— Чаму ты так адзываешся пра Анжэлу?
— Надакучыла яна смяротна. Жаданне мець з ёю адносіны згасае прапарцыянальна яе намаганням прыручыць мяне. Я — адзінокі воўк, якому і адзінота абрыдла, і свабоду губляць не хочацца. Пакуль сур’ёзныя адносіны не для мяне.
Карына доўга не пісала нічога ў адказ. Потым замігцеў жоўты канверцік.
— Можа, ты не разгледзеў Анжэлу як мае быць? Запрасі яе на спатканне. Перастань бачыць у ёй назолу, пастаўся да яе як да жанчыны.
— Ну, як да жанчыны я паспеў ужо аднесціся.
— Яна можа аказацца не такой ужо з’едлівай сцервай.
— Гэта выключана. Мне непрыемна жанчына, якая сама прапануе ўзяць яе замуж. У нас з ёй так і было. Мужчына — заваёўнік на генетычным узроўні. Інстынкт падказвае самому пакарыць сваю жанчыну. А калі трафей сам сябе прынёс на талерцы, ён ужо не ўяўляе аніякай вартасці.
— Усё зразумела. Мне пара ісці. Да сувязі.
— Чакай, я цябе пакрыўдзіў?.. Выбачай. Ты мне падабаешся, і я хачу быць шчырым з табой.
Карына зноў прымоўкла. Жаночая салідарнасць, аказваецца, таксама існуе. Славамір ужо шкадаваў, што дрэнна аказваўся пра Анжэлу. Сапраўды, навошта дзяў чыне, якая табе падабаецца, слухаць, які ты цынік у адносінах да жанчын увогуле?
Ён пакруціў у руках «Сусветныя таямніцы» і адклаў убок. Потым патупаў на кухню і заварыў зялёнай гарбаты. Праз колькі хвілін мігценнем жоўтага канверціка праграма паведаміла пра новае пісьмо.
— Заўтра ў Доме культуры афіцэраў канцэрт Кіпелава, — пісала Карына. — У мяне два білеты. Можам сустрэцца.
Славамір з радасцю пагадзіўся.
***
На месца сустрэчы Славамір прыбыў у джынсах і скураной куртцы. Вераснёўскае надвор’е сапсавалася, дзьмуў халодны вецер, і такое адзенне было ў самую пару. Падцягвалася моладзь, доўгавалосыя юнакі, дзяўчаты, амаль усе ў касухах, у джынсоўках. Непадалёк сумаваў міліцэйскі патруль.
— Прывітанне, пісьменнік!
Да Славаміра падбегла Анжэла. Ён зморшчыўся: сустрэча з нядаўняй каханкай мусіла сапсаваць усю карціну.
— Чакаеш кагосьці?
— Сонейка, — Славамір падабраў патрэбнае слова. — Ты мне перашкаджаеш.
— Давай адгадаю. У цябе спатканне з дзяўчынай, так?
Анжэла была апранута ў скураныя штаны, боцікі на шпільках і кароткую камізэльку з чорнай замшы. Увесь яе выгляд патыхаў готыкай.
— Калі і так?
Сяброўка заўсміхалася.
— Вось не чакала, што ў старога халасцяка хтосьці ёсць.
— Не зусім яшчэ і старога, — мякчэйшым тонам адказаў Славамір.
— Слова даю, яна не прыйдзе, — раптам зазначыла Анжэла.
Сябар запытальна выгнуў бровы.
— Ты зануда, як і ўсе халасцякі.
Славамір уздыхнуў і адмахнуўся. Потым развярнуўся і павольна пакрочыў убок, заклаўшы рукі ў кішэні джынсаў.
— Пачакай! У мяне ёсць два квіткі на канцэрт, — выгукнула ўслед Анжэла. — Я таксама не дачакалася свайго кавалера, хадзем разам!
— Ды ну цябе, — прашаптаў Славамір, не азіраючыся.
Абцасікі пацокалі па тратуары ў процілеглым накірунку.
Славамір дастаў з кішэні мабільнік і зірнуў на час. Дзіва, што Карына не дала яму свой нумар. Хвілін праз трыццаць ён паўтарыў дзеянне. Канцэрт пачаўся ўжо. Дзяжурныя міліцыянеры чагосьці чакалі: мажліва, беспарадкаў і гвалту, мажліва, канца дзяжурства. Сям-там з’яўляліся людзі ў рокерскіх строях. Яны палілі цыгарэты і гучна размаўлялі. Карына так і не з’явілася.
Зрабілася сумна. Праз хмары прабіўся на імгненне адзінокі сонечны промень. Славамір пачакаў яшчэ крыху і пакрочыў да ўвахода ў метро. Ён заўсёды аддаваў перавагу гэтаму транспарту.
«Я свободен, словно птица в небесах», — пеў наўздагон Кіпелаў.