацца з арбітай якой мая арбіта ўпарціцца. У нашым двары ў доме насупраць жыве пуставатая асоба, якую завуць Анжэла. Яна таксама была ў маім сне. Днямі завітала да мяне пазычыць грошай, я не адмовіў. Пасля завітала яшчэ раз, заявіўшы, што дзесьці згубіла завушнічку і паўгадзіны поўзала па кватэры, згінаючыся і дэманструючы мне ўсё, чым адарыла прырода. А адарыла яшчэ як! Мне было сумна. Я слухаў «My Dying Bride» і піў піва, не звяртаючы на госцю ўвагі. Яна спрабавала пакрыўдзіцца, але, натрапіўшы на мой абыякавы позірк, адвярнулася і спыніла пошукі. Па вачах я зразумеў: атака паўторыцца. Так і ёсць. Сёння ізноў сустрэў гэтую прыліпалу. Не паверыш, яна працуе ў кнігарні, прадае ўсялякую дрэнь (чырванею ад сораму, я маю непасрэднае дачыненне да ТАГО тавара). Тлусты макіяж і выраз твару сведчаць, што за прылаўкам стаіць выключна дзеля заробку. Я папрасіў Анжэлу знайсці для мяне «Прыбой і Берагі» Эйвінда Юнсэна. Упэўнены, яна ніколі не чула пра такога пісьменніка. Яшчэ і выгляд робіць, быццам разумее штосьці пра аўтарскае права!